Не «паказуха», а работа да поту

Источник материала:  
16.08.2018 15:15 — Разное

У мінулы аўторак на Ганцаўшчыне з’явіўся першы экіпаж-тысячнік.

Не «паказуха», а работа да поту

Кажуць, што дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Дрэнны і той камбайнер, які ў час жніва не стараецца пераадолець намалот у 1000 тон зерня. У камбайнера Сяргея Крупеніча і яго памочніка Віталя Мінько з адкрытага акцыянернага таварыства «Хатынічы», нягледзячы на складанасці жніва і тое, што тэхніка далёка не новая, гэта атрымалася.

– Працалюбства, неутаймаванасць, ідэальнае веданне тэхнікі і, што тут граху таіць, жаданне зарабіць вывелі экіпаж у лік тысячнікаў, – не хаваючы сваёй радасці, кажа дырэктар ААТ «Хатынічы» Міхаіл Сергіеня.

Першы ў раёне экіпаж–тысячнік выехалі ў поле павіншаваць старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Канановіч.

– Не чакаў нават, што сёлета будуць ў нашым раёне тысячнікі, – прызнаўся падчас віншавання камбайнераў Уладзімір Уладзіміравіч, – хаця вельмі на гэта спадзяваўся. І такімі думкі мае былі зусім не таму, што нашы людзі не ўмеюць працаваць – год быў няпросты.

Вымпелы лідараў жніва, каштоўныя падарункі Сяргею Крупенічу і Віталію Мінько ўручыў Міхаіл Канановіч.

– На Брэстчыне ўжо 98 падобных экіпажаў, – сказаў Міхаіл Іванавіч. – Ваш, хлопцы, хлебаробскі талент, азарт да работы дапамаглі быць у іх ліку, і гэта выдатна!

Дарэчы, 14 жніўня свой чарговы дзень нараджэння святкаваў памочнік камбайнера Віталь Мінько. Добрым падарункам для яго стала выступленне фальклорнага гурта «Хатовічы». Прама ў полі граў гармонік, гучалі прыпеўкі, танчылі жанчынкі ў чырвона-белых строях беларускую польку. Усё адбывалася адпаведна моманту, проста, весела і шчыра.

– Хлопцы нашы малайцы! – падзялілася сваімі думкамі гарманістка Кацярына Ярашэвіч. – Яны не шматслоўныя, затое працуюць упарта. Віталь другі дзясятак у гаспадарцы шчыруе, дом мае ў вёсцы, сям’ю. У Сяргея стаж крыху меншы, але ж ён такі спрытны ў рабоце!

Сціплыя Сяргей і Віталь сапраўды аказаліся не надта здатнымі да гаворкі. Па ўсім было відаць, што ніякага подзвігу ў сваім дасягненні не бачаць. Як толькі скончыліся віншаванні, яны паспяшаліся да камбайна, маўляў, бункер поўны.

…Хораша было назіраць, як з бункера камбайна-гмаха ў кузаў грузавой машыны сыплецца залатое зерне. Сабраць яго тысячу тон – няпростая задача, у рашэнні якой галоўным для экіпажа былі не гучныя словы і «паказуха», а работа да поту, у дождж і спёку, з раніцы і да позняга вечара.

Галіна ПУПАЧ.

(Visited 7 times, 7 visits today)

←Августовский сбор

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика