Сёння – Дзень работнікаў падатковых органаў

Источник материала:  
08.07.2018 — Разное

Сёння – Дзень работнікаў падатковых органаў

Мяркуючы па выніках пяці месяцаў бягучага года, у раёне паўгадавы план даходаў кансалідаванага і мясцовага бюджэтаў будзе выкананы ў поўным аб’ёме, прычым з дынамікай росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У гэтым – красамоўны паказчык работы інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне і, адпаведна, гарантыя таго, што ўсе дзяржаўныя праграмы атрымаецца прафінансаваць на сто працэнтаў.

– Выкананне даходнай часткі бюджэту ў запланаваных паказчыках і з паступальнай дынамікай – асноўныя задачы інспекцыі, – заўважае начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне Іосіф СЯЛІЦКІ. – Праблемных плацельшчыкаў – не больш за адзін працэнт, і колькасць іх змяншаецца дзякуючы належнаму кантролю, адміністрыраванню і ўзаемадзеянню. У ліку бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў раёна – філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», Стаўбцоўскі лясгас, Стаўбцоўскі АКС. 94 працэнты плацяжоў у бюджэт паступаюць у добраахвотным парадку, – падкрэслівае Іосіф Сяліцкі.

– Іосіф Казіміравіч, якія формы ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі найбольш эфектыўныя?

– У аснову пакладзены такі новы накірунак, як укараненне электронных сэрвісаў. З іх дапамогай можна перадаць дэкларацыю і іншыя звесткі, атрымаць інфармацыю аб дзейнасці падатковых органаў і выплаце падаткаў, кіраваць працэдурамі адміністрыравання, прычым – у рэжыме анлайн. Гэта вельмі зручна. Штомесяц да электронных сэрвісаў падключаюцца 30-40 плацельшчыкаў раёна. Згодна з апошнімі данымі, іх колькасць ужо дасягнула 90 працэнтаў сярод арганізацый розных формаў уласнасці і 70 працэнтаў – сярод індывідуальных прадпрымальнікаў раёна. Нельга не сказаць пра падатковых кансультантаў – новаўвядзенне, якое здольна абараніць суб’екты гаспадарання ад памылак у сферы падаткаабкладання, правесці падатковы аўдыт. Гэты інстытут узаемадзеяння, пабудаваны на еўрапейскім вопыце, толькі пачынае ўкараняцца ў нашай краіне.

– Іосіф Казіміравіч, у апошні час наша рэспубліка пазіцыяніруе сябе як электронная, ІТ-дзяржава, спрыяльная для бізнес-асяроддзя. Суб’ектам гаспадарання прадастаўлены шэраг розных прэферэнцый, у тым ліку падатковых, зніжана падатковая нагрузка. Як у раёне адрэагавалі на гэта?

– Прадпрымальніцкае асяроддзе вельмі аператыўна рэагуе на падобныя заканадаўчыя акты. У раёне актывізавалася рэгістрацыя суб’ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці па такіх накірунках, як грузаперавозкі, будаўнічыя і рамонтныя паслугі і т. п., стварэнне новых прадпрыемстваў. У сярэднім штогадовы прырост плацельшчыкаў складае 26 суб’ектаў (шэсць працэнтаў), прычым найбольш – у недзяржаўным сектары эканомікі, а за студзень-май бягучага года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 11 арганізацый і 62 індывідуальныя прадпрымальнікі. У цэлым падатковы патэнцыял раёна складае на даны момант 688 юрыдычных асоб дзярджаўнай і недзяржаўнай форм уласнасці, 900 ІП. Індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечылі работай сябе і стварылі 200 рабочых месцаў для іншых. Большасць іх ажыццяўляе дзейнасць у сферы паслуг, 30 працэнтаў – у гандлі. У малым і сярэднім бізнесе занята 5127 чалавек або 30 працэнтаў ад эканамічна актыўнага насельніцтва раёна. Доля паступленняў ад недзяржаўнага сектару эканомікі штогод расце. Сёння кожны трэці рубель у раённым бюджэце зароблены ў прыватным сектары.

– На даны момант актуальнае пытанне занятасці працаздольных грамадзян. З незанятых у грамадска карыснай працы ажыццяўляецца збор падатку. Ці спрыяе занятасці рамесніцкая дзейнасць?  

– Выйшлі ўказы Прэзідэнта № № 337 і 364, якія дазваляюць грамадзянам займацца рознымі відамі дзейнасці без рэгістрацыі, па заяўляльнаму прынцыпу, развіваць рамесніцкую дзейнасць. Папулярнасцю карыстаюцца разьба, коўка, мастацкае пляценне і т. п. Можна параўнаць: у 2017 годзе было 89 рамеснікаў, у гэтым годзе – 127. Падатак невялікі – адна «базавая» ў год. Указам № 365 прадугледжаны дадатковыя магчымасці ў сферы развіцця аграэкатурызму. У нас гэта сфера прадпрымальніцтва прадстаўлена 27 аграсядзібамі.

– Цяжка выхаваць законапаслухмянага плацельшчыка?

– Гэта працэс, які патрабуе комплекснага падыходу. У адпаведнасці з Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» радыкальна зменены падыходы ў кантрольнай і праверачнай дзейнасці падатковых органаў. Акцэнт зроблены на бескантактны метад, а таксама на аналітычную і папераджальна-тлумачальную работу з плацельшчыкамі. Калі плацельшчык граматны, законапаслухмяны, выгадна абодвум бакам. У аснову ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі пакладзены такія прынцыпы, як прэзумпцыя добрасумленнасці, самарэгуляванне бізнесу і мінімізацыя ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў і асоб у прадпрымальніцкую дзейнасць. Аддадзены прыярытэт прафілактыцы правапарушэнняў, а не прыцягванню да адказнасці, і, як я ўжо казаў, максімальнаму выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій ва ўсіх працэсах узаемадзеяння.

Праверкі мы праводзім кропкава (перавага аддаецца камеральным праверкам), затое больш увагі ўдзяляем правядзенню круглых сталоў, кансультаванню плацельшчыкаў. Для павышэння падатковай граматнасці і выхавання будучых граматных і законапаслухмяных плацельшчыкаў правялі акцыю для школьнікаў – «Дзецям аб падатках». Гэта была серыя сустрэч з уручэннем кніг. У іх папулярна расказваецца пра сямейны бюджэт, бюджэт раёна, краіны і т. п.

– У верасні 2017 года прайшла аптымізацыя падатковай інспекцыі. Што ўяўляе сабой калектыў сёння?

– Колькасць работнікаў скарацілася амаль на 30 працэнтаў, аднак інспекцыя паспяхова спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі. Замест аддзелаў створаны тры ўпраўленні – кантрольнай работы, уліку падаткаў і падаткаабкладання фізічных асоб, на чале якіх стаяць адпаведна Эла Вярэніч, Алена Стула і Наталля Ярашэвіч. Аддзел камеральнага кантролю ўзначаліла Вольга Грыгарцэвіч. Гэта вопытныя, з высокай кампетэнтнасцю супрацоўнікі. Акурат да прафесійнага свята ўдастоена Падзякі Міністра галоўны юрыст Марына Петруковіч. Ганаровай граматай абласной інспекцыі адзначана галоўны інспектар упраўлення ўліку падаткаў Таццяна Шарафановіч, падзякай начальніка інспекцыі – галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Алена Макась.

– Інспекцыя бярэ адлік з 1990 года. Гэта ўзрост маладосці. Якія перспектывы інспекцыі?

– Сярэдні ўзрост інспекцыі – 42 гады, і ўзята тэндэнцыя на амаладжэнне калектыву. Прыйшла на пасады рэферэнтаў моладзь: Алена Стома, Анастасія Цішкевіч, Таццяна Дземідовіч, Хрысціна Міцкевіч. Малады супрацоўнік – галоўны бухгалтар Святлана Гамза. Моладзь добра ўлілася ў калектыў, праяўляе старанне ў асваенні прафесіі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці інспекцыі і раёна.

Інспекцыя ў ліку прызёраў у Мінскай вобласці па ландшафтным дызайне і добраўпарадкаванні тэрыторыі. У сваім двары мы стварылі зону для адпачынку – з фантанам, акварыумам, кветкамі… У абедзенны перапынак тут прыемна правесці час. Да свята арганізавалі паездку ў Гервяты, а ўвогуле, пабывалі сваім дружным калектывам ва ўсіх абласных цэнтрах, пазнаёміліся з асноўнымі славутасцямі нашай краіны. Пра гэта яскрава раскажа наш фоталетапіс. Не забываем віншаваць адзін аднаго з днём нараджэння, іншымі святамі.

Шаноўныя калегі, ветэраны інспекцыі! Віншую вас з прафесійным святам і ад душы жадаю кожнаму з вас, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту. Няхай праца будзе ў радасць, на карысць нашай Стаўбцоўшчыны.

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ    

НА ЗДЫМКУ: начальнік падатковай інспекцыі Іосіф Сяліцкі з маладым папаўненнем.

←В Гродно встретили 35-тысячного безвизового туриста

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика