Перад вераснем
АБНОВЯЦЦА І СТАЛОВАЯ, І СПАРТЗАЛА
Тэрыторыя Шашкоўскай сельскай школы ў адмысловым дызайне і квецені. Як рупяцца тэхнічныя работнікі, каб так было, мы пабачылі сваімі вачыма, заехаўшы ў гэтую навучальную ўстанову. Кветкам і газонам хапае і цяпла, і вільгаці.
Пра загадчыцу гаспадаркі Веру Бабіч гавораць, што яна ў школе бывае больш, чым дома. У свае 73 гады Вера Іванаўна працягвае працаваць так жа апантана, ініцыятыўна, па-гаспадарску, з любоўю да школы, як і 34 гады назад, калі заступіла сюды на працу. Стараннямі яе і іншых тэхнічных работнікаў, а таксама вучняў і педагогаў школа выглядае надзвычай прэзентабельна, хоць узрост яе ужо шаноўны. У падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года паўдзельнічалі старшакласнікі, якім была прадастаўлена магчымасць па праграме службы занятасці ўдзельнічаць у рамонтных работах у складзе школьнай будаўнічай брыгады. Брыгада працавала з фінансавай падтрымкай Фонду садзейнічання занятасці.
Будынак штогод паднаўляецца на сучасны манер. Вось і цяпер ажыццяўляецца вялікі фронт работ па рамонце школьнай сталовай з заменай усіх камунікацыйных сістэм. Дачакалася і спартзала сваёй чаргі. Тут праведзены не толькі рамонт, але і рэканструяваны санвузлы з поўнай заменай сантэхнічнага абсталявання.
Гэтай радасцю дзеліцца з намі дырэктар навучальнай установы Ірына Колясень. А яшчэ зазначае, і таксама не без радасці, што ў параўнанні з мінулым навучальным годам павялічылася колькасць вучняў і дасягнула 100. Сёлетнія выпускнікі паднялі прэстыж школы: 60 працэнтаў з іх паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, 30 працэнтаў – у сярэднія спецыяльныя.
Школа гасцінна распасцірае свае абдымкі і прымае новыя пакаленні вучняў, каб вывесці іх падрыхтаванымі на самастойную сцяжыну жыцця.
Святлана ЖЫБУЛЬ
На здымках: дырэктар школы Ірына Колясень (справа) абмяркоўвае з намеснікам дырэктара Таццянай Сахар і загадчыцай гаспадаркі Ірынай Бабіч рабочыя моманты жнівеньскага дня; тэхнічны работнтік пястуе клумбы.
Фота Васіля ЗЯНЬКО
РЭЙТЫНГ: 90 БАЛАЎ І ВЫШЭЙ
Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама вядзе такую выдатную статыстыку: адзначае выпускнікоў, якія на цэнтралізаваным тэсціраванні здалі экзамены на 90 і больш балаў.
У гэтым годзе такіх абітурыентаў 11. Без аднаго бала сто атрымала па беларускай мове выпускніца Дзераўнянскай сярэдняй школы Надзея Трасцянка. Надзея два разы запісана ў гэтым спісе: у яе яшчэ 90 балаў па нямецкай мове. І гэта контраргумент тым, хто лічыць, што ў сельскай школе выпускнікі атрымліваюць веды ніжэйшага гатунку, чым у гарадской.
На 98 балаў ацэнены веды па рускай мове ў Аляксандры Дасько (СШ № 3) і ў Аляксея Садоўскага (СШ № 2). На 97 балаў здала беларускую мову вучаніца Дзераўнянскай СШ Юлія Пугач. Такі ж бал па матэматыцы ў выпускніка СШ № 3 Максіма Карпухіна. 96 балаў па англійскай мове атрымала выпускніца СШ № 3 Юлія Карповіч. Вольга Грышан з гэтай жа школы сумела здаць гэты ж экзамен на 94 балы. Такі ж вынік па беларускай мове ў выпускніцы гімназіі № 1 Эльвіры Паляніца. 91 бал па рускай мове атрымаў на тэсціраванні вучань СШ № 3 Арцём Талстуха.
Адметна, што ў гэтых 11 выніках адзначана заслуга і настаўнікаў. Па два вучні атрымалі балы 90 і больш у настаўніцы англійскай мовы СШ № 3 І. І. Лаўрыновіч, настаўніцы рускай мовы гэтай жа навучальнай установы В. М. Грыб, настаўніцы беларускай мовы Дзераўнянскай СШ Г. І. Дзямянка.
Усе названыя абітурыенты сталі студэнтамі самых прэстыжных беларускіх ВНУ.
Пр