Мемуары на развітанне: Шостая зорка
Зіначка прысела на канапу, а яе падапечны састарэлы дзед, па-начальніцку вальяжна разваліўшыся ў фатэлі, вырабленым у стылі “застойнага” ампіру, гартаў у руках старонкі свайго чарговага дзённіка. Язэп Фядосавіч мае некалькі “тамоў” гэтых рукапісных дзённікаў. Праўда, не згадваў пра іх амаль да таго часу, пакуль сацыяльны работнік Зінаіда, вычышчаючы антрэсолі, аднойчы не выцягнула рарытэты на свет божы. Два тыдні пасля гэтага дзед быў заняты чытаннем сваіх так званых мемуараў. А цяпер назойліва дзеліцца вытрымкамі з жанчынай. Яна разумее, што старому проста патрэбен слухач і яшчэ яму патрэбна крыху даўжэй, чым прадугледжана дамовай з сабесам, прысутнасць жывога чалавека ў яго пустой кватэры ўдаўца.
- Сёння, радасць мая, я буду чытаць табе пра тое, як майго аднакашніка і сябрука знялі з пасады дырэктара буйного тэкстыльнага прадпрыемства. Дарэмна ты ўсміхаешся. Хаця, добра, усміхайся. Тут зусім не вытворчая тэма, не палітыка, хіба што зусім крыху… Але скажу табе адразу, што і першае, і другое, як мутацыі грыпа-віруса, рэгулярна ўзнікаюць у паветры і выпрабоўваюць наш імунітэт на трываласць. Таму не смейся, а слухай.
“Минуй нас пуще всех печалей и барский гнев, и барская любовь!” Вось як жа трапна класік заўважыў! Ці браў калі на ўзбраенне гэты афарызм Лёха Барэеў, мой сябрук па інстытуце? Той самы Лёха, што пазнаёміў мяне з маёй будучай жонкай, Лёха – пястун лёсу і аматар стройных жаночых ножак. На ткацкую фабрыку яго занесла ці не гэта прыхільнасць да тугіх жаночых ікраножных мышцаў. Дзе, як не ў тэкстыльнай вытворчасці, столькі гэтых спакуслівых ножак!? Малады інжынер хутка трапіў у поле зроку адзінокай начальніцы, што паспрыяла яго кар’ернаму росту, і ў бліжэйшай пяцігодцы ён быў прызначаны начальнікам вытворчасці, а пасля чарговага “лёсавызначальнага для нашай эканомікі” з’езду партыі заняў дырэктарскае крэсла. Партыйная функцыянерка акальцаваць свайго пратэжэ не спяшалася, але і з-пад уласнай апекі не выпускала.
Не толькі дзеля ўласнага дабрабыту, але і дзеля спрыяльнага вырашэння пытанняў вытворчых, ад якіх залежала выкананне дзяржплана і прыбытковасці, Барэеў падтрымліваў стасункі і задавальняў патрэбы жанчыны. А яна лабіравала на ўсіх узроўнях інтарэсы яго фабрыкі. Дзякуючы яе клопату прадпрыемства атрымала заказ на выраб вялікага дывана да чарговага юбілею “ўсімі любімага і паважанага” генеральнага сакратара КПСС. Пытанне было на кантролі палітбюро і мясцовых партыйных босаў. Каб дагадзіць юбіляру, вырашана было выткаць яго партрэт памерам 5х7 метраў. Ведаючы, што на кожны юбілей яму ўручалі чарговую зорку Героя Савецкага Саюза або Героя Сацпрацы, мастак, што распрацоўваў дызайн дывана, дамаляваў да пяці зорак шостую. Цэнзары з мясцовага райкама партыі вазілі эскіз на ўзгадненне ў Мінск. Назад аркуш вярнуўся “завераны” тузінам подпісаў і пячатак розных колераў і калібраў. І камвольны завод запрацаваў з усёй адказнасцю па стварэнні шэдэўра ткацкага майстэрства.
Напачатку снежня камісія са сталіцы на чале з Самім (!) правяла агледзіны твора і выказала аднагалоснае задавальненне. Асабліва тым, што так прадбачліва і актуальна была прымацавана да грудзей Генеральнага чарговая зорка. Некаторыя, пэўна, ужо прадбачылі свой трыумф і адпаведныя ўзнагароды і павышэнні па службе. Аднак жыццё такое непрадказальнае!
Ці мо грудная клетка не досыць шырокая была для чарговай зоркі, ці мо самому юбіляру было няёмка перад народам за нясціпласць, ці якая іншая прычына з’явілася, але ў апошні момант замест ордэна яму падарылі наградную залатую шаблю. Дывановы партрэт стаў раптоўна неактуальным і нават мог быць растлумачаны двухсэнсоўна. У выніку рэспубліканская дэлегацыя трапіла ў незайздросную сітуацыю і найбольш прахіндзеістыя партыйцы перавялі стрэлкі на дырэктара камвольнай фабрыкі. Такім чынам, праз пару гадзін Барэеў атрымаў тэлефанаграму аб неадпаведнасці займаемай пасадзе і вызваленні ад работы. Пасія пакінула яго з камісарскай абыякавасцю, бо яе чакала новая прыступка службовай лесвіцы ў суседнім раёне і новы перспектыўны бойфрэнд.
Такая вось гісторыя. А што было затым? Хутка пачалася пяцігодка пышных пахаванняў, якая завяршылася Перастройкай і поўным развалам сістэмы. З Лёхай мы спаткаліся выпадкова на з’ездзе прадпрымальнікаў. Ён меў свой бізнес. Так і не ажаніўся. Пра сваю няўдалую кар’еру ў камвольнай прамысловасці ўспамінаў са смехам.
Ала КЛЕМЯНОК.