Анталогія верша Янкі Купалы «А хто там iдзе?» на 100 мовах атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу ў Душанбэ
Навіны Беларусі. Беларускі трыумф. Анталогія верша Янкі Купалы «А хто там iдзе?» на ста мовах атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў Душанбэ, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ.
Да старонак гэтага выдання ёсць падстава звярнуцца і сёння. 7 ліпеня – дзень нараджэння класіка. Ён з’явіўся на свет пад час ушанаванага беларусамі свята – Купалля – 136 гадоў таму. На радзіме, у Вязынцы, прайшло паэтычнае свята, прысвечанае творчасці паэта.
Настасся Дзяхцяр, СТБ:
Менавіта тут, у фальварку Вязынка, 136 гадоў таму нарадзіўся хлопчык-немаўлятка. Афіційна па метрыцы – Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
Нарадзіўся будучы пясняр у сям’і збяднелай шляхты. Род Луцэвічэй узгадваецца яшчэ ў архіўных справах XVII стагоддзя. Некалі дзед Купалы быў арандатарам земляў саміх Радзівілаў, але тыя выгналі яго. Менавіта гэты факт і стаў асновай легендарнай драмы «Раскіданае гняздо».
Ад любоўнай лірыкі да злабадзённай паэзіі. Творчасць – як люстэрка часу, якая і праз стагоддзі б’е ў самую кропку, у самае сэрца.
Сёлетняй зімою здымачная група нашага тэлеканала стала сведкай, як у друкарні з канвеера зыходзяць першыя старонкі унікальнай кнігі з вершам Янкі Купалы «А хто там ідзе?», перакладзенай на 101 мову свету.
Зараз выразныя радкі, якія адлюстроўваюць сутнасць беларусаў, могуць зразумець баскі, башкіры, валійцы, в’етнамцы.
Стан, па модзе голены, заўжды ў касцюме з гальштукам, а ў руцэ нязменны атрыбут. Франтавіты вобраз магнітам дзейнічаў на дам. Але ў жыцці Купалы былі дзве жанчыны: жонка Уладзіслава Станкевіч і муза Паўліна Мядзёлка.
Насамрэч, біяграфія песняра – класіка беларускай школьнай праграмы. Зазубраная да аўтамата, але ёсць у гэтай гісторыі і свае таямніцы. Як часцей бывае, каханне і смерць тут адыгралі свае галоўныя ролі.
Чым яшчэ адметна жыццё Янкі Купалы, а таксама яго літаратурная дзейнасць – глядзіце ў відэаматэрыяле.