Прэферэнцыі – прадпрымальным
Традыцыйна ў чацвёртую сераду месяца старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаў-нікоў юрыдычных асоб.
На прыём завітаў петрыкаўчанін Юрый Танюшкін. Юрый Міхайлавіч занепакоены праблемай дрэннага стану дарог у горадзе. Так, пасля працяглых ліпеньскіх дажджоў стаў немагчымым пад’езд да раённай бальніцы. Калдобіны і лужыны ствараюць нязручнасці як для аўтамабілістаў, так і для пешаходаў. Звярнуўся і з асабістай просьбай паправіць жалезабетонныя пліты ў двары шматкватэрнага дома, дзе ён пражывае. Пліты праселі і жыхары чапляюцца за іх.
Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам вывучыць сітуацыю і дапамагчы вырашыць праблему.
Прадстаўнікі прыватнай фірмы ТАА “АИСТ Экспорт” завіталі з ініцыятывай распачаць вытворчую дзейнасць на тэрыторыі раёна. Для гэтага яны прасілі дазволу ўзяць у арэнду памяшканні на тэрыторыі былога мехдвара, што належаў сельгаспрадпрыемству. Прыватнікі плануюць заняцца ў Лучыцах дрэваапрацоўкай і выпускам прадукцыі на экспарт.
Фірма зарэгістравана на Міншчыне, у Жодзіна. І як высветлілася, за тры гады існавання не працавала. Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарняўская прапанавала закрыць фірму і адкрыць новую ў нас. Такім чынам прадпрымальнікам бу-дзе прадастаўлены шэраг прэферэнцый.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка прапанаваў таксама дадаткова выкупіць ва ўласную маёмасць былы адміністрацыйны будынак сельгаспрадпрыемства ў Лучыцах. Яго пасля рамонту можна прыстасаваць пад офіс і інтэрнат для тых, хто будзе заняты на вытворчасці. Гэта ідэя была падтрымана юрыдычнымі асобамі.
Як выказаліся прадпрымальнікі, на лесаперапрацоўчым прадпрыемстве плануецца ўстаноўка аўтаматычнай лініі і стварэнне да дзесяці працоўных месцаў.
Па пытанні працаўладкавання на прыём завітаў Міхаіл Драйгал з аграгарадка Пціч. Старшыня райвыканкама даручыў спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аказаць дапамогу ў пошуку працоўнага месца.
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.