Смачныя піражкі ад Марыі Сцяпанаўны...
15.08.2018
—
Разное
Гэтую жанчыну часта можна ўбачыць на міні-рынку па вул. Дэпутацкай у райцэнтры. Яна прадае румяныя піражкі, згатаваныя ў дамашніх умовах. Нядаўна і аўтар радкоў стала дэгустатарам гэтай прадукцыі, пазнаёміўшыся з гаспадыняй, працэсам іх прыгатавання і паспытаўшы кожны гатунак таго дня на ўласны смак. Адзначу адразу, піражкі смачныя, паспытаўшы адзін, цяжка ўтрымацца, каб не адведаць другі, з іншай начынкай.
Ідэю заняцца ўсур’ёз продажам дамашніх піражкоў Марыі Сцяпанаўне Гаварушка “падкінуў” унук Улад. Менавіта ён на восеньскія кірмашы, што ладзяцца штогод у школе, прасіў бабулю Марыю прыгатаваць любімых піражкоў, а пасля ўзрушаны і задаволены радасна казаў ёй: “Бабуля, твае піражкі разышліся лётам, найлепш куплялі толькі твае і разабралі іх найхутчэй”.
Калі ў верасні мінулага года выйшаў Указ Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”, дзякуючы якому стала можна, не адкрываючы прадпрымальніцтва, займацца рознымі відамі дзейнасці, заплаціўшы адзіны падатак, дарослыя члены сям’і Гаварушкаў адразу ўспомнілі водгукі аднакласнікаў Улада і знаёмых сям'і аб піражках. Знайшоўшы ў спісе, што можна займацца прыгатаваннем і рэалізацыяй піражкоў на рынку, узрадаваліся і ўзяліся за справу. Тым больш, што ёсць свая дача, на якой дружнай кампаніяй вырошчваюць агародніну, садавіну.
І прафесія ў бабулі Марыі для такой справы – тое, што трэба. Усё жыццё амаль, а дакладней з моманту адкрыцця дзіцячага садка “Вясёлка”, яна працуе там поварам. Вучылася Марыя Сцяпанаўна на повара ў раённым райспажыўтаварыстве ў 1983 годзе. Пры ім працавала школа повараў, а яна якраз на той час за мужам прыехала ў Івацэвічы з Брэста. Убачыла аб’яву, што набіраюць у школу повараў, і пайшла… З таго часу мінула больш за 30 гадоў, і ў садку ўсе гады яна – нязменны повар.
У сям’і Марыі Сцяпанаўны ніхто больш не вучыўся на повара. Але колькі сябе памятае жанчына, заўсёды смачна гатавалі яе маці і бабуля. Маці цяпер за 80, жыве ў Жабінкоўскім раёне, але як дочкі едуць да яе, сама нагатуе смакаты, асабліва мясных страў, а яны толькі салодзенькае ёй пякуць і вязуць. І ўспамінаюць потым, якая гаспадыня іх маці, як смачна яна ўмее варыць.
– Памятаеце сваю першую страву, прыгатаваную самастойна? – пытаюся.
– У вёсцы, пэўна, гэта была бульба. Яе вучылася варыць, можа, у якіх пачатковых класах.
Піражкі на продаж Марыя Гаварушка напачатку гатавала малымі партыямі, прыглядалася да смаку пакупнікоў. І прадаваць іх магла толькі некалькі разоў на тыдзень і па выхадных. А на момант нашага знаёмства Марыя Сцяпанаўна была ў чарговым водпуску і таму на рынку яе можна было сустрэць ледзь не штодзень. Сёння ў яе ёсць сваё кола пастаянных пакупнікоў, якія нават папрасілі тэлефон, каб заказваць піражкі на канкрэтны дзень для ўсёй сям’і ці для пачастунку гасцей.
Дапамагае пячы піражкі Марыі Сцяпанаўне дачка. А хто даў рэцэпт – сёння гаспадыня і не памятае. Мо, і суседка падзялілася сакрэтам прыгатавання піражкоў на дражджах. Былі і памылкі ў прыгатаванні напачатку. А цяпер з любой начынкай піражкі ў Марыі Сцяпанаўны “выдуваюцца”, як кулі, хутка і ўсе памерам адзін у адзін. Цеста замясіць яна нікому не давярае. Цяжка, вядома, вялікую партыю прыгатаваць, рукі баляць, але і імпэт ёсць займацца гэтай справай, і выгада.
– Суседка неяк зазірнула да нас, паглядзела, што ўвесь раскладны стол закладзены піражкамі, і кажа: “Авой, колькі іх, а як вы тут не пераблытаеце, дзе якія піражкі?”. А нам з дачкой смешна. Пераблытаць мы не можам, бо ў нас свая схема. Спачатку ідуць піражкі з яблычнай начынкай, малінай, павідлам, за імі з бульбай, потым з капустай, грыбамі, тварагом, курынай пячонкай, мясам… – расказвае Марыя Сцяпанаўна. – У тым жа парадку іх гатовыя складваем у харчовыя кантэйнеры для рэалізацыі. Кантэйнеры спецыяльна для гэтага куплялі ў гаспадарчых таварах.
– Ад чаго залежыць, ці атрымаюцца піражкі? – цікаўлюся.
– Ад якасці мукі найперш. Калі мука добрая, то піражкі добрыя, а вось неяк муку купіла няўдалую, то намучылася. Трэскаюцца, хоць плач. Здаецца, і вопыту многа, але не ўсё ад майстэрства залежыць, трэба каб і інгрэдыенты не падво-
дзілі, – адказвае жанчына.
– І з якой начынкай піражкі найбольш любяць пакупнікі?
– Раз на раз не прыходзіцца. Іншы дзень з самага ранку разбіраюць піражкі з грыбамі. Дарэчы, іх мы самі назбіралі і насушылі. Начынку раблю з грыбамі, морквай і цыбуляй смажанай. А другі раз пытаюць усе піражкі з яблыкамі. Па-рознаму. Такіх пакупнікоў, каб не спадабаліся, дзякаваць, не было.
– Што цяжэй: прыгатаваць піражкі ці прадаць іх?
– Прыгатаваць. Каля іх трэба пахадзіць, цеста трэба, каб падыхо-
дзіла некалькі разоў, яно любіць рукі.
– А калі застаюцца?
– Таксама бяды няма, то самі ядзім, то дзецям раздаю, то суседзяў частую. А назаўтра пяку свежыя.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя Міскевіча.