Адзін з самых высокіх балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання атрымала выпускніца Фядорскай СШ Вікторыя Цярлецкая. За тэсціраванне па біялогіі і беларускай мове яна атрымала па 100 балаў. За ЦТ па хімііі – 98 балаў. Сярэдні бал атэстата ў дзяўчыны 10, таму ў выніку для паступлення ў вну яна мае 398 балаў.
Імя Вікторыі Цярлецкай ужо неаднойчы гучала са старонак не толькі нашай газеты, а і абласных, рэспубліканскіх СМІ.
Дзяўчына была пераможцай прадметных алімпіяд рознага ўзроўню.
Адкуль жа ў вясковай дзяўчыны такі патэнцыял і цяга да ведаў? – спытала я ў яе маці Наталлі Васільеўны.
– Калі Вікторыі было 9 гадоў, яна страціла тату. І вось добра памятаю: ідзём мы па вуліцы, а яна пытае: мама, наша прозвішча загучыць некалі?
Мама не можа сказаць, што адводзіла шмат часу навучанню дачкі, бо ў сям’і выхоўваўся старэйшы сын з цяжкім медыцынскім дыягназам. Але кожную хвіліну Наталля Васільеўна старалася ўдзяліць дачцэ – яна расказвала ёй казкі, прывівала любоў да чытання, заўжды набывала дадатковыя матэрыялы па розных прадметах. А Віка пасля таго, як рабіла дамашнія заданні, старанна бралася за выкананне дадатковых.
Лепшым падарункам для дзяўчыны на любое свята была кніга. У сям’і практычна не гля-дзяць тэлевізар. А вось кнізе ў доме адводзіцца важнае месца. Таму і Віка навучылася чытаць у чатыры гады. З таго часу з кнігай не разлучалася.
Яшчэ адзін сакрэт, які адкрыла мама: яна рэкамендавала дачцэ вучыць на памяць вершы, якія ў школе задавалі пачытаць. Ды Віка і па сваім жаданні добра вучыла вершаваныя творы Чукоўскага, Маршака, Барто.
– Я ёй казала: вывучыш – гэта добра для памяці, – згадвае мама.
Менавіта дзякуючы сваёй добрай памяці, старанню, працавітасці і, канешне, таленту Вікторыя змагла дасягнуць такога рэзультату.
Віка ўжо выбрала сваю будучую спецыяльнасць – фармакалогія ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У яе ёсць канкрэтная мэта – вынайсці прэпарат, які дапамог бы брату падтрымліваць здароўе.
Размаўляю з ёю адразу пасля атрымання сертыфікатаў, з якімі яна толькі што вярнулася з Пінска.
– Калі даведаліся пра вынік, то вельмі радаваліся, што ўсё скончылася, што добры вынік, што праходжу на выбраную спецыяльнасць. Атрымлівала і атрымліваю шмат віншаванняў ад знаёмых, сяброў, настаўнікаў. Даю інтэрв’ю розным выданням.
– Што ж папярэднічала практычна максімальнаму рэзультату? Колькі часу было прысвечана падрыхтоўцы да ЦТ? – пытаю ў дзяўчыны.
– Ды стамлюся лічыць, – смяецца яна. – На самай справе ЦТ – гэта не так страшна. Ты ж прыходзіш на тэсціраванне з запасам ведаў, якія атрымліваў не адзін год. Страшна толькі да таго моманту, як прынясуць канверт, адкрыюць яго. Бо ты глядзіш і разумеешь: у гэтым канверце твой будучы лёс. Калі ж адкрываюць канверт, то ты ўжо застаешся сам-насам з заданнямі і проста іх выконваеш.
Віка вельмі рознабакова развітая асоба. У яе дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. Акрамя гэтага першыя месцы на раённай алімпіядзе па геаграфіі і грамадазнаўстве. А чаму былі выбраны прадметы, якія яна нават не планавала здаваць на ЦТ?
– Вучыць адзін прадмет вельмі бязглузда. Гэта робіць вузкім твой кругагляд. Я стану старэйшай і мяне ніхто ўжо не пакліча на алімпіяды, – смяецца дзяўчына.
Пакуль Вікторыя насалоджваецца сваёй перамогай, але аб “зорнасці” гаворыць, што ў яе ўжо выпрацаваўся імунітэт за тры гады перамогі ў алімпіядах.
І ад душы дзякуе ўсім, хто дапамагаў её на шляху да гэтага выніку. Асаблівыя словы падзякі матулі, якая старанна дапамагала і падтрымлівала. А таксама дзякуе сваім настаўнікам – усім, хто 11 гадоў вёў яе па сцяжынцы ведаў.
Таццяна
СЕГЕН