Кітайскі Цындаа сабраў маладзёжных лідараў

Источник материала:  
13.08.2018 — Разное

Кітайскі Цындаа сабраў маладзёжных лідараў

Чарговы раз наша выданне мае інтарэс да адной маладой асобы – выпускніцы СШ № 2 г. Стоўбцы Анастасіі Лапко, супрацоўніцы і аспіранткі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. Анастасія з’яўляецца актывістам БРСМ. У рамках праграмы «100 ідэй для Беларусі» ў мінулым годзе са сваім навуковым праектам яна паўдзельнічала ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «ХХI век: маладосць інтэлекту» на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы і стала пераможцай у намінацыі «Здароўе нацыі». А цяпер вось толькі што вярнулася з Кітая, дзе ў складзе маладых лідараў Беларусі брала ўдзел у рабоце ІІІ маладзёжнага лагера Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва (ШАС). Мы просім Анастасію расказаць аб гэтым міжнародным форуме.

–             Анастасія, з поўным правам можна гаварыць, што на міжнародным форуме ў Кітаі вы прадстаўлялі і Стаўбцоўшчыну.

–             Несумненна, а тым больш у Год малой радзімы. ЦК БРСМ уключыў мяне ў склад дэлегацыі Беларусі для ўдзелу ў ІІІ маладзёжным лагеры Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва. У горад Цындаа правінцыі Кітая Шаньдун з’ехаліся больш за 200 маладзёжных лідараў 12 краін-членаў і краін-назіральнікаў ШАС. У складзе нашай дэлегацыі было шэсць чалавек на чале з першым сакратаром ЦК БРСМ Дзмітрыем Варанюком. Лагер стартаваў з сумесных трэніровак па парусным спорце. А наогул, праграма лагера на працягу тыдня была вельмі насычанай. У горадзе Цындаа нас рознабакова пазнаёмілі з напрамкамі развіцця краіны. Мы паглядзелі помнікі архітэктуры, храмы, пабылі на прамысловых прадпрыемствах, пазнаёміліся з рознымі новымі тэхналогіямі. Наведалі і паштова-індустрыяльны парк. Для нас быў падрыхтаваны цудоўны канцэрт, які даў нам магчымасць спаўна пазнаёміцца з нацыянальнай культурай. Быў праведзены таксама майстар-клас па кітайскім адзінаборстве.

–             Што стала кульмінацыйным момантам маладзёжнага лагера?

–             Маладзёжны форум. На ім з трыбуны з афіцыйнай прамовай выступілі кіраўнікі маладзёжных дэлегацый усіх краін. Прадстаўнікі ад кітайскага саюза моладзі шчодра дзяліліся вопытам сваёй работы ў розных напрамках. Мне выпаў вялікі гонар у складзе прадстаўнікоў іншых дзяржаў зачытаць зварот да кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва. Мая прамова-зварот як ад дэлегата з Беларусі датычыла пытанняў неабходнасці ўзаемадзеяння краін у прадухіленні ўцягнення моладзі ў дзейнасць тэрарыстычных, экстрэмісцкіх і сепаратысцкіх структур, у тым ліку і ў інфармацыйнай прасторы, недапушчэнні распаўсюджання дэструктыўных ідэалогій у краінах-удзельніцах ШАС.

–             Анастасія, на здымку вы ў адзенні з нацыянальнымі элементамі.

–             Так, я камфортна і ўпэўнена адчувала сябе ў вышытай блузцы з беларускім нацыянальным арнаментам. Гэта таксама дапамагло мне пазіцыянаваць сваю краіну. Мне радасна, што мы вяртаемся да вытокаў і ў нацыянальных строях, і ў нацыянальнай культуры адчуваем прыгажосць, якую можна паказаць усяму свету. Хачу падзяліцца і такімі ўражаннямі. У рамках лагера быў пералёт у сталіцу Кітая. У Пекіне нам выпаў гонар наведаць будынак сакратарыята Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва. Вельмі ўразіла, што кожная краіна мае сваю залу, якая выканана ў нацыянальным каларыце. У Пекіне мы пабылі на экскурсіі ў Забароненым горадзе. Гэта самы вялікі палацавы комплекс у свеце. З 1420 года па 1912 адсюль Паднябеснай кіравалі 24 імператары дынастый Мін і Цын. Пабачылі таксама буйнейшы помнік архітэктуры – Вялікую Кітайскую сцяну.

Удзел у гэтым маладзёжным праекце пакінуў не толькі ўражанні, але і новыя сяброўствы, і не толькі асабістыя. Падпісаны значныя афіцыйныя дакументы. Адзін з іх – Пагадненне аб намеры маладзёжнага супрацоўніцтва Беларусі з Узбекістанам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: беларуская дэлегацыя з нацыянальным сцягам; Анастасія Лапко.

←"Мне дали кличку "Полторашка". Девушки с ростом ниже 160 о том, как с этим жить

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика