Мощная магнитная буря накроет Землю 24 июля
24.07.2018 10:01
—
Разное
Другім палітыкам, якому "Мы" задалі пытаньні ад нашых чытачоў у межах рубрыкі “Грамадзкі кантроль: Палітыка павінна быць адказнай”, стаў лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.
Адказы на пытаньні чытачоў
- Якую б дзяржпасаду маглі заняць пры прэзыдэнце Лукашэнку?
- Я для сябе шчыра вырашыў, што гатовы працаваць на любой пасадзе, карыснай для Беларусі, але толькі пасьля цывілізаваных выбараў.
- Улетку казалася пра намер правесьці антыАЭСную кампанію ўвосень? Ужо зіма...
- Мы ўдзельнічалі актыўна ў падтрымцы двух лякальных кампаніяў, адна зь іх была праведзеная ў Горках, дзе сабралі некалькі тысячаў подпісаў: я ў тым ліку сам езьдзіў зьбіраў подпісы, сустракаўся зь людзьмі. І падтрымліваем таксама кампанію, якая ідзе зараз у Астраўцы. Агульнанацыянальнай кампаніі мы не рабілі.
- Калі бы сталі прэзыдэнтам, якую пасаду мог атрымаць ад Вас Лукашэнка?
- Я думаю, што прэзыдэнт не павінен разьмяркоўваць пасады. Напрыклад, міністраў павінны празначаць парлямэнт, губэрнатар можа быць прадстаўніком прэм’ер-міністра (мне такая схема даспадобы), а далей – ад узроўню мэра гораду – гэта ўсё самакіраваньне, начальнікі павінны абірацца самімі людзьмі.
- Пры якіх умовах вы ня будзеце балятавацца на прэзыдэнта?
- Ня буду балятавацца, калі ўбачу, што ад прабеларускіх, праэўрапейскіх сілаў ёсьць лепшы чалавек. Тады стану побач і буду дапамагаць. Гэта цалкам магчыма… Калі я буду патрэбен, пайду да канца і буду працаваць з усіх сілаў, што маю.
- Ці праўда тое, што Вы скупілі на Гарадзеншчыне цэлую вёску?
- Не. У Шчучынскім раёне, у Берштах, дарагім мне месцы, дзе пахаваныя мае дзяды-прадзеды, я маю драўляны домік 6 на 6 мэтраў. Сын мае купленыя два дамы даваеннай пабудовы, таксама з участкамі, але таксама, як і ў мяне, ня купленая зямля, бо дарагаватая рэч… Сын марыць зрабіць вясковы турызм, адну хату амаль дарабіў. Зямлі ва ўласнасьці я ўвогуле ня маю.
- Ёсьць шмат крытыкі ў бок праграмы Каліноўскага. Маўляў, у яе патрапілі толькі “свае”. Ці згодны Вы з гэтым?
- Калі хоць адзін прыклад хтосьці мне прывядзе, то я буду прасіць прабачэньня. Там толькі тыя людзі, якія самі былі рэпрэсаваныя, альбо паходзяць з рэпрэсаваных сем’яў. Рэпрэсіямі мы лічым звальненьне з працы, адсідку ў турме, штрафы, ліквідацыю дэмакратычнай арганізацыі.
- Пасля рэгістрацыі руху “За Свабоду” ці будзе ён трансфармаваны ў партыю?
- Думаю, што ў недэмакратычных умовах гэта ня мае сэнсу, бо ў нас ёсьць шмат партыяў, але фактычна няма палітычнага поля. Партыям цяжка разьвівацца, бо яны ня маюць магчымасьці лябіраваць інтарэсы пэўных сацыяльных групаў, што звычайна зьяўляецца функцыяй партыі. Таму я думаю, што форма руху зараз найбольш адпаведная, але цалкам дапускаю, што ў дэмакратычнай краіне рух можа пераўтварыцца ў такую праэўрапейскую плятформу.
- Ці можа Мілінкевіч дапамагчы ў пытаньні зніжэньня коштаў на Шэнгенскія візы?
- Рабіў, і раблю ня я адзін, а многія дэмакратычныя лідэры аб гэтым гаварылі і патрабавалі. Я думаю, што ёсьць шанс спачатку зьніжэньня коштаў да 35 эўра, так як гэта зроблена з Расеяй і Ўкраінай. А калі сапраўды ўвойдзем, аб чым я мару, у праграму Ўсходнеэўрапейскага партнэрства, то там з часам будзем у Шэнгенскай зоне.
Бліц-анкета
- Марка машыны, мадэль, год выпуску?
- У мяне Volvo, якому 12 год.
- Колькі пакояў у Вашай кватэры?
- Я ў Менску здымаю трохпакаёвую кватэру.
- Кніга, якую прачыталі апошняй?
- Апошнімі чытаў кнігі па паліталёгіі
- Улюбёныя творы літаратуры і пісьменьнікі?
- Я многіх пісьменьнікаў люблю. Люблю Барадуліна і Быкава. З расейскіх вельмі люблю Платонава. Польскіх чытаю ў арыгінале, вельмі люблю Сянкевіча. Найбольш мяне цікавяць кнігі на гістарычныя тэмы.
- Музыка, якая слухалася і спадабалася апошнім часам?
- Усё больш пераважна слухаю клясыку, хоць увесь час у мяне ў машыне ўключана “Аўтарадыё”, якое вельмі люблю.
- Улюбёныя кампазытары і песьні?
- Кампазытары – Бэтховэн, Бах. Люблю "Бітлз", на якіх вырас. Слухаю таксама сучасныя беларускія рокавыя ансамблі.
- Уражаньні ад апошняга прагледжанага новага фільма?
- Я паглядзеў фільм “Сакрэт” – не мастацкі, ён зрабіў на мяне вялікае ўражаньне. Вельмі добры амэрыканскі фільм аб псыхалягічных аўтатрэнінгах, насычаны хрысьціянскай тэмай.
- Любімыя фільмы і рэжысэры?
- Фэліні вельмі люблю, Таркоўскага.
- Ці маеце хатніх жывёлаў?
- Заўсёды былі. У Менску марым завесьці сабаку, клясычную аўчарку, але паколькі ўвесь час у камандзіроўках, ніяк ня можам гэтага зрабіць.
- Як клічуць жонку, дзяцей, унукаў, дзе працуюць, вучацца?
- Жонка Іна Кулей узначальвае Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Старэйшы сын, пра якога ўжо казаў, спрабуе разгарнуць “зялёны” турызм у роднай вёсцы. Сярэдні сын (я лічу яго сваім сынам, хоць гэта сын Іны), а таксама мой малодшы сын вучацца ў Польшы на міжнародных адносінах у Варшаве і Ўроцлаве. Унучка Машанька мае 6 год, і таму яшчэ нідзе ня вучыцца.
- Вашыя хобі?
- Хобі – перш за ўсё краязнаўства. У свой час для мяне вельмі важным быў спорт. І сур’ёзнае хобі – этнаграфія. Я ў Берштах ствараю і ствару мясцовы этнаграфічны музей. Нядаўна з хлопцамі наразалі на возеры чарот для даху. Пакрылі адзін бок, зараз пакрываем другі. Чарот будзе стаяць гадоў 20-30. Але ж там атмасфэра! Зусім іншая!
- Выбітныя палітыкі ў гісторыі і сучаснасьці?
- Я вельмі паважаю Вацлава Гаўла. У палітыцы прыкладам мусіць быць перш за ўсё чалавек, які, нягледзячы на ўсе словы, сказаныя пра палітыку – што яна брудная, - застаецца маральным. Вельмі хацеў бы такім застацца ў вачах маіх дзяцей, партнэраў.
- Любімы палітычны анэкдот?
- Ёсьць, але непрыстойны.
- Ваш дэвіз?
- Ёсьць такія выдатныя словы маці Тэрэзы: “Тое, што ты будуеш гадамі, хтосьці можа разбурыць за адну ноч. Але ўсё роўна будуй”
- Любімыя алкагольныя напоі?
- Самагон. Я сам умею рабіць добры самагон, у Алжыры навучыўся. Але вельмі люблю сухія віны, і белае, і чырвонае.
- Шкодныя звычкі?
- Я не курыў ніколі, і алкаголем не злоўжываю, так што нібыта яўных няма.
- Любімыя віды спорту?
- Як ні дзіўна, футбол, хаця ўсё жыцьцё баскетболам займаўся.
- Краіна, у якой хацелі б жыць, апрача Беларусі?
- Штосьці паўночнае… Галяндыя, Швэцыя, Нарвэгія… Ня быў у Ірляндыі. Жонка ў захапленьні ад Ірляндыі, хаця там таксама ніколі не была.
- Якімі замежнымі мовамі валодаеце?
- Свабодна – француская і польская, я на іх думаць магу. Ангельская мова ў мяне ня вельмі моцная: я разумею збольшага ўсё, але размоўнай мовы не хапае. Так чытаю, асабліва фізыку, без праблемаў, бяз слоўніка.