Источник материала:  
21.08.2018 — Разное

У гэтым годзе ў нашай таленавітай зямлячкі, паэткі, аўтара шматлікіх вершаў і песень, члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Наталлі Азаранкі двайны юбілей: 30-годдзе творчай дзейнасці, а таксама асабісты юбілей, які супаў з Годам малой радзімы.

Нарадзілася Наталля 22 жніўня 1973 года ў в. Баронькі ў шматдзетнай сям’і. Яна была самай малодшай, пятай, дачкой. Пісаць вершы пачала яшчэ ў школе. У 1988 годзе з’явіліся першыя публікацыі ў раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны». Пасля заканчэння Баронькаўскай сярэдняй школы дастаткова складанай, але цікавай стала для яе вучоба ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме імя А. С. Пушкіна. Там, акрыленая першай закаханасцю, напісала радкі пра светлыя пачуцці. Пасля заканчэння тэхнікума – праца загадчыцай Глінскай сельскай бібліятэкі Чэрыкаўскага раёна акунула яе ў рэальнасць. Выселены Чарнобылем край прымусіў не па-дзіцячаму пагля-

дзець на жыццё. Першыя дарослыя радкі былі і застануцца назаўсёды болем душы за лёс роднага краю.

Праз некаторы час па волі лёсу Наталля вяртаецца ў бацькоўскі дом, дзе сур’ёзна бярэцца за паэзію. Шмат чытае, самастойна асвойвае навыкі вершаскладання, рыфмоўкі, строфікі. Яе новыя творы публікуюцца ў раённай газеце.

Наталля уладкавалася на работу ў раённы Цэнтр культуры. Гэта стала стартавай пляцоўкай для новых творчых дасягненнеў. Вершы  паэткі пачалі  актыўна друкавацца ў раённай газеце  «Голас Касцюкоўшчыны», газетах: «Знамя юности», «Вместе», «ЛіМ», а таксама ў часопісах «Нёман» і «Алеся», ва ўсебеларускім літаратурна-мастацкім альманаху «Гоман».

Лепшыя на той момант творы ўвайшлі ў два зборнікі вершаў паэтаў Касцюкоўшчыны: «Крыніца душы» і  «Крыніцы душы»; зборнік вершаў «Давайте говорить стихами» – у ліку аўтараў, якія друкаваліся ў газеце «Знамя юности».

Наталля Азаранка прымала ўдзел у Міжнародным маладзёжным фестывалі творчасці і спорту інвалідаў «Тэмп», які праходзіў у Беларусі ў 2005 годзе;  пастаянна ўдзельнічала ў абласным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» , дзе прызнана адным з самых яркіх талентаў Касцюковіцкай зямлі; на чарговым мерапрыемстве  ў 2011 годзе Наталля Азаранка першая ў раёне стала лаўрэатам спецыяльнай раённай прэміі імя Івана Чыгрынава «За духоўнае адраджэнне беларускай мовы і літаратуры». У 2012 годзе стала ўладальніцай Дыплома І ступені ў намінацыі «Аўтар слоў» І абласнога свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» . У 2014 – Дыплома ІІІ ступені ў той жа намінацыі.

Вершы Наталлі лёгка кладуцца на музыку, з’яўляючыся самай сапраўднай знаходкай як для мясцовых, так і знакамітых прафесійных кампазітараў. Многія з іх  прымалі ўдзел у фестывалях і конкурсах, дзе займалі прызавыя месцы. Так, песня «Здымак земляка» (музыка Людмілы Несцеравай) заняла другое месца на абласным конкурсе патрыятычнай песні імя Лёні Лорчанкі ў 2005 годзе ў г. Круглае; верш «Мая Бацькаўшчына» заняў першае месца на раённым конкурсе творчых работ, прысвечаных святкаванню 500-годдзя з дня заснавання горада Касцюковічы.

Песні на яе словы ахвотна ўключаюць у свой рэпертуар народныя калектывы Касцюковіцкага рённага Цэнтра культуры: «Касцюковічы» (муз. А. Казлова) – народны вакальна-інструментальны ансамбль «Этыкет»; «Прывітальная» (муз. Л. Гіркінай) – народны ансамбль народнай песні «Калініца»;  «Два крыла» (муз. А.Ісакавай), якая стала гімнам абласнога фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», – народны вакальны ансамбль «Альянс», народны ансамбль «Бліскавіца»;  вакальны ансамбль «Гарачыя сэрцы» раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ужо некалькі гадоў выконвае гімн сваёй установы на вершы паэткі. Словы гімна сярэднеадукацыйнай школы  № 2 г. Касцюковічы таксама напісала  Наталля. Яна з’яўляецца аўтарам шматлікіх прыпевак, якія выконваюць мясцовыя спявачкі.

У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага ансамблю «Песняры» ёсць песня  на словы Наталлі. Музыка на верш «Ляці, мая песня», напісана кіраўніком ансабмля Вячаславам Шарапавым. Упершыню гэта песня прагучала і стала фінальнай на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2009» у г. Кобрыне.

Наталля Азаранка – жанчына, якая… паэт. Паэт па прызначэнні неба, па прызванні, па стане душы,  таму што яе паэзія незвычайная, не падобная ні на чыю і сапраўды прафесійная.

←ЧЕМ ЖИВЕШЬ, СЕЛЬСОВЕТ 22.08.2018Г.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика