Аператар для рынку працы
З пачатку года ў ДУДАД «Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Стаўбцоўскага райвыканкама» ўжо прайшлі навучанне 234 чалавекі. У цяперашні час навучаюцца 73 чалавекі, шэсць з іх – па накіраванні дзяржаўнай службы занятасці.
Запатрабаваныя спецыяльнасці атрымліваюць і тыя, хто праходзіць навучанне за кошт прадпрыемства. Да прыкладу, у цэнтры цяпер рыхтуюць вадзіцеляў пагрузчыка для прадпрыемстваў і арганізацый Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў. Сярод іх ёсць і прадстаўнік нашага раёна, які навучаецца за сродкі ААТ «Агранёманскі».
Вадзіцель пагрузчыка быў падрыхтаваны цэнтрам і па заказе воінскай часці з Коласава. Акрамя таго, задаволена патрэба воінскай часці ў такіх спецыялістах, як стропальшчык, манціроўшчык шын. Аб’яднанне камунальных службаў звяртаецца пераважна для таго, каб падрыхтаваць машыністаў (качагараў) і аператараў кацельняў, электрагазазваршчыкаў. У апошнія гады цеснае супрацоўніцтва наладжана з філіялам ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, які традыцыйна рыхтуе ў цэнтры стропальшчыкаў, адказных за краны і т. п.
У вучэбным цэнтры попытам карыстаецца і такая спецыяльнасць, як аператар таварны (на нафтасховішчах).
– Навучанне разам з практыкай працягваецца тры месяцы. Як правіла, яно індывідуальнае, – падкрэслівае намеснік дырэктара Іна Лапко. – Заяўкі перыядычна паступаюць ад суб’ектаў гаспадарання як на тэрыторыі нашага раёна, так і розных рэгіёнаў Беларусі.
Асаблівасць вучэбнага цэнтра ў тым, што тут распрацаваны вучэбныя планы і праграмы па вялікай колькасці спецыяльнасцяў, на якія ёсць попыт на рынку працы. Для адпаведнай падрыхтоўкі спецыялістаў у цэнтра ёсць усе неабходныя дазволы ад Дзяржпрамнагляду, Дзяржтэхнагляду і іншых органаў. Галоўнае – пацверджаны ліцэнзіяй статус цэнтра ў сферы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ