І прадаўцы ўдзельчаюць у жніве

Источник материала:  
16.08.2018 — Разное

І прадаўцы ўдзельчаюць у жніве

Ля Старынскага магазіна было людна. Якраз пад’ехала машына па прадукты для арганізацыі харчавання ўдзельнікаў уборкі збожжавых і на церабленні льну, вадзіцель Мечыслаў Рослік падруліў тэхніку як патрэбна. Пакупнікі пачціва расступіліся, каб прадаўцы маглі без прамаруджвання абслужыць работнікаў сталовай. На перыяд уборкі збожжавых у магазіне падоўжаны рабочы дзень.

Загадчыца сталовай ААТ «Шашкі» Галіна Бербаш расказвае, што ў мясцовым магазіне робяцца заказы для завозу патрэбных прадуктаў на арганізацыю харчавання ўдзельнікаў уборачнай кампаніі. Работнікі сталовай – повар Ірына Сахар, раздатчыца Вольга Туміловіч – на чале з загадчыцай заступаюць на працу не пазней сямі гадзін раніцы. Штодзень ім патрэбна падрыхтаваць 50 абедаў і пакарміць механізатараў і вадзіцеляў на полі. Дапамогу працаўнікам сталовай, у якіх вялікі вопыт работы, аказвае ў гэтым годзе выпускніца Шашкоўскай СШ Аліна Калкоўская. Яна ўжо студэнтка бюджэтнага аддзялення БНТУ. Перад вераснем свой час канікул скарыстала, каб папрацаваць на ўборцы.

Прадаўцы Святлана Копач і Ларыса Лысая паспяваюць адпусціць тавар, перакінуцца добрым словам, сагрэць работнікаў сталовай сваім пазітыўным настроем. У гэтым сельскім магазіне і адна, і другая працуюць ужо многія гады. Ларыса Лысая – повар па спецыяльнасці. Выйшла замуж у Старыну і стала працаваць у мясцовым магазіне, яна ўжо больш за 10 гадоў за прылаўкам. Святлана Копач – прадавец па спецыяльнасці, усе гады працоўнай біяграфіі ў яе звязаны з работай у сельскіх магазінах райспажыўтаварыства. У магазіне вёскі Старына яна таксама працуе больш за 10 гадоў. І для Святланы Леанідаўны, і для Ларысы Валянцінаўны гэта родная вёска, дзе яны жывуць, таму ім усё тут дорага. Найперш, сустрэчы з людзьмі. Яны ўжо вывучылі характар кожнага, ведаюць патрэбы сваіх пакупнікоў. У жывой размове, з жартаўлівым настроем будні за прылаўкам праходзяць для прадаўцоў непрыкметна. Прадаўцы чуйна рэагуюць на попыт вяскоўцаў і дачнікаў, прымаюць заказы на будаўнічыя матэрыялы, на інвентар, іншы габарытны тавар. Магазін ажыццяўляе нарыхтоўчую дзейнасць – закупляе грыбы, макулатуру, дары садоў. Жыхары Старыны і суседніх населеных пунктаў маглі здаць лішкі чорных парэчак, на якія ў гэтым годзе быў багаты ўраджай.

Падагульвае наша знаёмства з гэтым чыстым, прыгожым, акуратным магазінам старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. Яна адзначае, што магазін багаты асартыментам тавараў, у пакупнікоў ёсць выбар па гусце і цэнах, тут можна купіць усё, што і ў гарадской краме.

Нам прыемна назіраць, як ля халадзільнай вітрыны з марожаным дзеці шумна выбіраюць сабе ласункі. Яны адчуваюць сябе свабодна, камфортна. Гарадская дзятва з’ехалася на канікулы пад апеку бабуль і адсюль-адтуль набягае ў краму. Прыемныя будні вёскі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: загадчыца сталовай ААТ «Шашкі» Галіна Бербаш (справа) з раздатчыцай абедаў Алінай Калкоўскай; Вольга Туміловіч і Вікторыя Юзэпчук падрыхтавалі гародніну; імідж магазіна – у добрым настроі прадаўцоў Святланы Копач і Ларысы Лысай.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

←Беларусь и Россия на отлично провели компьютерные учения ПВО

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика