Профсоюз и «Марко» – механизаторам. Работникам полей подарили удобные летние туфли
“Атрымліваць ад прафсаюза грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі раней прыходзілася, а вось летнія туфлі – яшчэ не!” – здзіўляліся механізатары ААТ “Агра-Селішча”, ацэньваючы прэзент, які на гэтым тыдні атрымалі прама на мехдвары.
Ініцыятарам дабрачыннай акцыі стаў Віцебскі абласны прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Па яго ініцыятыве ў айчыннага вытворцы – на фабрыцы “Марка” – было закуплена 150 пар абутку, якія размеркаваны паміж механізатарамі 12 раёнаў Віцебшчыны, у іх ліку і Ушацкі.
– Падчас жніва, калі механізатары працуюць з ранку да цёмнага, без выхадных, важна падтрымаць хлебаробаў і маральна, і матэрыяльна, а таксама стварыць для іх спрыяльныя ўмовы працы, захоўваць меры па яе ахове, – гаворыць старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Бярнардаўна Клімашэўская. – Некаторыя камбайнеры нярэдка ходзяць у шлёпанцах. Такі абутак можа зваліцца з нагі, калі залазяць у кабіну камбайна ці перамяшчаюцца па мастку, што прывядзе да траўмаў. Наймальнікам нельга дапускаць да працы камбайнераў з такой “экіпіроўкай”.
Але адной забаронай праблему не вырашыць. У абкаме прафсаюза работнікаў АПК зазначылі, што гаспадаркі павінны выдаткоўваць сродкі на пакупку спецабутку ўсім работнікам. Вось толькі з-за цяжкага фінансавага становішча зрабіць гэта многія сельгаспрадпрыемствы не ў сілах. У сувязі з гэтым абкам прафсаюза і вырашыў падтрымаць людзей працы.
Васьмёра селішчанскіх механізатараў засталіся задаволены падарункам: абутак, які яны атрымалі, зручны, якасны, на шчыльнай падэшве, як таго патрабуе тэхніка бяспекі. Летнія туфлі ад прафсаюза атрымалі і некаторыя механізатары КУСГП “Глыбачаны” і “Арэхаўна”.
Вольга КАМАРКОВА.