Пад пакровам святых Пятра і Фяўроніі

Источник материала:  
15.07.2018 — Разное

Пад пакровам святых Пятра і Фяўроніі

У дзень памяці святых дабраверных Пятра і Фяўроніі 8 ліпеня ў Стоўбцах прайшоў фестываль сям’і. Яго арганізатарамі выступілі раённы выканаўчы камітэт і Стаўбцоўскае благачынне.

Святыя Пётр і Фяўронія, мурамскія цудатворцы, лічацца ахоўнікамі хрысціянскага шлюбу і заступнікамі сям’і. У дзень іх памяці ў Расіі святкуецца Усерасійскі дзень сям’і, вернасці і любові.

Чым заслужылі гэтыя святыя, якія жылі стагоддзі назад, такой увагі да сябе? Як апавядае жыціе, Пётр быў родным братам Паўла, які княжыў у Мураме. Аднойчы, выратоўваючы гонар жонкі Паўла, Пётр рашыўся на няроўны бой са змеем, здолеў атрымаць перамогу, аднак цела яго, забруджанае кроплямі крыві змея, ператварылася ў страшныя язвы. Вылечыць іх змагла адна дзяўчына з беднай сям’і дрэвалаза ў разанскіх землях з умовай, каб ён узяў яе замуж. Баяры не прынялі простую маладзіцу, а яе мудрасць, высокія хрысціянскія дабрадзейнасці выклікалі ў іх зайздрасць, зласлоўе. Яны патрабавалі выселіць Фяўронію з княства. Пётр не пакінуў сваю суджаную, адрокся ад княства, і яны пакорліва падаліся з Мурама ў выгнанне. Аднак у княстве пачаўся такі раздор, такія непаладкі, што баяры сталі шукаць Пятра і Фяўронію з просьбай да іх вярнуцца назад, у Мурам. Не трымаючы крыўд ні на кога, яны павінаваліся гэтай просьбе і вярнуліся ў княства. Пасля смерці брата Пётр заняў княжаскі трон і правіў мурамскімі землямі. Пётр і Фяўронія прынеслі з сабою мір, жылі чыстым хрысціянскім жыццём, тварылі міластыню, добрыя справы. На схіле веку яны па ўзаемнай згодзе прынялі манаскі пострыг з імёнамі Давід і Еўфрасінія . Хоць і жылі ў розных манастырах, яны прасілі Бога адысці ў вечнасць адначасна і завяшчалі пахаваць іх у адной дамавіне. Гасподзь даў ім па іх просьбе – памерці ў адзін дзень. Парушыўшы іх запавет, іх пахавалі асобна, таму што палічылі ганебным пахаваць манаха і манахіню ў адной грабніцы. Аднак на наступны дзень іх целы цудам аказаліся разам. Іх подзвіг вернасці і чыстай любові да апошніх дзён служыць ідэалам хрысціянскага шлюбу.

Пасля Бажэственнай літургіі ў кафедральным саборы святой праведнай Ганны пачатак фестывалю паклаў хрэсны ход ад сабора да гарадскога парку. Адкрываючы фестываль Прасвяшчэннейшы ўладыка Павел, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі, павіншаваў стаўбчан з Днём дабраверных князёў Пятра і Фяўроніі, звярнуў увагу ўдзельнікаў свята на тое, што прыклад жыція гэтых святых паказвае, што жывучы ў сям’і, у шлюбе, чалавек можа дасягнуць Нябёсных вышынь. І перад грамадствам стаіць задача падняць на новы ўзровень адносіны да сям’і, да шлюбу, паказаць, як гэта важна для кожнага чалавека, для наступных пакаленняў. Чым мацнейшая сям’я, тым мацнейшыя грамадства і дзяржава.

Ад райвыканкама з прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль, якая падкрэсліла, што ва ўсе часы сямейныя каштоўнасці і традыцыі былі непарушным слупом стварэння моцнай, добранадзейнай сям’і. Сям’я, як асноўны элемент грамадства, застаецца захавальніцай духоўна-маральных каштоўнасцяў. На сучасны момант на дзяржаўным узроўні асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню паспяховай сям’і.

У праграму фестывалю быў уключаны конкурс маладых сем’яў. Каб прыняць запрашэнне паўдзельнічаць у ім, сем’ям патрэбна было правесці вялікую падрыхтоўчую работу, таму што конкурс уключаў некалькі этапаў. Выклікае вялікую павагу, што змаглі справіцца з гэтай няпростай задачай і прыняць удзел у свяце тры сям’і нашага раёна.

Сям’ю Усціновічаў са Стоўбцаў прадстаўляюць Сяргей Анатольевіч, манцёр пуцей Баранавіцкай чыгункі, Наталля Казіміраўна, намеснік дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іх дачушкі Маргарыта і Аліна. Сям’я Руч’ёвых з аграгарадка Дзераўная не адзін раз удзельнічае ў розных конкурсах і выклікае вялікую сімпатыю. Аляксандр Уладзіміравіч працуе слесарам на МТК «Заброддзе»ААТ «Дзераўное», Марыя Паўлаўна – тэхнікам-асемянатарам на гэтым жа комплексе. У іх сям’і чацвёра дзяцей – Даніла, Мацвей, Уладзіслаў, Надзея. Галава сям’і мае выдатныя вакальныя даныя і заўсёды радуе публіку сваім выступленнем. Як і заўсёды, на дапамогу Руч’ёвым прыйшла маці Марыі Паўлаўны – Алена Антонаўна Януковіч, маці васьмярых дзяцей і 13 унукаў. Яна ў час конкурсаў прыглядала за малой Надзейкай.

Цэнтральная раённая бальніца прадставіла на раённы конкурс сям’ю маладых урачоў Міскевічаў – анэстэзіёлага-рэаніматолага Дзмітрыя Аляксандравіча і тэрапеўта Яну Валер’еўну, абаяльных прыгожых маладых людзей.

Удзельнікі фестывалю дружна падтрымлівалі сем’і ў час конкурсаў, якія дэманстравалі ўсім, як прыемна жыць у згодзе, любові, вернасці і выхоўваць дзяцей не толькі словамі, а і ўласным прыкладам жыцця.

Патрэбна адзначыць і актыўнасць прадстаўнікоў калектываў, дзе працуюць канкурсанты. Працаўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пад кіраўніцтвам дырэктара Святланы Блашко правялілі вялікую падрыхтоўчую работу ў час арганізацыі раённага фестывалю, прадставілі сваю сям’ю і ў час свята прынялі самы актыўны ўдзел, выступілі на сцэне. Сям’ю Руч’ёвых, якая і выйшла пераможцай, прыехалі падтрымаць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Марына Шыманец і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Галіна Карповіч.

Прыгожым момантам свята было ўшанаванне сям’і Івана і Леакадзіі Клімовічаў з Апечак, якія ў гэтым годзе святкуюць 45-годдзе сямейнага жыцця. Павіншаваць іх прыйшлі іх дзеці і ўнукі. Іх сын Дзмітрый Іванавіч – дырэктар гімназіі № 1 г. Стоўбцы, дачка Алена Іванаўна – галоўны спецыяліст у Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Юбілярам уручылі падарункі: клірык кафедральнага сабора айцец Георгій Кур’ян – ад благачыння, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль – ад РГА «Белая Русь», памятнае пасведчанне і юбілейны медаль для юбіляраў падрыхтаваў аддзел ЗАГСа райвыканкама. Раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» прафінансавала падарункі для ўсіх удзельнікаў конкурсу. Іван Канстанцінавіч і Леакадзія Міхайлаўна Клімовічы падзяліліся з удзельнікамі свята, што іх аб’ядналі не толькі гарачыя пачуцці, але і песня. Са сцэны, у дуэце, яны выканалі некалькі песень. Гэта было вельмі адметна і прыгожа. Віншавалі юбіляраў і ўдзельнікі песеннага калектыву, у якім многія гады спяваюць Іван Канстанцінавіч і Леакадзія Міхайлаўна.

Песеннымі нумарамі фестываль аздобілі мастацкія калектывы, салісты раённага Цэнтра культуры і сельскіх устаноў культуры.

Першы раённы фестываль сям’і, плануецца, пакладзе пачатак гэтаму патрэбнаму сумеснаму з Царквою і свецкай уладай мерапрыемству, накіраванаму на папулярызацыю ў грамадскай свядомасці вобраза сям’і, арыентаванага на духоўнасць, святасць адносін мужа і жонкі, хрысціянскае выхаванне дзяцей і захаванне сямейных традыцый.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота аўтара

і Аляксандра ПЯТРОВА

←"Дачные истории": купили дачу и теперь муж каждые выходные воплощает там свои идеи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика