Акцэнты

Источник материала:  
19.08.2018 — Разное

З УВАГАЙ ДА МАЛАДЗЁЖНАЙ ПАЛІТЫКІ

У Гомельскай вобласці прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, міністра адукацыі Ігара Карпенкі. У семінары брала ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік, якая ў інтэрв’ю нашай газеце расказвае аб праграме семінара.

–             Алена Валер’еўна, семінар меў фармат выязнога, на якіх аб’ектах вы пабылі, што ўбачылі?

–             Семінар сабраў прадстаўнікоў з усіх абласцей нашай краіны. Праграму насычанага мерапрыемства адкрыла ўрачыстае ўскладанне кветак да стэлы мемарыяльнага комплексу ў Лоеве. Далей практычныя аспекты рэалізацыі маладзёжнай палітыкі былі абмеркаваны падчас наведвання прадпрыемстваў, арганізацый Рэчыцкага раёна. На ААТ «Рэчыцкі метызны завод» нам расказалі аб ролі моладзі ў інавацыйнай дзейнасці прадпрыемства. На падтрымку дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы была скіравана ўвага падчас дэманстрацыі вопыту работы ваенна-патрыятычнага цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўной моладзі «Скіф». Былі прадстаўлены паказальныя выступленні. Шмат уражанняў засталося пасля наведвання музея гісторыі паветрана-дэсантных войскаў і спецназа імя Маргелава ў Рэчыцкай гімназіі. У форме інтэрактыўнай прэзентацыі прадставіў сваю работу калектыў Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. На ААТ «Рэчыцдрэў», ААТ «Рэчыцкі хімічны завод» удзельнікі семінара пазнаёміліся з вопытам рэалізацыі інстытута настаўніцтва. Вялікае ўражанне пакінуў летні амфітэатр, дзе была паказана выдатная канцэртная праграма. З вялікай цікавасцю ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з рэспубліканскай выставай, на якой былі шырока прадстаўлены сучасныя метады работы з моладдзю ў рэгіёнах Беларусі.

–             Якія важныя напрамкі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі былі акрэслены на пленарным пасяджэнні з высокім прадстаўніцтвам?

– Моладзь – гэта будучае краіны. Стратэгічнымі дакументамі, што вызначаюць мэты і напрамкі ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, з’яўляюцца Закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», Дзяржаўная праграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016-2020 гады». І ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады маладзёжная палітыка вынесена ў адзін з пяці прыярытэтаў. Развіццё эканомікі патрабуе рэалізацыі крэатыўнага патэнцыялу маладога пакалення, стварэння ўмоў для прыцягнення яго ў грамадска карысную дзейнасць і самарэалізацыі. Вельмі важнай задачай з’яўляецца фарміраванне грамадзянскіх каштоўнасцяў, на што накіравана ажыццяўленне шэрагу праектаў у напрамку грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі. На розных узроўнях праводзіцца таксама работа па фарміраванні ў маладых людзей, вучнёўскай моладзі пазітыўных мадэляў паводзін, светапогляду і каштоўнасных арыенціраў.

Ініцыятывы маладых, рэалізацыя іх талентаў заахвочваецца са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі. Практыка заахвочвання інтэлектуальнай, творчай моладзі, якая дабілася высокіх вынікаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці, шырока практыкуецца на рэспубліканскіх і рэгіянальных узроўнях, у нашым раёне таксама. Гэта з’яўляецца выдатным стымулам для маладых жыць ярка, прыгожа, развіваць свае таленты. Семінар-практыкум «Удасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь» прадставіў нам выдатную магчымасць зносін з калегамі з усёй краіны для пераймання вопыту работы, што будзе садзейнічаць абнаўленню формаў і метадаў работы з моладдзю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

НЯХАЙ ГАРЫЦЬ ЗОРКА НАДЗЕІ

Гадзінамі прыемна назіраць за хараством наваколля, глядзець, як гарыць агонь, як заходзіць сонейка і як нараджаецца новы дзень. На жаль, многія з членаў Таварыства інвалідаў па зроку не бачаць гэтага і шмат іншага. Жыццё ў цемры і надзея на дапамогу і спагаду…

Таварыства, якое аб’ядноўвае інвалідаў па зроку ў Стоўбцах і ў раёне, аказвае па меры магчымасці патрэбную дапамогу гэтай катэгорыі людзей, спрыяе адаптацыі іх у сучаснае жыццё.

Але, на жаль, таварыства не мае фінансавай магчымасці забяспечыць кожнага інваліда сродкамі рэабілітацыі, дапамагчы з набыццём таго, што аблегчыць жыццё ў цемры. Таму мы заклікаем неабыякавых жыхароў горада і раёна, калектывы прадпрыемстваў і ўстаноў дапамагчы людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. Пералічыце, калі ласка, пры магчымасці, грашовыя сродкі на рахунак Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» (ОО «БелОИЗ» – абавязкова пазначыць): № BY18BLBB30150100166609001001, аддзяленне № 537 у г. Мінску ААТ «Белінвестбанк») ЦБУ, код банка BLBBBY2Х, УНП 100166609.

Няхай ваша дабрыня зоркай надзеі засвеціцца ў сэрцы кожнага інваліда. Як кажуць мудрыя людзі, ваша дабрыня да вас абавязкова вернецца, калі, не дай божа, у вашы дзверы пастукаюць бяда, хвароба. І таксама хто-небудзь працягне вам руку дапамогі і запаліць для вас зорку надзеі.

Аляксандр КЛІМАШ,старшыня праўлення раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку

 

НАША ЯДНАННЕ

Добрая традыцыя склалася ў нашым раёне для жыхароў невялікіх вёсачак. Вось і ў вёсцы Старына адбылося свята. Альбо, як выказаліся старажылы, – цэлы фэст!

І нам, жыхарам гэтай вёскі, хочацца яшчэ раз выказаць сваё захапленне святам і шчырую падзяку яго арганізатарам.

Не адзін тыдзень, амаль штодзённа была ў вёсцы старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. Разам з жыхарамі вёскі наводзіла парадак, арганізоўвала работу. Тым больш, што менавіта ў гэтай вёсцы яна пачынала сваю працоўную дзейнасць, тут пражыла яе сям’я не адзін дзясятак гадоў.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі навядзення парадку і чысціні ў нашай вёсцы аказаў дырэктар ААТ ТБЗ » Нёман» М. Ф. Камейша. І тэхніка, і рабочыя завода працавалі на безгаспадарных сядзібах. У выніку наша Старына набыла акуратны і прывабны выгляд. Старыя, разваленыя сядзібы, фундаменты, ды і проста пустыя ўчасткі, былі прыбраны і вычышчаны.

Наша вёска невялікая, але мае прыгожы выгляд, сучасны соцыум. Некалькі гадоў назад нашу Старыну газіфікавалі – правялі прыродны газ у дом кожнага жадаючага. Галоўная і вялікая заслуга ў гэтым сям’і Афанасьевых: Юрыя Алегавіча і Людмілы Афанасьеўны. Гэтая сям’я пераехала жыць да нас з горада. Хутка ўжо 10 гадоў, як Афанасьевы з’яўляюцца паўнапраўнымі і сапраўднымі старынцамі. Яны першыя выказалі прапанову ў арганізацыі газіфікацыі вёскі. Юрый Алегавіч узначаліў кааперытыў жыхароў. А жыхарка нашай Старыны, дарэчы, яна таксама пераехала ў Старыну на пастаяннае месца жыхарства, Аксана Барысенка выконвала ўсю бухгалтарскую работу. Таму мы, старынцы, яшчэ раз кажам вялікі дзякуй гэтым людзям за іх дапамогу і клопат.

І яшчэ хочацца расказаць пра нашых дзяцей. Не раз чуем, як кажуць пра тое, што наша моладзь нічым цяпер не цікавіцца, нічога не ўмее. Але гэта зусім не так! Кожная сям’я ў нашай Старыне прыбірала сваю хату, свой двор, і дзеці адзін перад адным стараліся прыдумаць нейкую навінку, унесці свой адметны дызайн. А напярэдадні свята разам з бацькамі дзеці выйшлі на агульны суботнік, прыбіраць пляцоўку для святочнага канцэрта.

Асобна хочацца расказаць пра сёлетнюю выпускніцу школы, дзяўчынку са Старыны, Дзіяну Лысую. Яна стварыла каманду аднадумцаў, такіх жа крэатыўных і здольных сяброў, і разам яны за тыдзень размалявалі ў вёсцы ўсе кантэйнеры для смецця. На сценах металічных бакаў зайгралі рознакаляровымі фарбамі персанажы з мультфільмаў. Здаецца, дробязь, а прыгажосць атрымалася сапраўдная!  

Вялікі ўсім дзякуй за свята, за яркія і незабыўныя эмоцыі, за нашу абноўленую і прыбраную вёску, за наша яднанне.

Ад імя жыхароў вёскі Старына Лідзія МАЗУРКЕВІЧ

←Что предшествует возникновению инсульта?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика