Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада

Источник материала:  
21.08.2018 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва ўрада. Адпаведныя кадравыя рашэнні агучыў кіраўнік дзяржавы.

Прэм’ер-міністрам Беларусі назначаны Сяргей Румас, які да гэтага часу ўзначальваў Банк развіцця.

Першым намеснікам прэм’ер-міністра назначаны Аляксандр Турчын, да гэтага часу кіраўнік Апарату Савета Міністраў. Намеснікам прэм’ер-міністра назначаны Ігар Ляшэнка. «Ён знаходзіцца ў камандзіроўцы, ён у курсе справы. Будзе курыраваць пытанні, якімі займаўся Уладзімір Сямашка», — сказаў Прэзідэнт. Да гэтага часу Ігар Ляшэнка ўзначальваў канцэрн «Белнафтахім».

Намеснікам прэм’ер-міністра таксама назначаны Уладзімір Кухараў. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні КДК. «Ён будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту. Гэта аснова. А далей вам вызначаць ва ўрадзе, як вы размяркуеце гэтыя абавязкі», — растлумачыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, намеснікам прэм’ер-міністра назначаны Ігар Петрышэнка, які да гэтага часу быў паслом Беларусі ў Расіі. Ён будзе адказваць за сацыяльную сферу — ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт.

Міністрам архітэктуры і будаўніцтва назначаны Дзмітрый Мікулёнак.

Міністрам прамысловасці — Павел Уцюпін. «Ведаеце сферу. Вы там, па-мойму, гадоў пяць прапрацавалі. І вельмі добра, што вы папрацавалі і ў Міністэрстве эканомікі. Для вашай будучай работы гэта проста цудоўна», — адзначыў беларускі лідар.

Міністрам сувязі і інфарматызацыі назначаны Канстанцін Шульган. «Чалавек дысцыплінаваны, ваенны, вельмі добра ведае гэту сферу, і асабліва перспектыву развіцця, звязаную з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стварэннем вялікай удзельнай вагі ў сферы ІТ», — ахарактарызаваў новага міністра кіраўнік дзяржавы.

Міністэрства эканомікі ўзначаліць Дзмітрый Крутой. «Вельмі хацелася б, каб Міністэрства эканомікі (вы гэту арганізацыю добра вывучылі) набыло новае дыханне і было прыстасавана да новых рэалій. Гэта вельмі важна», — сказаў Прэзідэнт.

Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта назначаны Раман Галоўчанка. «Вы там працавалі, добра ведаеце гэту сферу. Вельмі добра, што вы папрацавалі на пасадах пасла ў розных краінах. Усё астатняе для таго, каб працаваць у ВПК, у вас ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«На парадку дня гэтыя пытанні стаяць даўно. Прынамсі, перада мной як Прэзідэнтам. А апошнім часам яны набылі асаблівае гучанне ў сувязі з мерапрыемствам на ўсходзе Беларусі. Тады мной было прынята рашэнне абнавіць наш урад, асабліва кіраўніцтва. Было даручана кіраўніку Адміністрацыі правесці кансультацыі з адпаведнымі службовымі асобамі, вярнуцца да рэзерву кадраў Прэзідэнта, правесці кансультацыі з кіраўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці нашай краіны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Вы цудоўна ведаеце, што такое грамадзянская супольнасць у Беларусі. Гэта не тыя, хто ходзіць па плошчах і балбоча. Гэта кіраўнікі нашай жаночай арганізацыі, маладзёжнай арганізацыі, прафсаюзаў і ветэранскай арганізацыі… Як мне было даложана, такія кансультацыі былі праведзены. І тыя кандыдатуры, якія абмяркоўваліся з кадравага рэестра, паводле маёй інфармацыі, былі падтрыманы і адобраны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Я не стану перад вамі разгортваць якую-небудзь праграму. Усе вы з ёй знаёмы, і як эксперты вы ўсе прымалі ўдзел у фарміраванні гэтай праграмы, не гаворачы ўжо аб цяперашнім прэм’ер-міністры. Гэта чалавек, які папрацаваў у розных сферах, — сказаў Прэзідэнт. — Ён мае свой пункт гледжання. Я паважаю, я яму даручаў шмат канкрэтных пытанняў па-за яго сферай, і яны заўсёды выконваліся».

«У мяне вялікія надзеі на вас. І мы сапраўды праз нейкі час і да выбараў прыйдзем — і да парламенцкіх, і да прэзідэнцкіх — гэта наш экзамен. І мне хацелася б, каб мяне ні ў якім разе не папракнулі за дрэнную вашу работу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы — пальцы на маіх руках. І кожны баліць у мяне аднолькава. Вы мае «дзеці». Я за вас адказваю», — вобразна выказаўся кіраўнік дзяржавы.

«Справа не толькі ў Оршы» — Лукашэнка растлумачыў кадравыя рашэнні

«Калі я прымаў рашэнні ў Оршы, многія або асобныя ў грамадстве гэта ўспрынялі як нейкае спантаннае рашэнне. А некаторыя так падумалі, што, можа, не варта было за адно мерапрыемства Аршанскага рэгіёна так строга крытыкаваць урад. Дык вось я хачу сказаць: справа не толькі ў Оршы. Гэта апошняя кропля, якая перапоўніла чашу цярпення. Галоўнае — у глыбіні. І вы, людзі, недалёкія ад урада (а некаторыя працавалі на гэтых пасадах, няхай не на першых ролях), разумееце, што не можа быць ніякіх рознагалоссяў і розначытанняў у правядзенні курсу развіцця нашай краіны», — заявіў беларускі лідар.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі ўзяты пэўны курс. «Згодна з канстытуцыяй краіны Прэзідэнт у сваёй перадвыбарнай праграме абвяшчае гэты курс. І людзі зыходзячы з гэтага галасуюць. І нікому не дазволена падманваць людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«А ў нас ва ўрадзе, не буду называць прозвішчы, было так: давайце мы вось курс гэты заявім, а потым будзем праводзіць іншы курс (у іншых жа краінах так робіцца). Так у мяне ніколі не было і не будзе! Тое, што мы людзям абяцалі, а ўрад быў створаны менавіта пад гэты курс, той курс павінен і праводзіцца. І галоўнае ў нашай палітыцы — народ. Гэта ніякі не папулізм. Я заўсёды гэта казаў і кажу. У адваротным выпадку нам у гэтай краіне рабіць няма чаго. Людзі — гэта галоўнае», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дысцыпліна, прыстойнасць, з’яднанасць, сістэма ўлады, строгасць яе, нацэленая на дысцыпліну і прафесіяналізм, — гэта фактар ​​незалежнасці краіны.

«Таму другі напрамак — гэта незалежнасць, забеспячэнне гэтай незалежнасці. Мы будзем незалежнымі, калі ў нас эканоміка будзе развівацца так, як трэба. Калі мы абвалім эканоміку, ніякай незалежнасці быць не можа. Ніякае словаблудства не выратуе нас ад разбурэння», — сказаў кіраўнік дзяржавы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя ва ўрадзе пачалі разумець гэта інакш, маўляў, давайце хутчэй прыватызуем дзяржаўную ўласнасць, хутчэй распрададзім. «І прытым ніхто не супраць прыватызацыі. Было дакладна мною вызначана. Па кожным прадпрыемстве, малым або вялікім, па працоўных калектывах — там людзі жывуць і працуюць — мы павінны вызначацца, перш чым прадаваць акцыі гэтага прадпрыемства», — дадаў беларускі лідар. У тым ліку трэба вызначацца па пытаннях, на якіх умовах прыйдуць новыя інвестары, што будзе з прадпрыемствам і яго работнікамі.

«Ці выкінуць яны палавіну на вуліцу людзей, як некаторыя прыходзяць да мяне інвестары і кажуць, што такая колькасць не патрэбна: «Мы гэтых звальняем, пакідаем ад буйной кампаніі кукіш, як у народзе кажуць». Такая прыватызацыя ў Беларусі не пройдзе, такая прыватызацыя нам не патрэбна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы што, хочам пайсці па шляху нашых суседзяў? Дык яны ўжо асудзілі такую прыватызацыю, якая праводзілася ў 90-я», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі быў вызначаны курс на паступовую мадэрнізацыю і ўдасканаленне таго, што ёсць. «А тое, што ў нас ёсць сёння, вырабляе тое, што запатрабавана на рынку. Дык чаму ад гэтага адмаўляцца?» — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Ён прывёў у прыклад сельскую гаспадарку, адносна якой раней гаварылі, што ў гэту сферу дарэмна ўкладваюцца сродкі. «Сёння ўсе гавораць: ведаеце, сельская гаспадарка выратавала краіну, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Комплексы малочнатаварныя будавалі, перараблялі дапатопныя фермы. Сёння ўсе гавораць: малочка — гэта золата. Гэта не мае словы, гэта словы спецыялістаў».

Аналагічная сітуацыя і ў выпадку мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны. «Сёння яны асноўны драйвер развіцця нашай эканомікі. Па-мойму, 124-125% росту да ўзроўню мінулага года паказваюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вось такая паступовая спакойная мадэрнізацыя павінна быць. І калі ўжо давядзецца нешта прадаваць з сельскай гаспадаркі або дрэваапрацоўкі, цана гэтым прадпрыемствам будзе значна вышэйшай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Але самае галоўнае — з першых сваіх крокаў, з’яўляючыся Прэзідэнтам, яшчэ зялёным Прэзідэнтам у тыя гады, дакладна было сказана: ніякай шокавай тэрапіі, ніякіх шокаў быць не павінна. Таму што шок — гэта рэзаць па жывым людзей. Я на гэта ніколі не згаджаўся і ніколі не пайду. Рэзаць па жывым нікому ў Беларусі не дадзена. У нас, па-першае, людзі іншыя, яны прывыклі да сумленнасці і справядлівасці. Яны такую палітыку не ўспрымуць. Не, ва ўрадзе не так, дык гэтак трэба агулам прасунуць гэты шок. І мне давялося пастаянна спыняць урад», — сказаў Прэзідэнт.

У той жа час даручэнне ўраду дасягнуць хаця б Br1 тыс. сярэдняй зарплаты па краіне «ў іх наогул выклікала паніку, што гэта недапушчальна», расказаў кіраўнік дзяржавы. «Аказваецца, дапушчальна. Нават пры тым курсе, які яны спрабавалі навязаць нам у Беларусі. Але колькі крыві папсавалі для таго, каб (асабіста мне давялося гэта рабіць) пераканаць урад, што людзі хаць б няшчасную тысячу рублёў сярэднюю зарплату ў краіне павінны мець. Што трэба падцягнуць у гэтым годзе самыя нізкааплатныя слаі (нянечкі ў дзіцячых садах, медыцынскія сёстры і нянечкі ў бальніцах, якія носяцца з дзецьмі і з намі, калі мы прыхварэем, людзі культуры, сацыяльнага абслугоўвання). Іх трэба сёння падцягваць вышэй. Адны фармулёўкі «мы не можам», «мы не павінны», «абваліцца курс», «абваліцца краіна», «абваліцца ўсё», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

«Добра, я прапанаваў альтэрнатыву. Давайце тады разам з вамі будзем мець тую зарплату, якую маюць гэтыя няшчасныя нянечкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, на гэту прапанову была наступная рэакцыя: «Ды не, ва ўрадзе гэта немагчыма, трэба менеджарам ва ўрадзе павышаць заработную плату, і чым вышэй, тым лепш яны будуць працаваць. Дык што ж гэта за справядлівасць?» — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

«Далей — больш. Вядзём перагаворы з міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасці з МВФ. Зразумелы іх патрабаванні. Міжнародны валютны фонд праводзіць пэўную палітыку, і тут нікуды не дзенешся», — адзначыў Прэзідэнт.

Разам з тым нават не з падачы МВФ, а з «падачы дзеячаў ва ўрадзе» пачалі гучаць прапановы аб тым, каб ігненна павысіць да 100% аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ, прыватызаваць усю дзяржуласнасць. «Што мы атрымалі б? Мінімум — нездаволенасць народа і неплацяжы. Людзі не змаглі б аплаціць той узровень камунальных паслуг, які быў бы прад’яўлены. Таму дакладна быў дадзены мною адказ на гэта пытанне ў ходзе яшчэ перадвыбарнай кампаніі: па меры росту заработнай платы мы будзем пакрыху павялічваць плату за камунальныя паслугі з боку насельніцтва. І дамовіліся — $5 штогод. Не, гэтага мала, і пачынаецца валакіта на ўвесь свет. Вяліся перагаворы з МВФ. Прэзідэнт ставіць адну задачу, а тут зноў спрабуюць прасунуць ва ўрадзе, ды і Нацыянальным банку, не кіем, дык палкай гэту так званую ліберальную пазіцыю, бесталковую пазіцыю», — адзначыў беларускі лідар.

Ён расказаў, што яму давялося ўмешвацца, запрашаць прадстаўнікоў МВФ і заяўляць ад імя Беларусі, якім шляхам краіна будзе рухацца далей і весці перагаворы з міжнароднымі арганізацыямі. «І, паглядзіце, многія міжнародныя арганізацыі і банкі, ЕБРР разумеюць нас, крэдытуюць. Таму што мы абавязковыя людзі. Калі мы пазычылі, мы вяртаем гэтыя сродкі. І ніякай валакіты», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

«Але валакіта і безадказнасць сталі краевугольным каменем работы ва ўрадзе. Толькі засталося павесіць пад імі лозунг: «Мы самыя разумныя і вялікія!» На любую прапанову, якая датычыцца жыцця нашага грамадства і жыцця нашых людзей, — адказы: «гэта не можам», «гэта не патрэбна», «задушыць» і гэтак далей. Гэты курс недапушчальны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што да некаторага часу гэта было цярпіма. «Але калі перасталі выконваць даручэнні, якія дадзены Прэзідэнтам публічна, калі ў выніку народ глядзіць і думае: дык Прэзідэнт жа даручыў, чаму ж яго ўрад не выконвае… Вось гэта і было апошняй кропляй, якая перапоўніла гэту чашу», — заявіў Прэзідэнт.

«Прытым я паводзіў сябе абсалютна сумленна ў адносінах да гэтых службовых асоб. Два гады таму паставіўшы задачу, я два гады паўтараў ім і расказаў ужо, што трэба рабіць. Атрымліваецца так: задачу Прэзідэнт паставіў, потым расказаў, як выконваць гэту задачу… Бачыць, што не выконваецца, — пайшоў выконваць сам. У такім выпадку навошта такі ўрад?» — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: ажыццяўляць дыктатуру ў Беларусі проста нерэальна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 жніўня пры назначэнні новага кіраўніцтва ўрада і міністэрстваў.

«Я ўжо гаварыў, што ўважліва адсочваю рэакцыю грамадства на мае рашэнні. Ды і ў мяне ўжо даўно выпрацавалася прывычка з першых дзён арыентавацца на тое, якога меркавання людзі аб тым курсе, што праводзіцца ў краіне», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, зразумела, меркаванні ёсць розныя. «Мы жывём у дэмакратычнай краіне. Прытым заціснуты двума дэмакратычнымі блокамі з захаду і з усходу. На поўдні ў нас наогул дэмакратыя далей няма куды. І ажыццяўляць нейкую дыктатуру ў Беларусі — гэта проста нерэальна. І тыя, хто такія рэчы заяўляе, — гэта смехатворна. Але парадак у краіне заўсёды быў, і ён будзе», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка: ад выпуску няякаснай прадукцыі шкоды не менш, чым ад карупцыі

«Ёсць у мяне пісьмы некаторыя. Мне прэс-служба паклала. З імі (пісьмамі і выкладзенымі ў іх фактамі. — Заўвага БЕЛТА) трэба разабрацца, дзе пішуць расіяне, рэагуючы на тое, што я пакрытыкаваў Расію за тое, што яны нас блакіруюць і не даюць нам роўных канкурэнтных магчымасцей. Яны там аб нашай тэхніцы выказваюцца. Купіў тое, купіў гэтае… дрэнна працуе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Зразумела, гэта жалеза. Не ўсюды нават жалеза вінавата: чалавек, можа, не так эксплуатаваў. Але ў гэтым ёсць сэнс. Я гаварыў аб якасці работы нашай прамысловасці перш за ўсё. Чаму не прад’яўляюць прэтэнзій да нашых прадуктаў харчавання… Ніхто не прад’яўляе ў Расіі. Наадварот, імкнуцца іх купіць. А асобныя віды тэхнікі крытыкуюць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай узяць гэта пытанне пад строгі кантроль: «Вінаваты калі хтосьці… Кожны буйны выраб маркіруецца, аддзел тэхнічнага кантролю або нейкія там кантралёры штампы ставяць… Глядзіце — калі вінаваты — вельмі строга».

«Вось таго трэба саджаць. Таму што яны (хто дапускае выпуск няякаснай або бракаванай прадукцыі. — Заўвага БЕЛТА) шкоды не менш прыносяць, чым гэтыя карупцыянеры і дрэнныя чыноўнікі.

Калі мы будзем вырабляць няякасную прадукцыю, грош цана нашай краіне, а тым больш нашай эканоміцы. Якасць — гэта галоўнае пытанне», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ад «разносу» ўраду да выбараў і міжнароднай палітыкі — Лукашэнка адказаў на крытыку ў СМІ і інтэрнэце

«Я абяцаў адрэагаваць на некаторыя заўвагі нашага грамадства ў СМІ, інтэрнэце. Бяру негатыў. Я ўжо гаварыў, што 90% насельніцтва абсалютна адэкватна падтрымліваюць гэтыя рашэнні. Але я бяру негатыў, які там прагучаў. Асабліва ў інтэрнэце, ведаю, хто гэта піша. Вядома, гэта тыя, якія, можа, за гэтага Прэзідэнта і не галасавалі. Але тым не менш гэта частка нашага грамадства. Гэта грамадзяне Беларусі. І не грамадзяне, асабліва расіяне і ўкраінцы. Таму я адсачыў разам з прэс-службай ўсю гэту інфармацыю. І коратка хачу адказаць», — сказаў Прэзідэнт.

Пра «разнос» ураду

«Некаторыя кажуць, вось, Прэзідэнт зрабіў разнос. Нейкая паказальная лупцоўка, кадравыя чысткі. Ніякі разнос, ніякія чысткі Прэзідэнту нявыгадныя. Таму што ўрад фарміруе Прэзідэнт. Так, ён кансультуецца, вывучае гэтыя кандыдатуры з грамадскімі арганізацыямі… Але ўказ падпісвае Прэзідэнт па назначэнні членаў урада. І што, вы хочаце сказаць, што я назначыў гэтых членаў урада для таго, каб разнос зрабіць? Гэта значыць самому сабе. Таму Прэзідэнту ну ніяк не выгадна мець такі ўрад, якому трэба рабіць разнос», — заявіў беларускі лідар.

«Але калі ўрад, назначаны Прэзідэнтам, не тое што не праводзіць той курс, які абазначаны, які народам выпакутаваны і падтрыманы гэтым урадам публічна, ды яшчэ не выконвае рашэнні Прэзідэнта… Якая павінна быць мая рэакцыя? Я што, павінен збоку глядзець?» — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

«У нас ёсць прыклады недалёка, калі ўсе глядзяць збоку і нічога не робяць. І вы ведаеце, якая рэакцыя народа», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра «папулізм»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя намякаюць на выбары і кажуць аб тым, што прынятыя рашэнні — гэта папулізм. «Я калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія… Аказваецца, у нас у 2020-м годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ паўтэрміну. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра або паслязаўтра. Але я ўжо на гэта пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзём строга па Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння або заўтра праводзіць прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Дурасць несусветная!» — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пра «прыгавор сістэме»

«Некаторыя глыбей глядзяць: «Гэта — прыгавор сістэме». Гэта значыць, сістэма ўлады, палітыка ўнутры краіны не тая, сістэма дрэнная», — расказаў Прэзідэнт пра некаторыя каментарыі людзей.

«Гэта камусьці хочацца, каб быў такі прыгавор сістэме. Ці, як некаторыя кажуць: «Сістэма пахіснулася». Дык вось гэтыя рашэнні якраз і прыняты, каб сістэма не пахіснулася», — заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, іншай сістэмы ў Беларусі няма, і ніхто не прапанаваў іншай сістэмы і ўлады, і развіцця Беларусі ўзамен той, якая існуе. «Адна балбатня», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«І потым, я ўжо таксама звяртаў увагу. Бо, калі я прымаю нейкія рашэнні, даю ўказанні, гэта не экспромт. Гэта выпакутаваныя рашэнні разам з урадам, з вамі», — сказаў Прэзідэнт.

«Альтэрнатывы ніхто не прапанаваў», — канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што некаторыя гавораць пра неабходнасць прыцягваць на дзяржпасады кіраўнікоў са сферы бізнесу. «Няважна адкуль. Галоўнае, каб ён быў прафесіяналам, дасведчаным чалавекам. І калі ты ідзеш ва ўрад, ты хаця б уяўляць павінен сістэму гэтага ўрада», — лічыць Прэзідэнт.

Гучаць таксама прапановы аб’явіць адкрыты конкурс на пасады ва ўрадзе. «Мы нагледзеліся ў краінах Усходняй Еўропы, у Расіі іх праводзілі, ва Украіне, мы наглядзеліся на гэтыя конкурсы. І што?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што патрэбны дасведчаныя людзі, якія ўмеюць нешта рабіць.

Пра назначэнне «блізкіх да сябе»

«Некаторыя кажуць, што Лукашэнка цяпер назначыць «блізкіх да сябе». Слухайце, я да прэзідэнцтва Сяргея Мікалаевіча (Румаса) наогул не ведаў. Ведаў яго бацьку. Малайчына, дужы быў чалавек. І ўважліва да яго (Сяргея Румаса) прыглядаўся, некалькі разоў яму гаварыў сваё меркаванне пра яго бацьку. Пра Турчына я атрымаў уяўленне, калі даручыў развіваць IT-сферу. І пра многіх іншых… І няхай Кухараў не думае, што ён проста так перамясціўся ў Камітэт дзяржкантролю, а потым вярнуўся назад. Ды не, гэта мая практыка правяраць людзей у розных іпастасях. І тое, што ён пабыў у Камітэце дзяржкантролю, тое, што ён убачыў праз прызму КДК развіццё нашай эканомікі, усе недахопы ўбачыў — гэта добра, вопыт. Што Петрышэнка разам з Сяргеем Мікалаевічам займаліся фарміраваннем ЕАЭС, добра ведаюць галоўнага нашага эканамічнага і палітычнага партнёра — Расію — гэта таксама вельмі важна. Ім давядзецца займацца гэтымі пытаннямі», — расказаў Прэзідэнт аб тым, па якіх крытэрыях ажыццяўляўся падбор кандыдатур.

Аналагічна і ў дачыненні да Рамана Галоўчанкі, які раней працаваў у ваенна-прамысловым комплексе, а затым на дыпламатычных пасадах.

«Таму няма тут выпадковых людзей! Які тут яшчэ конкурс можа быць? Што, такіх як Петрышэнка і Галоўчанка, куча, пад трыста чалавек, каб паміж імі конкурс праводзіць? Гэта вырашчанае новае пакаленне кіраўнікоў. І дай бог, каб мы не памыліліся, і вы былі адданымі і надзейнымі людзьмі, каб не здарылася, як у нас у сістэме аховы здароўя: карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе. І прытым дабрабыт свой забяспечвалі за кошт росту цэн на лякарства і тэхніку, якую мы закуплялі ў бальніцы. Гэта значыць, залезлі ў кішэнь людзей. Гэта вышэйшая ступень карупцыі!» — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Ніякай блізкасці, ніякай любові ў мяне да маіх падначаленых ніколі не было. Так, я паважаю людзей, якія аддаюць сябе цалкам справе. Якія выконваюць, можа, нават і неўласцівыя для іх функцыі. Таму што яны любяць сваю краіну і народ. Вось калі вы ўсе будзеце хаця б так, як я, любіць нашу Беларусь і наш народ, у нас з вамі атрымаецца работа», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пра «жаданне паказаць або паказацца Пуціну»

«Некаторыя, асабліва расіяне, плявузгаюць, інакш не скажаш: «Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну». Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся аб нашых узаемаадносінах. У нас самыя развітыя адносіны — у саюзе Беларусі і Расіі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створана пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны», — сказаў Прэзідэнт.

«Але што мы хочам ад Расіі? Калі Расія падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта выконвалася бездакорна. І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: «Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расіі і Беларусь туды скінуць».

«Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расіяй і вырашаць нашы агульныя задачы без усялякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна. Мы ад аднаго кораня — беларусы, расіяне і ўкраінцы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расіяй, — канфлікт гэты. Нам гэта не патрэбна. І Расіі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў памеры 1 тыс. км з усходу на захад — гэта Беларусь. Расія мае патрэбу ў стабільнай Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Расія баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад.

«Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны богам быць тут — у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мастом паміж Усходам і Захадам», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі бліскучыя адносіны не толькі з Расіяй, але і, напрыклад, з КНР. «Захад — гэта наш сусед. Суседзяў не выбіраюць. І мы павінны з імі выбудоўваць добрыя адносіны. Там тэхналогіі. Там ёсць свабодныя інвестыцыі, што яны і ажыццяўляюць у Беларусі. Тое ж самае — КНР. Цяпер з магутнай Індыяй выбудоўваем адносіны, яны інвесціруюць сюды», — прадоўжыў беларускі лідар.

«І потым, калі некаторыя расіяне нас увесь час папракаюць, што мы з Захадам размаўляем, дык, я думаю, трэба на сябе паглядзець. Напэўна, больш, чым Расія, ніхто не імкнецца на Захад або наладзіць адносіны з Захадам і з Амерыкай. Дык у чым вы нас папракаеце?» — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Таму быць беларуска-расійскім адносінам на самым высокім узроўні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы ніколі не будзем разбураць ні адно інтэграцыйнае аб’яднанне. Прабачце за нясціпласць, я быў ініцыятарам многіх гэтых інтэграцыйных аб’яднанняў, яшчэ пачынаючы з часоў Ельцына, і адмаўляцца ад гэтага я не маю намеру. Але калі нас штурхаюць нагамі, мы вымушаны адказваць», — дадаў Прэзідэнт.

Пра прапановы «ўсіх саджаць, а не звальняць»

«Некаторыя нашы грамадзяне вельмі радыкальныя. І раяць Прэзідэнту: «Саджаць усіх трэба, а не звальняць». Вінаватыя сядуць. Але ў краіне павінен быць закон, і ўсё павінна быць у адпаведнасці з законам. І іх нямала ўжо пасадзілі — тых, хто парушае гэты закон. І гэты закон для ўсіх аднолькавы: і для чыноўнікаў, і для рабочых, і для вяскоўцаў, для спецыялістаў, настаўнікаў і ўрачоў… Усё будзе ў адпаведнасці з законам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што карупцыя недапушчальная. «І вас хачу аб гэтым папярэдзіць асабліва. Таму што заўтра вакол вам пачнуць віцца бізнесмены і іншыя, якія хочуць лёгкага жыцця. Вы з усімі сустракайцеся, размаўляйце, хадзіце з імі ў лазню, калі хочаце. Можаце з імі нават сто грам выпіць. Але помніце, што вы — людзі дзяржаўныя. Маральнае ваша аблічча і паводзіны на вачах у людзей. У мяне няма прывычкі хадзіць за чыноўнікам, і нават членам урада, глядзець, куды ён пайшоў. Хадзіце, куды хочаце. Гэта ваша права. Вы павінны бачыць, чым жыве грамадства, і вы жывяце ў гэтым грамадстве.

Але помніце: на любое парушэнне, асабліва хабар, карупцыйныя і іншыя праявы, будзе імгненная рэакцыя з майго боку, як бы мне балюча гэта ні было», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

«Але паверце, мне балюча больш, чым каму-небудзь. Таму што вы — мае «дзеці». Мне што, прыемна было гэтых людзей (з папярэдняга кіраўніцтва ўрада. — Заўвага БЕЛТА) звольніць? Дапусцім, Сямашка столькі прапрацаваў. І той жа Кабякоў — і там, і там… І Васіль Іванавіч Жарко. Але калі правалы ў рабоце… Калі ў Васіля Іванавіча Жарко карупцыянеры вакол… І я тройчы папярэджваў: паглядзі, разбярыся… А там — абвал… Як я магу працаваць з такім чалавекам?» — сказаў беларускі лідар.

Пра «навядзенне марафету»

Некаторыя перажываюць, што да майго прыезду, візіту ў той ці іншы рэгіён Беларусі марафет наводзяць. Хто дарогі мяняе, хто яшчэ нешта… Я скажу таксама па-народнаму: а як вы думалі? Калі да Качанавай або Сяргея Румаса прыходзіць госць, яны што, у доме не прыбіраюць? А тут жа Прэзідэнт прыехаў. Ён, можа, адзін раз у пяцігодку або ў два-тры гады да цябе прыедзе. І ты што, парадак не навядзеш? Ну, гэта наогул абуральная была б непавага да Прэзідэнта», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Ну і потым, тое, што будзе зроблена, яно ж там застанецца. Я ж з сабой гэта не забяру», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, недапушчальна толькі адно: калі наводзяць глянец з таго боку, адкуль пад’едзе Прэзідэнт. «Але вы ведаце маю практыку. Ніколі такога не было, каб я падышоў з боку гэтага глянцу і не зайшоў з адваротнага боку. Таму я ўсё бачу», — сказаў беларускі лідар.

«Але людзі павінны разумець, што дабрабыт, чысціня і парадак у горадзе, у вёсцы залежаць не толькі ад чыноўнікаў, але і ад саміх гэтых людзей, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Таму калі нехта да прыезду Прэзідэнта зробіць добрую справу, я буду толькі ўдзячны. Але гэта павінна быць планава, людзі павінны бачыць карысць ад гэтага, гэта не павінна быць паказушным. Ніякіх пацёмкінскіх вёсак у Беларусі няма і ніколі не будзе».

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Новые цветочные фотозоны украсили столицу "Дажынак - 2018" (+ видео)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика