Первый человек в Кугонях – старейшина Ефросинья Кузнецова
Добры старэйшына – памочнік, дарадца і вяскоўцаў, і мясцовай улады. Менавіта такія людзі ўзначальваюць вясковае самакіраванне ва ўсіх населеных пунктах Вяркудскага сельсавета. Але сярод іншых вылучае старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак старэйшыну Кугоняў Ефрасінню Ільінічну Кузняцову.
Невялічкая вёска на мяжы з Лепельскім раёнам ведала лепшыя часы: калі была цэнтрам калгаса “Рассвет”, некалі яе нават дзялілі на Кугоні першыя і другія, а пасля Вялікай Айчыннай вайны тут пражывала каля 250 чалавек. Зараз даўно ўжо няма гаспадаркі, ды і пражывае каля 15 жыхароў, а зімой і таго менш, бо многіх пажылых забіраюць у гарады дзеці. Але да ліку неперспектыўных Кугоні не аднясеш з-за ўдалага размяшчэння: вёска раскінулася ўздоўж маляўнічага возера Оталава, якое прыцягвае рыбакоў, аблюбавалі тут участкі і дачнікі.
“Дрэнны з мяне ўжо старэйшына! Летась зламала нагу – сур’ёзная траўма і зараз моцна дае аб сабе ведаць: цяжка рухацца, як раней ужо не пабегаю. У аўталаўцы тавараў хапае, якіх няма – можна заказаць. Дарогу чысцяць і грэйдзіруюць, тэлефонная сувязь нармальная, паштальёны наведваюцца… Вось і выходзіць, што не вельмі і шмат у мяне абавязкаў”, – сціпла ацэньвае сваю дзейнасць Ефрасіння Ільінічна. Тым не менш, яна заўсёды “на провадзе”, трымае сувязь з сельвыканкамам і адпаведнымі службамі, збірае сродкі самаабкладання. Ведае і пра справы суседняга Зарэчча, бо з’яўляецца старэйшынам яшчэ і гэтай вёскі, дзе зарэгістравана ўсяго пару чалавек.
Дачнікі ў цёплую пару года складаюць палову Кугоняў. Некаторыя толькі зімой перабіраюцца ў гарады, а ўлетку нічым не адрозніваюцца ад мясцовых жыхароў – смецце абы-куды не выкідаюць, траву ля сядзіб абкошваюць, дамы і агароджы фарбуюць і даглядаюць. Увогуле з імі ў старэйшыны складваюцца добрыя адносіны: у выпадку адсутнасці суседскіх дачнікаў, Ефрасіння Ільінічна, напрыклад, паліе памідоры, прыглядае за іх сядзібай.
Абраннікам вёскі жанчына з’яўляецца з 2016 года, аднак мае вопыт грамадскай дзейнасці, бо пераняла эстафету старэйшынства ад свайго мужа Леаніда Сямёнавіча, якому пастаянна дапамагала. Таму калі яго не стала, пытання аб тым, хто зоймецца гэтай справай нават і не ўзнікала.
Хоць і нарадзілася Ефрасіння Ільінічна ў суседніх Старых Турасах, але Кугоні лічыць родным кутом – тут прайшла большая частка яе жыцця. Сюды выйшла замуж, працавала ў мясцовым калгасе, а таксама каля дзясятка гадоў паштальёнам. “Шмат газет, пісем і паштовак прыходзілася насіць. З вялікай сумкай трэба было зрабіць немалы абход па суседніх вёсках. Часам, каб скараціць шлях, ішла па мастку праз рэчку і несла не толькі пошту, а і… малаток, каб парамантаваць кладку ці проста забіць цвік, за які магла б зачапіцца сама ці іншыя. Не адзін малаток такім чынам пакінула ў рэчцы, а мой гаспадар усё здзіўляўся, куды яны знікаюць”, – прыгадвае Е.І.Кузняцова. Іх сям’я заўсёды была прыкладам гаспадарскага стаўлення да зямлі. Трымалі кароў з цялятамі, авечак, свіней, птушку – з гэтага толькі і жылі. Такімі ж працавітымі выраслі і двое сыноў, якія не забываюцца пра маці.
Першым чалавекам на вёсцы яе можна назваць не толькі з-за грамадскай пасады, а і таму, што часам зімой яна застаецца адна ў першай палове населенага пункта. Але пакідаць родныя мясціны не хоча, хоць настойліва і клічуць да сябе дзеці. “У іх добра, але дома – лепш, – сцвярджае жанчына. – Неяк давялося пасля пералому пабыць у іх, а калі праз некаторы час вярнулася дадому, хацелася расцалаваць свае вуглы”.
Падводзіць ужо здароўе 80-гадовую жанчыну, аднак яна не запускае ўласныя соткі і садзіць агародніну, а таксама кветкі, якія радуюць улетку вока ёй і ўсім, хто праходзіць міма. Адным словам, па-ранейшаму з’яўляецца прыкладам для сваіх аднавяскоўцаў.
Вольга КАМАРКОВА.