Здаравейшых бачылі

Источник материала:  
16.07.2018 — Разное

Здаравейшых бачылі

Пасля чарговай шматлюднай разумнай нарады, на якой шматаспектна абмяркоўвалася пытанне пра здароўе і дзе сродкам масавай інфармацыі па традыцыі нарэзалі задач па асвятленні тэмы на старонках газет і сайтаў, захацелася пабурчэць.

Логіка мая такая. Аб’ектыўна нашымі асноўнымі падпісчыкамі з’яўляюцца людзі далёка за… Пачнём з “за 40”. Дык вось, у іх даўно сфарміраваўся светапогляд, зацэментаваліся звычкі і сфарміравалася культура пітва і харчавання. Упэўніць іх у няправільнасці каторага са сцэнарыяў паводзін будзе вельмі-вельмі і яшчэ раз вельмі цяжка. Сваяка – курца амаль з 60-гадовым стажам – адмовіцца ад цыгарэты прымусіла немач, калі ў яго ціск паказаў такую амплітуду, што пазайздросцяць дзіцячыя арэлі ў двары на Карла Маркса. У сукупнасці з перманентным напамінам дачкі пра тое, што ў яго праблемах з анкалогіяй вінаваты менавіта тытунь. І каб не амаль што беспрытомны стан некалькі разоў запар і штомесячныя “заляганні” на бальнічным ложку, стаж смактання цыгарэтнага фільтра матаўся б і ў наступныя гады.

…На жаль, ні наша газета, з сотнямі выступленняў  урачоў, яшчэ сотнямі артыкулаў журналістаў пад рубрыкай “За здаровы лад жыцця” і ні красамоўнае адлюстраванне, да чаго прыводзіць празмернае ўжыванне тытуню, на цыгарэтных пачках сваю прафілактычную функцыю не змаглі выканаць.

Дык з якога ж боку падступіцца да свядомасці нашых землякоў, каб яны зразумелі, што алкаголь і тытунь,  наркотыкі і клей “Момант”, пераяданне і фізічная лянота, брудныя вада і паветра, стрэсы – гэта самыя прамыя і галоўныя фактары нашага нездароўя? Пытанне для мяне пакуль з разраду рытарычных.

Пагаварыць пра здароўе, канечне, можна. І пра агульнае, і пра фізічнае, і пра псіхічнае. Згадаць у тым ліку пра генетыку, якая, канечне ж, фарміруецца і можа змяняцца, хай сабе і павольна. Пакалякаць пра ўзровень медыцыны, які таксама зменлівы і зараз не самы горшы за ўсю сваю гісторыю – аб’ектыўна лепшы! Пафіласофстваваць пра ўласнае стаўленне, разуменне, прыняцце мер па захаванасці ўласнага здароўя, калі яно яшчэ ёсць, або мер па яго паляпшэнні.

Але размовы ёсць размовы, і карысць ад іх хіба толькі для адной з магутных мышц у арганізме – языка.

Ужо нават аскоміну набіла інфармацыя пра тое, што ў чынніках здароўя львіную долю займае адпаведны лад жыцця і асяродак, які чалавек павінен зрабіць сабе ў большасці сам. А дзяржаўныя інстытуты па меры фінансавых магчымасцяў у тым дапамогуць.

І, ведаеце, мне падаецца, што тут сваю долю вялікай здароўезберагальнай місіі павінны знайсці яшчэ і працоўныя калектывы.

На мой погляд, здароўе – гэта стадыён, які запоўнены ў святы і будні, у тым ліку дэлегацыямі прадпрыемстваў і арганізацый. Калі не на полі, то на трыбуне – адназначна.

Здароўе – гэта спартпляцоўкі ў дварах, трэнажоры, турнікі, брусы, рукаходы, стрытбольныя пляцоўкі, у фінансаванні якіх можа прыняць удзел як мясцовы бюджэт, прадпрыемства камунальнай гаспадаркі, так і жыльцы мікрараёнаў. Гэта спартыўныя куткі на прадпрыемствах: трэнажорныя залы, тэнісныя сталы, на ліхі канец дартс. Памятаеце, як у час перапынкаў работнікі прадпрыемства ў вядомай савецкай кінастужцы “Самая абаяльная і прыцягальная” ладзілі тэнісныя баталіі? Чаму б не пераняць падобны вопыт? Ці зашмат месца зойме тэнісны стол у і без таго бязмежных калідорах кантор пяцідзесяцігадовай даўніны пабудовы?

Здароўе – гэта дваровыя чэмпіянаты, прызы пераможцам якіх на першым этапе могуць выдаць з бюджэту праз адпаведныя структуры ці з узносаў грамадскіх фарміраванняў, а затым ужо, калі ў грамадстве сфарміруецца нармальная здароўешанавальная культура, калі хочаце – мода на здароўе, можна змагацца на інтарэс або за прызы ў складчыну. Ёсць спартыўныя федэрацыі ў нас, якія працуюць па прынцыпе самаакупнасці. І практычна праз узносы на ўдзел у чэмпіянатах і спаборніцтвах, а таксама дзякуючы выпуску каляспартыўнай сувенірнай прадукцыі не проста функцыянуюць, але і павышаюць прэстыж сваіх спаборніцтваў і кваліфікацыйны ўзровень суддзяў-арбітраў.

Працягнем шэраг атрыбутыўных характарыстык здароўя. Па-мойму, здароўе – гэта яшчэ ведамасныя і міжведамасныя спартакіяды, гарадскія і вясковыя спартыўныя святы. Ці шмат арганізацый у нашым раёне могуць пахваліцца, што бралі актыўны ўдзел у падобных мнагаборствах або турнірах? Дзве-тры? Камунгас, лясгас, вузел электрасувязі… Пра каго мы яшчэ пісалі на старонках газеты? Яшчэ праўда, апавядалі пра турзлёты працоўнай моладзі, якія ў нас чамусьці сышлі ў нябыт.

А менавіта ў калектыўным спартыўным настроі я бачу адраджэнне нашых некалі гарачых футбольных і валейбольных баталій. Колькі там зараз каманд заяўляецца на ўдзел у раённых спаборніцтвах па гэтых відах спорту – чатыры, пяць? Гэта, што называецца, на мяжы фола, бо згодна з палажэннямі фінансава апраўдаць правядзенне такіх турніраў можна толькі з удзелам мінімум пяці каманд.

Паверце, сябры, я абедзвюма рукамі хаця б за фізкультхвілінкі на працы, не кажучы ўжо пра арганізацыю ці ўдзел членаў калектыву ў спаборніцтвах у будзённыя дні пры ўмове захавання заработнай платы. Выключыце на гадзіну ўмоўныя станкі і збярыце работнікаў ў “ленінскім” пакоі на чэмпіянат па шашках, даміно, прэферансе.

Дайце людзям станоўчых эмоцый, спартыўнага азарту, эндарфіну. Збярыце на паўгадзіны ў пятніцу ў фае на спаборніцтвы па скачках у даўжыню з месца, пастаўце ў прыёмнай шэфа гіру-пудоўку або паўпудоўку. І калі інструктар-метадыст у штаце – гэта дорага, то хай гэтым зоймецца прафсаюзны актыў, малады спецыяліст, бээрэсэмавец, які працуе ў вашым калектыве.

Знайдзіце 10 літраў саляркі – прывезці сваіх спартсменаў на раённыя спартакіядныя спаборніцтвы, якія, балазе, са скрыпам, але праводзяцца, няхай сабе і ў адной, аб’яднанай спартакіядзе.

Зважаючы на псіхічнае здароўе, якое ў непарыўнай еднасці з фізічным, хочацца адзначыць, што жыццё чалавека – імгненне, дык няхай яно будзе прыгожым, здаровым, шчаслівым. Збірайце калектывы па прыемных акалічнасцях – скажам, на канцэрт хаця б мясцовых артыстаў. Самых-самых вывезіце ў гомельскі цырк, Купалаўскі тэатр, Нясвіж, Львоў, Карпаты, Гданьск. Купіце за прафсаюзныя ўзносы два білеты на “Славянскі базар” – ушануйце перадавікоў. Арганізуйце сямейны паход, турзлёт хаця б на адзін дзень. У нас не можа і не павінна ўсё святочнае круціцца толькі вакол дзяржаўных святаў і “Дажынак” – арганізуйце свае, можа, і простыя, але ад душы. І працэс пойдзе, я проста ўпэўнены. Хай Вам, экс-генсек Гарбачоў, лёгенька ікнецца.

… А цяпер пра інфраструктуру для  спартыўнага здароўя. Яе, безумоўна, трэба ствараць і як мага хутчэй, пакуль хоць хтосьці ў нас яшчэ бегае на стадыёне-даўгабудзе і ўзмацняе рукі на адзіных, здаецца, грамадскіх брусах у горадзе на спартыўным кутку па вуліцы Вароўскага, што за будынкам інспекцыі энергазбыту. Там, дзе яшчэ перакладзіна турніка на рост падлетка і круціцца па восі.

А я ўпэўнены, што такія куткі павінны быць у кожным двары шматкватэрнага дома. Не перакошаныя драўляныя альтанкі для аматараў “чарніла”, а як мінімум турнік і брусы.

Не так даўно ў штаце камунгаса была адзінка спартінструктара, які, па-логіцы, павінен быў праводзіць розныя спаборніцтвы па месцы жыхарства. Было нават і нейкае мэтавае фінансаванне гэтай справы за кошт якіхсьці там працэнтаў адлічэнняў. Вось каб такое было магчыма зараз, многія мае сённяшнія словы страцілі б актуальнасць. Можа, нават і ў нас рэалізаваўся б прэзентаваны летась на семінары ў нашым раёне з удзелам прадстаўнікоў абласной пракуратуры і камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама праект “Тата-зала”, які паспяхова жыве і, як гэта будзе па-руску, “здравствует” у Гомелі (каму цікава, зірніце сюды: http://papazal.by).

І гэта заадно вырашыла б праблему выхавання ў духу здаровага ладу жыцця дзяцей і падлеткаў, бо не трэба нікога пераконваць, што асабісты прыклад і ў гэтым плане – не пераказаць, які значны. Гэта мушу пацвердзіць на ўласным вопыце. Калі на першым сваім сумесна з сынам забегу на Гарыцах увосень фору даваў я, то гэтай вясной, пакуль я, аддуваючыся на ўвесь лішні дзясятак (ой, добра – дваццатак) кілаграмаў, прабег адзін круг, сын лёгенька праімчаў амаль  два. І цяпер ён з сябрам ці не штодзень імкнецца прабегчы некалькі кружкоў на стадыёне. І няхай сабе стаптаныя красоўкі на падлетка ў нас хутка не адновіш, з гэтай радасці знарок завязу на рынак да суседзяў.

Ну вось. Пабурчэў і… напісаў усё-такі чарговы артыкул на зададзеную пад пратакол тэму. Але ці ж няпраўду сказаў?

… Але, шаноўныя, загаварыўся я з вамі тут, а пара на “забег”. Вунь, знаёмыя кабеткі буксуюць на Гарыцах, сябар-барадач паруліў на веліку па сваім штодзённым маршруце. Але мне на Муляраўскую, абганю былую суседку, якая з сяброўкай амаль кожны дзень шпацыруе на ўсходні ўскраек горада і назад у цэнтр. Можа, сустрэну бабульку, што, узброіўшыся палкамі для так званай скандынаўскай хадзьбы, упэўнена ідзе за сваімі калі не гадамі, то месяцамі здароўя. Хто з намі?

Пятро ШАДУРА.

Фота аўтара.

←Ближняя сторона Луны темнее, чем дальняя

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика