Большая польза маленького моста. Ушачане рады новому пешеходному мосту через реку Ушача
За тыдзень пасля “ўводу ў эксплуатацыю” драўлянага мастка праз раку, па ім прайшлі сотні чалавек. Двукоссе ставім наўмысна, бо аднаўленне гэтага шляху ішло без праектна-каштарыснай дакументацыі і дзяржаўнага фінансавання – ён не лічыцца на балансе ні камунгаса, ні прамкамбіната, ні якой іншай арганізацыі. І з гэтай прычыны, зразумела, на аб’ект нельга было патраціць бюджэтныя сродкі. Але на рамонт разлічвалі многія ўшачане, якія звярталіся ў райвыканкам – масток, які ў апошнія гады стаў аварыйным, значна скарачаў шлях жыхароў, што спяшаюцца раніцай на працу з мікрараёна вуліц Е.Лось, Дуброўскага, Данукалава, Кастрычніцкай і прылеглых да іх, пенсіянераў у бальніцу. Ды і ў адваротным напрамку паток пешаходаў значны – для многіх жыхароў райцэнтра гэты шлях з’яўляецца самым кароткім да могілак. І праблему ўдалося вырашыць дзякуючы сумесным намаганням органаў улады, грамадскасці і грамадзянскай пазіцыі гаспадара ПГУП “ТэхнаКрас” П.І.Герасімёнка.
– Яшчэ не было поручаў, ды і насціл не да канца гатовы, а людзі ўжо ішлі, – расказвалі на мінулым тыдні работнікі прыватнага прадпрыемства Сяргей Казлоў і Віктар Шарлай (на здымку), з якіх і складалася брыгада мясцовага “мастабуда”. – Папацець прыйшлося, шэсць дзён затрацілі на работу. Атрымалася быццам бы нядрэнна …
Новенькі масток выглядае вельмі прывабна і прыемна пахне свежай смалой. Драўніну на яго будаўніцтва выдзеліў Ушацкі лясгас, далучылася да карыснай справы і “Белая Русь” – грамадскае аб’яднанне, вядомае многімі ініцыятывамі па добраўпарадкаванні, не засталося ў баку і ў гэтай, аплаціўшы частку піламатэрыялаў. Ну а цвікі, бетон, іншыя расходнікі і самае галоўнае – рабочыя рукі – ад “ТэхнаКраса”.
Вопыту падобнага будаўніцтва хлопцы не мелі, ды і справа гэта складаная, але рабілі ўсё на сумленне. Лес-кругляк на аснову прыйшлося распілоўваць – немагчыма было ўдваіх і нават з дапамогай П.І.Герасімёнка ўручную справіцца з цяжкімі бярвёнамі. Са старых элементаў засталіся толькі бетонныя кольцы-апоры. Зрэшты, і да іх будаўнікі таксама прыклалі рукі. “Адно цячэннем зрушыла, – кажа С.Казлоў, – першапачаткова думалі, што не атрымаецца ўстанавіць яго на месца – і мост пакрывее. Але ўдалося, хоць і цяжка было. Зараз мы пустоты апор забуцілі і нават зрабілі з цэменту плаўныя скосы, каб мінімізаваць уздзеянне цячэння.”
Наогул, у працэсе ўзвядзення масток пастаянна ўдасканальваўся. Напрыклад, раней поручы былі толькі з аднаго боку, зараз – з абодвух. Шчыльны насціл з дошкі-пяцёркі вытрымае значную вагу, а падыходы да мастка па берагах вымашчаны шчэбенем.
– Калі ўжо рабіць поўны цыкл, то трэба было б насыціць драўляныя элементы канструкцыі спецыяльным растворам, – даюць слушныя парады будаўнікі. – Так яны праслужаць даўжэй і не прыйдзецца праз некалькі гадоў зноў будаваць новы масток. Зараз ёсць розная хімія для гэтага. А вось у даўнія часы драўляныя апоры перад апусканнем у ваду апрацоўвалі дзёгцем…
Ёсць яго лыжка і ў гэтай станоўчай гісторыі. Не на драўляных лагах, а ў адносінах людзей да вырашэння пытання. З ім да ўлад звяртаўся не адзін чалавек, заходзілі са скаргамі і да нас ў рэдакцыю. А вось прыняць удзел у карыснай справе, дапамагчы рублём ці забіць цвік пры рамонце, па словах намесніка старшыні райвыканкама А.В.Галяковіча, ахвотнікаў не знайшлося.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.