Мірскі сельсавет, на тэрыторыі якога знаходзіцца славуты помнік архітэктуры і дойлідства – Мірскі замак, – адна са старажытнейшых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Карэліччыны. Цэнтр сельсавета – гарадскі пасёлак Мір, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1395 годзе, калі крыжакі захапілі і разрабавалі мястэчка.
Здавалася б, што ў населеным пункце з такой міралюбівай назвай павінны быць цішыня і спакой. Але мірская зямля неаднойчы станавілася арэнай баявых дзеянняў. Падчас руска-польскай вайны, сутыкненняў з напалеонаўскай арміяй, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў тэрыторыя Мірскага сельсавета разбуралася і цярпела знішчэнні. Тым не менш мясцовыя жыхары знаходзілі сілы і сродкі, каб аднаўляць народную гаспадарку, жыць і працаваць далей.
Не перастае развівацца Мірскі сельсавет і сёння. Аб чым расказвае яго старшыня Аляксандр Лявонцьевіч Маркевіч, які адначасова з’яўляецца старшынёй Мірскага сельскага Савета дэпутатаў.
– Аляксандр Лявонцьевіч, гаворачы мовай лічбаў, які ён, Мірскі сельсавет?
– Мірскі сельсавет – гэта 17 населеных пунктаў, у якіх пражывае 3232 жыхары: 1783 чалавекі працаздольнага ўзросту, 955 пенсіянераў і каля 480 дзяцей. Большая частка насельніцтва пражывае ў г.п. Мір, агр. Аюцавічы і в. Вялікая і Малая Мядзвядка. Але ёсць і маланаселеныя вёсачкі, такія як Бербашы альбо Студзёнка, дзе 1-2 чалавекі мясцовых жыхароў. На тэрыторыі нашага сельсавета пражываюць чатыры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Гэта У. Д. Буй, К. А. Нянашава, М. М. Харута і П. І. Бычко.
– Актуальнае пытанне на сённяшні дзень – далейшы лёс дамоў, што засталіся без гаспадароў. Якая работа вядзецца згодна з Указам №100?
– На тэрыторыі сельсавета вядзецца планамерная работа з пустуючымі дамамі. Па стану на 1 студзеня кожнага года складаецца рэгістр пустуючых будынкаў, дзе пацвярджаецца, што чалавек не пражывае ў тым ці іншым доме. Каб вырашыць далейшы лёс жылля, стараемся звязацца з уласнікамі дамоў, адсылаем ім апавяшчэнні.
На пачатак бягучага года на тэрыторыі Мірскага сельсавета налічваецца 45 пустуючых дамоў. У 2017 годзе было знесена 2 адзінкі. Яшчэ 3 дамы (2 у в. Сімакава і адзін у Аюцавічах) плануем разабраць у бягучым годзе.
– Аляксандр Лявонцьевіч, ці прывабная мірская зямля для дачнікаў?
– Сапраўды, Мірскі замак і непаўторныя краявіды мясцовасці прывабліваюць гараджан. Напрыклад, у в. Беражна і Прылукі шмат дамоў, якія выкуплены пад дачы. Купляюць дамы і ў г.п. Мір. Акрамя таго, Мірскі сельсавет лідзіруе па колькасці аграсядзіб. Іх налічваецца 6. Усе яны функцыянуюць і гатовы прапанаваць выдатны адпачынак на мірскай зямлі.
– Уражанне ад наведвання таго ці іншага сельсавета залежыць ад яго чысціні. Што робіцца для таго, каб міні-палігоны не псавалі знешні выгляд населеных пунктаў?
– Сёння на тэрыторыі Мірскага сельсавета знаходзяцца 2 міні-палігоны: у гарадскім пасёлку і Аюцавічах. У мінулым годзе была рэкультывавана звалка цвёрдых побытавых адходаў у в. Вялікае Сяло, а ўжо ў бягучым годзе – у в. Сімакава, Беражна і Мядзвядка.
На сённяшні дзень 76% населеных пунктаў ахоплены цэнтралізаваным зборам смецця. Назіраецца станоўчая дынаміка: многія мясцовыя жыхары і дачнікі тэлефануюць і звяртаюцца ў сельсавет, каб даведацца, якім чынам можна заключыць дагавор на цэнтралізаваны вываз цвёрдых побытавых адходаў.
– У Год малой радзімы хацелася б даведацца, якіх славутых землякоў нарадзіла мірская зямля?
– Г.п. Мір вядомы не толькі архітэктурнымі помнікамі, але і таленавітымі ўраджэнцамі. Ён з’яўляецца радзімай вядомых беларускіх акцёраў братоў Ільінскіх, пісьменнікаў Р. Я. Тармолы-Мірскага і В. М. Іпатавай. Кандыдат медыцынскіх навук І. Г. Ігнатовіч, доктар гістарычных навук Янка Запруднік таксама нарадзіліся ў Міры. Мірскую зямлю ўславілі суддзя міжнароднай катэгорыі В. Д. Жук, чэмпіёнка міру па веславанні на байдарках Т. М. Шыманская. Нельга не ўзгадаць пра нацыянальнага героя Чылі, Беларусі і Польшчы Ігната Дамейку.
Мірская зямля здаўна славілася працоўнымі подзвігамі. Аднымі з яе старанных працаўнікоў былі В. Ф. Катлоўскі, які ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Знак Пашаны, Ф. А. Кананенка, жывёлавод саўгаса “Мірскі”, які адзначаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. І гэта толькі некаторыя імёны тых людзей, якія аддавалі ўсе сілы дзеля росквіту роднай зямлі.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.