У Браславе была прадстаўлена фотавыстава “Праекты ў асобах”
29 мая ў Мінску стартаваў чацвёрты сезон фотавыставы “Праекты ў асобах”. Дадзеная экспазіцыя распавядае пра беларускія праекты, якія рэалізуюцца пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Па словах арганізатараў праекта, за тры папярэднія гады выстава пабывала ў 23 буйных і малых гарадах нашай краіны, прадставіла 71 праект і расказала пра тое, як кожны з іх змяніў жыццё людзей да лепшага. Дадзенай канцэпцыі прытрымліваюцца і ў гэтым годзе.
Сёлета фотавыстава пабывае ў 14 гарадах Беларусі і працягне сваю работу да 9 снежня. 26 мая ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі “Праекты ў асобах” адбылося на адкрытай пляцоўцы каля гімназіі горада Браслаў.
— Дадзеная фотавыстава — гэта ўнікальная магчымасць расказаць пра тых людзей, якія супрацоўнічаюць з прадстаўніцтвам ЕС, — паведаміла падчас адкрыцця каардынатар праекта “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі” Алена Герон. — Наведвальнікі выставы могуць убачыць 29 гісторый людзей, якія знайшлі ў сабе смеласць увасобіць свае мары ў рэальнасць. Асноўнымі тэмамі экспазіцыі сталі зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, навучанне, турызм, культура, бізнес.
Браслаўскі раён у 2014 годзе падпісаў “Пагадненне мэраў”, тым самым прыняўшы на сябе абавязацельствы па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу на 20% да 2020 года. Менавіта гэта дазволіла прыняць удзел у конкурсе на атрыманне грашовага гранта Еўрапейскага саюза. Агульны бюджэт праекта “Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі” складае больш за 700 тысяч еўра. Ужо выкананы вызначаныя работы у межах дадзенага праекта. Часткова заменены трубы гарадскога водаправода, усталяваны энергазберагаючыя ліхтары на вуліцах Браслава, праведзены энергааўдыт пабудоў.
У другой частцы мерапрыемства была магчымасць уласна ўбачыць, на якія мэты затрачаны фінансавыя сродкі. Так, у яслях-садзе № 1 нядаўна ўсталявалі сонечны калектар. Сучаснае абсталяванне дазваляе за суткі награваць не менш адной тоны вады за кошт сонечных промняў. Па словах спецыялістаў, гэта надзвычай важна, бо менавіта ў дашкольных установах на працягу года патрабуецца гарачая вада, а дзякуючы сонечнаму калектару значна змяншаюцца затрачаныя кілават-гадзіны для яе награвання.
Еўрапейскі саюз выступае адным з буйнейшых у свеце донараў праграм супрацоўніцтва. Аб’ём фінансавання праектаў і праграм у Беларусі з яго боку складае амаль 29 мільёнаў еўра ў год. Фотавыстава “Праекты ў асобах” будзе працаваць у Браславе да 8 ліпеня, а потым прадоўжыць свой шлях яшчэ па 11 гарадах Беларусі.
Сяргей РАЙЧОНАК.