Вось дык частавалі на “Чарнічным фэсце” у Больцішках! (Фота)
Ліпеньскае свята ў гонар гэтай карыснай і смачнай ягады другі год збірае жыхароў і гасцей аграгарадка. А як жа яго тут не ладзіць, калі столькі ягадных мясцін вакол! Руплівыя мясцовыя гаспадыні чарніцамі не толькі сваю сям’ю штогод забяспечваюць, але і для свята запас робяць. Лепшым збіральніцам — Алене Цевель, Ганне Юрэвіч, Ірыне Бароўскай — арганізатары свята не толькі падзякавалі са сцэны, але і падрыхтавалі падарункі.
На фэсце ў Больцішках ягад сапраўды было шмат. Імі частавалі гасцей, елі на хуткасць, з імі дэфіліравалі. Чарніцы былі галоўным упрыгожваннем пірагоў і хатняй выпечкі, якую прадставілі на конкурс работніцы Нацкага, Жырмунскага, Радунскага, Місявіцкага цэнтраў культуры.
Галоўнай на свяце была Ягадная Пані, якая паставіла перад гасцямі задачу выбраць Каралеву “Чарнічнага фэсту”. Шасцярым прэтэндэнткам на тытул прыйшлося вытрымаць некалькі творчых конкурсаў, пакуль яе. Каралевай свята журы вызначыла вясёлую, спрытную і каларытную Людмілу Лебядзевіч з Нацкага цэнтра культуры і дасуга.
Галоўным жа сюрпрызам на фэсце стаў чарнічны дэсерт ад Больцішскага ЦКіД, які ўразіў сваімі памерамі. Пачастунку хапіла на ўсіх гасцей свята. Было смачна!
Падрабязней аб фэсце ў Больцішках чытайце на старонках “Воранаўскай газеты”.
Врольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара.