Калі бяда не на пустым месцы
Пажары па прычыне дзіцячага свавольства маюць пад сабой моцную падставу. Часцей за ўсё дзеці, падлеткі не маюць ведаў па правільным, асцярожным абыходжанні з агнём. А гэта віна дарослых: бацькоў, настаўнікаў, выхавальнікаў. Які прыклад дарослыя дадуць дзіцяці, тое і атрымаюць у далейшым.
Папулярная прымаўка “Запалкі дзецям не цацка” правільная толькі ў тым выпадку, калі дзіця разумее сэнс гэтай фразы. Зразумела, запалкі – не цацка, а рэч неабходная і патрэбная. Трэба толькі правільна імі карыстацца: чыркнуць запалку аб пачак рухам “ад сябе”. Пры гэтым звяртаць увагу на тое, што побач: людзей або прадметы. Кавалак серы можа адскочыць і трапіць, скажам, на вопратку. Можна атрымаць і апёк.
Наступны момант: што трэба зрабіць з выкарыстанай запалкай? Каля газавай пліты павінна стаяць ёмістасць з вадой, куды і трэба іх складваць.
Вада і агонь – паняцці несумяшчальныя. Гледзячы на вас, дзіця зразумее прынцып правільнага, асцярожнага абыхо-джання з агнём і будзе яго прытрымлівацца.
Папярэджвайце пажары, дэманструючы дзецям, як трэба захоўваць правілы бяспекі дома. Не дазваляйце дзецям падыходзіць бліжэй за 1 метр да пліты, калі на ёй гатуецца ежа. Не перагружайце электрычныя разеткі. Штогод правярайце ацяпляльную сістэму і выкарыстоўвайце глыбокія попельніцы ці тушыце цыгарэты вадой, калі курыце.
Пакуль дзеці маленькія, нельга пакідаць іх без нагляду, патрабаваць ад іх выканання даручэнняў, з якімі яны яшчэ не могуць справіцца. Запалкі, запальнічкі трэба трымаць далей. Абавязак кожнага дарослага чалавека – спыняць усялякія гульні з агнём, тлумачыць іх небяспечнасць.
Часцяком дзеці, асабліва хлопчыкі, збіраюцца ў патаемных месцах: на гарышчах, у падвалах, хлявах. Такія памяшканні маюць невысокія столі, розныя закуткі, невялікую плошчу. Асвятленне звычайна там адсутнічае. Ліхтарыкі каштуюць дорага, таму дзеці асвятляюць “месца адпачынку” з дапамогай факела або вогнішча. Іскры ад іх трапляюць куды заўгодна. Пачатак гарэння не заўсёды ўдаецца заўважыць своечасова, і яно становіцца некантралюемым. Вось вам і пажар!
Паважаныя дарослыя! Вучыце дзяцей сваім станоўчым прыкладам пра-вільнага абыходжання з агнём, паведамляйце ім пра магчымыя наступствы свавольстваў, не пакідайце іх саміх!
Існуе некалькі пытанняў, на якія ваша дзіця павінна ведаць правільны адказ
– Што трэба рабіць, калі ўзнік пажар у кватэры?
Адказ: патэлефанаваць па нумары 101 і паведаміць адрас месца, дзе адбыўся пажар, сваё прозвішча, што і дзе гарыць.
– Ці можна гуляць з запалкамі і запальнічкамі?
Адказ: нельга! Запалкі – адна з прычын пажару.
– Чым можна тушыць пажар?
Адказ: коўдрай, паліто, вадой, пяском, вогнетушыцелем.
– Ці можна самастойна карыстацца разеткай?
Адказ: нельга! Трэба прасіць дарослых уключыць ці выключыць электрапрыборы.
– Якое галоўнае правіла пры любой небяспецы?
Адказ: не панікаваць.
– Ці можна дакранацца да ўключаных электрапрыбораў мокрымі рукамі?
Адказ: нельга! Вада прапускае ток праз сябе. Гэта небяспечна для жыцця.
Гэта цікава
У даўнія часы людзі лічылі пажар “гневам божым” і спяшаліся прыняць традыцыйныя меры: служылі набажэнства, выносілі абразы і тушылі агонь… малаком.
* * *
Гарадскія камінары чысцілі трубы металічным ёршыкам на доўгім провадзе. А вось жыхары сельскай мясцовасці не марнавалі грошай на такія складаныя прылады і чысцілі трубы з дапамогай… елкі.
* * *
У розныя часы, у розных народаў гэтага Бога называлі па-рознаму: у старажытных грэкаў – Зеўс, у рымлян – Юпітар, у вікінгаў – Тор. Бога грома і маланкі ў славянаў называлі Пярун.
Інга ГІЛЕНКА.