Страчанае пакаленне? Меркаванне маладых асіпаўчан
Рэкламныя білборды абвяшчаюць, што будучыня за моладдзю, але, на жаль, у рэальным жыцці часта даводзіцца чуць ад прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў, што цяперашнія маладыя людзі інфантыльныя, грубыя, гультаяватыя і не могуць абыходзіцца без раскошы. А што пра гэта думаюць самі юнакі і дзяўчаты?
Валерыя Брылеўская, 16 гадоў:
— У корані не згодная. Сапраўды ўпэўнена, што будучыня за намі, бо мы прыўносім нейкія новыя ідэі, павевы. Наша пакаленне лепш арыентуецца ў інфармацыйнай прасторы, яно больш мабільнае і лёгкае на ўздым. А тое, што дарослыя і пажылыя людзі незадаволеныя намі, абсалютна нармальна: канфлікт пакаленняў заўсёды быў, ёсць і будзе.
Назар Назаранка, 16 гадоў:
— У цэлым згодны з тым, што кажуць пра нас прадстаўнікі старэйшага пакалення: кожны дзень бачу аднагодкаў, якія трапляюць пад падобнае апісанне, але ёсць і рабяты, якія дастойна прадстаўляюць моладзь. Напрыклад, спартсмены, удзельнікі розных прадметных алімпіяд, выдатнікі вучобы…
Крысціна Паўлюк, 17 гадоў:
— Па-першае, старэйшыя самі вінаватыя ў тым, што цяперашняя моладзь распешчаная: менавіта яны ў дзяцінстве нам усё дазвалялі. Па-другое, не ўсе падлеткі сапсаваныя. Так, мы прывыклі атрымліваць усё, што захочам, але толькі зыходзячы з наяўных магчымасцей. Калі б яны адсутнічалі, асабіста маё існаванне не змянілася б. А па-трэцяе, бацькам-дзядулям заўсёды цяжка будзе нас зразумець і прыняць, бо яшчэ з спрадвечных часоў існуе разрыў паміж пакаленнямі. Перакананая, што і цяпер, і шмат гадоў таму існавалі дзеці і падлеткі, якія патрабавалі ад сваіх бацькоў больш, чым тыя маглі сабе дазволіць.
…Што ж, колькі людзей, столькі і меркаванняў. I кожнае мае права на існаванне, праўда?
Ганна Лазовік, навучэнка 11 класа СШ № 4.