Равнение на Андрея Николаевича!Более 24-х лет посвятил службе в Департаменте охраны милиционер-водитель А.Хвощ
Познім вечарам супрацоўнікам аховы паступіў сігнал аб крадзяжы з аўтамабіля на адной з вуліц гарпасёлка. Хутка ў поле зроку пільных міліцыянераў групы затрымання трапілі зламыснікі. Але здавацца тыя не збіраліся і пусціліся наўцёкі ў напрамку рэчкі, адзін нават кінуўся ў ваду ў надзеі, што застанецца нязлоўленым, але ўцячы не ўдалося. Падобных выпадкаў, калі прыходзілася затрымліваць злодзеяў, імчаць на спрацоўку сігналізацыі ці ўціхамірваць нецвярозых грамадзян, за 24-гадовую працоўную дзейнасць у міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання Андрэя Мікалаевіча Хвашча, канечне, было нямала. А гэтымі жнівеньскімі днямі ён заступае на апошнія змены перад выхадам на заслужаны адпачынак.
“Андрэй Мікалаевіч працуе ў аддзеле практычна з дня заснавання і з’яўляецца самым старэйшым і вопытным работнікам калектыву. Магу ўпэўнена сказаць, што ён стапрацэнтна на сваім месцы і гэтая справа – яго прызванне. Групы затрымання ў нас мабільныя, гатовы ў любы момант уступіць у барацьбу са злачынцамі ці хуліганамі, выехаць на кватэру ці аб’ект па трывозе. Для гэтага трэба быць сабраным, смелым, фізічна і псіхалагічна падрыхтаваным да экстрэмальнай сітуацыі. Такім патрабаванням поўнасцю адпавядае Андрэй Мікалаевіч”, – адзначае начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы Уладзімір Анатольевіч Чумакоў.
Прафесіянал-вадзіцель
“Заступаць разам з Андрэем Мікалаевічам у адну змену не даводзілася, толькі змяняць адзін аднаго, бо мы абодва міліцыянеры-вадзіцелі. Аднак упэўнены, што гэта той чалавек, на якога можна раўняцца!” – гаворыць пра калегу Максім Аўдошка. Як вядома, наколькі хутка ахова акажацца ў месцы, дзе патрэбна дапамога, поўнасцю залежыць ад вадзіцеля. І Андрэя Мікалаевіча ў гэтым плане бясспрэчна можна назваць прафесіяналам. Вадзіцельскі вопыт ён атрымаў яшчэ падчас службы ў арміі, якую праходзіў у Германіі ў аўтамабільным батальёне ваенна-паветраных сіл. На давераным яму КамАЗе скалясіў практычна ўсю ўсходнюю частку краіны. Пасля службы ў арміі працаваў вадзіцелем у Чашніцкім раёне і на ўшацкай аўтабазе. Пачынаў на “капейцы”, потым былі іншыя аўтамабілі, цяпер “курсіруе” па гарпасёлку на “Ніве”. Заўсёды вельмі беражліва адносіўся да тэхнікі.
Прыклад для маладых
Зразумела, што ў абавязкі вадзіцеля аховы ўваходзіць не толькі круціць баранку, а і прымаць меры па затрыманні парушальнікаў. Падчас спрацоўкі сігналізацыі і вадзіцель, і міліцыянер дзейнічаюць камандай, страхуюць адзін аднаго. “Быць поруч з Андрэем Мікалаевічам давялося не адны суткі. Заўсёды ўважлівы і пільны, працаваць у тандэме з ім – адно задавальненне. Напружаная работа, начныя змены, вялікая адказнасць… Здавалася б, доўгі час чалавек не вытрымае такога рытму, але за 24 гады службы Андрэй Мікалаевіч ні разу не пашкадаваў, што пайшоў менавіта па такім прафесійным шляху, і неяк казаў: гэта мой стыль жыцця, работа, якую люблю”, – прыгадвае міліцыянер-кінолаг Дзмітрый Кемстач.
Аб тым, што А.Хвошч з’яўляецца прыкладам для маладзейшага пакалення, сведчыць і той факт, што ён мае нагрудны знак Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў “За адзнаку”.
Добры гаспадар
“На яго сядзібе ў Кавалеўшчыне адразу бачна рука гаспадара – дагледжаны дом, участак, невялікая падсобная гаспадарка. Кожны свой выхадны ён заўсёды імкнецца правесці тут з карысцю, удзяліць увагу сваёй сям’і. Добра ведаю Андрэя, паколькі з ім прыступалі да работы амаль у адзін час, і ўпэўнены, што на адпачынку ён не будзе сядзець без справы, бо яшчэ поўны сіл і энергіі!” – гаворыць Уладзімір Коршун.
Ну а да прыгаданых добрых слоў пра гэтага чалавека далучаюцца ўсе без выключэння члены калектыву, а таксама былыя калегі.
Вольга КАМАРКОВА.