Адрэгуляваць, ушчыльніць, ідэальна настроіць камбайны
У мінулую суботу на базе ААТ «Шашкі» адбыўся семінар-вучоба. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы камбайнаў да жніва. Разглядаліся і іншыя пытанні, напрамую звязаныя з ходам уборачнай кампаніі. Падобныя мерапрыемствы напярэдадні былі праведзены абласным выканаўчым камітэтам і камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
– Тэма вельмі важная, бо самае галоўнае сёлета – пастарацца зрабіць усё для таго, каб пазбегнуць страт зерня падчас яго ўборкі, – сказаў, адкрываючы семінар, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. – Многае было зроблена для таго, каб вырасціць высокі ўраджай, але пагодлівыя ўмовы ўнеслі свае карэкцівы. На жаль, ураджайнасць чакаецца ніжэйшай за апошнія тры гады. Пагэтаму трэба яшчэ раз праверыць рэгуліроўку і герметызацыю камбайнаў, ідэальна настроіць рабочыя органы збожжаўборачнай тэхнікі. Сачыць за машынамі на працягу ўсяго жніва і тэрмінова ўхіляць недахопы. Усе, хто ўбірае ўраджай, кантралюе ход жніва і яго якасць, павінны вельмі адказна ставіцца да сваіх абавязкаў – не дапусціць тэхналагічна дапушчальных страт зерня.
Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што трэба малаціць збажыну, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую гадзіну. Марудзіць проста недазваляльна, бо з-за лішку вільгаці зерне ў калоссях ужо пачынае прарастаць. Дапоўніў кіраўніка раёна першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень, які засяродзіў увагу на тым, што на жніве неабходна строга выконваць ўсе патрабаванні пажарнай бяспекі.
Пра тэхналагічную настройку рабочых органаў камбайнаў, іх ушчыльненні і ўхіленні недахопаў, якія з’яўляюцца прычынамі страт зерня, расказалі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Гаўрык, начальнік аддзела раслінаводства Мікалай Клаўшун і галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Мікалай Канкаловіч. Акрамя тэарэтычнай часткі была праведзена і практычная – камбайн праверылі на герметычнасць. Прысутным быў прадэманстраваны інвентар для тэхнічнага абслугоўвання і ачысткі камбайнаў, а таксама інструменты і прыналежнасці па ахове працы і тэхніцы бяспекі, якімі павінен быць укамплектаваны камбайн.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара