Жанчыну, якая абліла бензінам і падпаліла былога мужа, будуць судзіць
Фота: http://sk.gov.by
У Круглянскім раёне 55-гадовая жанчына абліла бензінам і падпаліла былога мужа. Здарэнне адбылося ў студзені. Нядаўна расследаванне крымінальнай справы было завершанае і яе атрымаў пракурор для накіравання ў суд.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, вяскоўцы разам распівалі алкагольныя напоі (пасля разводу яны працягвалі жыць у адным доме), а пасля ўзнікла сварка ("на глебе асабістых непрыязных адносінаў") і жанчына схапіла каністру. 66-гадовы мужчына здолеў самастойна патушыць агонь, у яго тэрмічныя апёкі твару і галавы.
Падпальшчыцу абвінацілі ў замаху на забойства з асаблівай жорсткасцю. Праведзеная судова-псіхіятрычная экспертыза, якая засведчыла, што жанчына ў момант падпалу былога мужа не была ў стане афекту, усведамляла свае дзеянні і магла імі кіраваць.