Захапленне эколага – прырода і вершы

Источник материала:  
14.08.2018 — Разное
>

Менавіта такія словы ёсць у адным з вершаў Алены Карасёвай. У гэтым годзе выйшаў яе першы паэтычны зборнік. Творца асаблівым позіркам бачыць навакольны свет,  а прырода для яе — жывая істота.

Захапленне эколага – прырода і вершы

Нарадзілася Алена ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС пераехала з бацькамі ў Гваздова, што пад Наваполацкам. Скончыла каледж і год працавала бухгалтарам. Але адчула, што гэта не яе прызванне. Паступіла ў БДУ, дзе атрымала спецыяльнасць геаэколага, а затым яшчэ адну — прамысловая экалогія. Прымяненне сваім ведам знайшла ў Верхнядзвінску – працуе інжынерам-эколагам ДРУВП ЖКГ. Любімая работа не перашкаджае Алене Аляксандраўне займацца літа-ратурнай творчасцю.
Вершы яна пісала яшчэ са школы — пра каханне, юнацкія перажыванні, часам наіўныя і простыя. Заўсёды любіла чытаць, вандраваць, знаёміцца з цікавымі людзьмі. Уражанні ад спазнанага і занатоўвала ў вершаваных радках. Першым слухачом і крытыкам з’яўляецца дванаццацігадовая дачушка Анечка, якой прысвечана шмат вершаў.
Падчас вучобы ў ВНУ яе вершы зацікавілі выкладчыка Сяргея Лапцёнка. Ён і пазнаёміў з рэдактарам часопіса “Вожык” Юліяй Зарэцкай і мастаком-карыкатурыстам Аляксандрам Каршакевічам. Так пачаліся першыя спробы выхаду на публіку – яе гумарыстычныя замалёўкі і фельетоны з’явіліся ў “Вожыку”.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова К.В. Камейша сказаў пра творчасць маладой пісьменніцы: “Хай сабе пакуль і не ўзвяла свайго чытацка замка, але добрую, утульную паэтычную хатку ўжо пабудавала”. Ён і прапанаваў Алене выдаць зборнік. Так з’явілася на свет кніга вершаў Алены Карасёвай “Замак”.
— Мой любімы пісьменнік – Уладзімір Караткевіч, гаворыць аўтар. – Пад яго ўплывам зацікавілася беларускай мовай. Асабліва падабаецца раман “Каласы пад сярпом тваім”. Перачытала амаль што ўсе яго творы, дзе жыве душа народа, гісторыя Беларусі, яе асаблівая культура.
Захапляецца Алена і гісторыяй, ёй падабаецца ўсё незвычайнае, таямнічае, цікавае. Вельмі любіць бываць у старадаўніх пабудовах, наведваць замкі, руіны былых велічных комплексаў. Такія мясціны наводзяць на думкі, разважанні.
Алена стала больш знаёміцца з творчасцю іншых беларускіх пісьменнікаў. Лічыць, што не дасканала валодае багатай, самабытнай, мілагучнай роднай мовай. Ёсць вершы і на рускай, але, на погляд аўтара, толькі родная мова дапамагае больш выразна перадаць пачуцці, перажыванні.
Вершы прыходзяць спантанна — пад уплывам жыццёвых абставін, настрою, натхнення. Гэта своеасаблівы душэўны парыў, якому няма звычайнага тлумачэння. Вось і першая кніга “Замак” навеяна пачуццямі ад асэнсавання гісторыі Беларусі. Замак – фундаментальная пабудова, якая прыцягвае сваімі таямніцамі, наводзіць на разважанні, як жылі людзі. Тут можна дадумаць сюжэт, уявіць былое.
Сапраўды, вершы Алены Карасёвай кранаюць сваёй самабытнасцю, непаўторнасцю, індывідуальнасцю. Яе творы публікаваліся ў часопісе “Маладосць”, газеце “Новапо-лацк сёння”.
Хочацца пажадаць маладому аўтару натхнення і новых твораў!
Ларыса ЗАЙЦАВА.

Замак
Да замка старажытнага павольна набліжаюся,
А думкамі ў далёкія стагоддзі паглыбляюся.
Там сведкамі бязмоўнымі стаяць муры каменныя,
Мінулай славы, велічы вы помнікі нязменныя.
І кошт кахання, гонару вы шмат разоў пабачылі,
Лязо мяча халоднае з паходнямі гарачымі.
У кожнага каменьчыка баліць душа-гісторыя,
Кранула іх. Мая душа цяпер таксама хворая.
І кожны закуток у ім гуляе таямніцамі,
Я прагна п’ю мінулае, не здолею напіцца ім.
Быў рыцарам, быў волатам, ды пэўна жыць стаміўся ён,
Забойца-час дыхнуў у твар — у што ператварыўся ён?
Старэча абяздолены калоціцца, хістаецца,
Рукою мураванаю на вежу апіраецца.
Зіма
Сонейка села лесу на плечы,
Ногі-праменні звіслі да долу,
Гэта апошні восеньскі вечар,
Потым зіма, завеі і холад.
Будзе з марозу ранкам празрыстым
Добра чуваць далёка наўкола.
Льецца натхнёна, шчыра, ўрачыста
Песня званоў старога касцёлу.
Снег пахавае ўсё, што мінула,
Усё, што не вартае нашай пашаны,
Сэрца ўзгадала, сэрца пачула,
Клічуць званы ізноў у Гальшаны.
Імгненне
Супраць жыццёвай плыні,
Хвалям насустрач, ветру,
Мрою адной хвілінай,
Толькі ў яе і веру.
Буду змагацца, біцца,
Дзеля імгнення-мары.
Буду чакаць, маліцца.
Згодна на ўсе ахвяры.
Камень – пачуцці знешне,
Цягнуцца дні і ночы…
…Дотык рукі, усмешка,
Позірк вачэй у вочы…
Паглядзіце…
Паглядзiце ў вочы сiротам,
Што жадае малое дзiцё?
Iм патрэбна ўвага, пяшчота,
А не нашай вiны пачуццё.
Як паветра патрэбна дзiцяцi
Слова добрае родных бацькоў,
Прыхiлiцца галоўкай да мацi,
Што бязмежную дорыць любоў.
Бачыць цёплыя бацькавы вочы
I упэўненым быць з году ў год,
Што малога i ўдзень i ўночы
Абаронiць ад розных нягод.
Паглядзiце ў гэтыя вочкi —
Там агеньчыкi квола дрыжаць,
То дачушкi чыесь i сыночкi
Нам у самае сэрца глядзяць.
Кожны клопаты мае, турботы
I ад лёсу нiхто не ўцячэ.
Паглядзiце ў вочы сiротам,
Вельмi шмат стала гэтых вачэй.

 

←День белорусской письменности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика