Свята на зямлі – з думкамі аб небе…
У гонар Дня ваенна-паветраных сіл традыцыйная сустрэча лунінчан пачалася каля помніка двойчы Герою Сацыялістычнай Працы П.В. Сухому.
Удзельнікаў мітынгу павіншаваў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Уладзімір Жураўлёў. Былыя авіятары (многія – у параднай форме) пранікнёна дзяліліся ўспамінамі аб лётнай службе. Цяперашнія ваеннаслужачыя шчыра жадалі здароўя і бадзёрасці духу баявым сябрам папярэдняга пакалення. Ад грамадскасці слова трымалі кіраўнікі раённых структур: савета ветэранаў вайны і працы – Надзея Лазіцкая, арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане – Мікалай Кавалец, “пярвічкі” ветэранаў органаў пагранічнай службы – Сяргей Сойка.
Па просьбе грамадскасці нагадала аб лётчыках Першай сусветнай вайны, якія пахаваны на пагосце Лунінскага храма, аб біяграфіі Паўла Восіпавіча Сухога, які 100 год таму працаваў у Лунінцы настаўнікам матэматыкі.
Былі ўскладзены кветкі і вянкі да помніка славутаму авіяканструктару, а пазней, на могілках, – і да стэл Героям Савецкага Саюза Івану Пяцяры і Мікалаю Давыдаву. Лётчыкі, здзейсніўшыя подзвігі ў Вялікую Айчынную, загінулі, 28-гадовымі, у мірны час, але памяць аб іх свята захоўваецца сучаснікамі.
Прафесійнае свята авіятараў сёлета супала з днём Прэабражэння Гасподняга. Каля помнікаў адбываліся ўрачыстыя цырымоніі, а ва ўсіх храмах правіліся Боскія літургіі, дзе гучалі малітвы: у памяць пайшоўшых (быццам замест хвіліны маўчання) – і ў славу жывучых. Рознаўзроставыя ўдзельнікі мерапрыемства раз-пораз узнімалі вочы ў нябесны блакіт – з удзячнасцю за радасць згуртавання аднадумцаў і спадзяваннямі на новыя сустрэчы.