Адзначылі стогадовы юбілей
Такую адметную дату адсвяткавалі тры жыхаркі нашага раёна: Вольга Фёдараўна Гутнік з вёскі Лісіцы і Надзея Нікіфараўна Семіжон з вёскі Красевічы Смілавічскага сельсавета, Ганна Іванаўна Капанец з вёскі Волма Клінокскага сельсавета. Лёс гэтых жанчын амаль аднолькавы, адрозніваецца толькі ў дэталях. Небагатае дзяцінства, абпаленая вайной маладосць, страх за дзяцей, голад, нястача, доўгачаканае вызваленне і вельмі цяжкая праца па аднаўленню разбуранай вайной народнай гаспадаркі.

Надзея Нікіфараўна Семіжон з супрацоўнікам Цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва Максімам Русецкім

Вольга Фёдараўна Гутнік
“Працавалі шмат і на калгасным полі, і на асабістых падворках, але жылі дружна, дапамагалі адно аднаму, адпачывалі весела. Знаходзілі час для танцаў і спеваў, — расказала Надзея Нікіфараўна Семіжон.

Ганна Іванаўна Капанец
У стогадовых доўгажыхарак нават дзень нараджэння аднолькавы – 1 ліпеня. Такую дату запісвалі ўсім, у каго былі страчаны дакументы падчас вайны.
Прыемна адзначыць, што ўсе жанчыны ў добрым стане і настроі. Стогадовы юбілей яны сустрэлі сярод дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Па даручэнню раённага выканаўчага камітэта супрацоўнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі і павіншавалі шаноўных юбілярак. Яны перадалі матэрыяльную дапамогу ад райвыканкама, кветкі ад прадпрымальніка Наталлі Кочавай і сувенірныя падарункі ад Ваге Грыгарана.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара