Вячоркі па-воранаўску (Фота, Відэа)
Святочнае паседжанне аматарскіх аб’яднанняў Воранаўскага РЦКіНТ — клуба маладой сям’і “Гармонія” і клуба “Каму за 50” прайшло сумесна. Нашы землякі шаноўнага ўзросту запрасілі моладзь на вячоркі. У такім фармаце сустрэча выхаднога дня прайшла ўпершыню.
Падчас яе быў адноўлены старажытны беларускі абрад вячорак. Многія госці сталага ўзросту ў дзяцінстве ўдзельнічалі ў ім, з задавальненнем успомнілі. А вось маладым сем’ям карысна было даведацца, як даўней адпачывалі нашыя продкі вечарамі. Нават стомленыя цяжкай фізічнай працай знаходзілі час збірацца разам з аднавяскоўцамі. Так стагоддзямі і перадавалася ў кожнай мясцовасці вусная народная творчасць, нацыянальныя традыцыі. Нашая задача ведаць і захоўваць іх. Няхай сабе і ў такой форме.
Вячэрняе дзейства “адбывалася” на вясковым падворку. Былі тут і гаспадары, і гарманіст. Гучала родная мова, песні. Госці вячорак разам з артыстамі адгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі, жартавалі, спявалі прыпеўкі, танцавалі. І ўсё пад жывое музыкальнае суправаджэнне!
Падрабязней аб гэтай сустрэчы пакаленняў чытайце на старонках “Воранаўскай газеты”.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара.