Вераніка Шумчык і Елісей Калюта — карэліцкія старшакласнікі са шчырымі ўсмешкамі і адкрытым позіркам. Яны не паводзяць сябе ганарліва і сваімі поспехамі не пахваляюцца, хаця маюць на гэта поўнае права. У гэтым годзе яны сталі прызёрамі абласной алімпіяды па біялогіі, а Вераніка атрымала Падзячны водгук рэспубліканскага ўзроўню.
Карэспандэнт “Полымя” пагутарыў з рабятамі аб карысці горкага шакаладу, перадалімпіядных рытуалах і граніце навукі.
— Што на алімпіядзе самае цяжкае і самае цікавае?
Вераніка:
— Цяжэй за ўсё ўзяць сябе ў рукі, не хвалявацца і паказаць максімум таго, што ведаеш. На самой справе, хваляванне там зашкальвае. Самае цікавае — гэта зносіны з астатнімі ўдзельнікамі алімпіяды. Мы не адчувалі сябе супернікамі, а хутчэй нават сябрамі.
Елісей:
— Вялікага хвалявання я не адчуваў, загадзя падрыхтаваўся псіхалагічна. Хутчэй цяжкасці выклікалі самі заданні. Вольны час быў самым цікавым і, вядома, новыя знаёмствы.
— Ці існуе нейкая асаблівая сістэма падрыхтоўкі да алімпіяды?
Вераніка:
— Увогуле, як гаворыць наша настаўніца Ганна Канстанцінаўна Шклярж, вывучыць біялогію — гэта ахапіць неабсяжнае. Безумоўна, пэўная сістэма існуе. Я, напрыклад, склала табліцу, у якую ўносіла ўсё, што неабходна паўтараць, і ўвесь час ёю карысталася. Дарэчы, табліца ўвесь час станавілася не меншай, а толькі большай.
Елісей:
— Я ўвесь час ішоў за настаўнікам, за Ганнай Канстанцінаўнай. Мне ў гэтым сэнсе прасцей, чым Вераніцы, якая вучыцца на клас вышэй, чым я. Біялогія за 9 і 10 класы вельмі адрозніваецца.
— Ці існуе ў вас які-небудзь рытуал перад паездкай на алімпіяду?
Вераніка:
— Перад ад’ездам Ганна Канстанцінаўна нас заўсёды праводзіць. Калі ў нас ранні ад’езд, нават у 6 гадзін раніцы, яна прыходзіць да аўтобуса і падбадзёрвае нас. Часам кладзе ў кішэню шакаладку.
Елісей:
— Сапраўды, гэта ўжо стала сапраўдным рытуалам. Яна бярэ нас за рукі і кажа: “Я перадаю вам сваю энергію” — а мы ёю зараджаемся.
— Акрамя біялогіі, чым яшчэ захапляецеся?
Вераніка:
— Люблю спяваць, аднак цяпер на гэта мала часу. Шмат чытаю, асабліва беларускую літаратуру.
Елісей:
— Маляванне — яшчэ адно маё захапленне. У гэтым годзе скончыў школу мастацтваў. На гітары іграю.
— Напэўна, у дзённіку толькі выдатныя адзнакі?
Вераніка:
— Так, я выдатніца.
Елісей:
— У мяне дзве васьмёркі ў атэстаце за дзявяты клас.
— Не цяжка ўвесь час грызці граніт навукі?
Вераніка:
— Безумоўна, складана. Шмат сіл забірае разумовая праца, але трэба ўмець і адпачываць. Лічу, што большая нагрузка ўсё ж кладзецца на настаўніка, чым на вучня. У яго адказнасць большая.
Елісей:
— Бываюць вельмі складаныя тыдні, калі прыходзіцца сядзець да ночы, каб у нечым разабрацца. Часам бывае прасцей, і гэта надае сіл. Разгружаю мазгі, калі дапамагаю бацькам па дому.
— Існуе меркаванне, каб быць разумным, трэба есці больш горкага шакаладу. Як вы лічыце?
Вераніка (смяецца):
— Лічу, што горкі шакалад бадзёрыць, праганяе стому. А вось каб ад яго разумнелі… Думаю, наўрад ці.
Елісей:
— Думаю, што настрой пасля гэтага ласунка палепшыцца. Напрыклад, я аддаю перавагу малочнаму шакаладу.
— Ці ёсць у вас час на сяброўства?
Вераніка:
— Безумоўна. Ёсць шмат сяброў сярод тых, з кім пазнаёмілася на алімпіядзе, і тут, у Карэлічах. Стараюся сумяшчаць вучобу і сяброў.
Елісей:
— Сяброў у мяне шмат. Канешне, пасярод навучальнага года не так часта сустракаемся, а вось на канікулах больш часу праводзім разам.
— Што б вы параілі тым рабятам, якія ў новым навучальным годзе будуць упершыню ўдзельнічаць у алімпіядным руху?
Вераніка:
— На цуд спадзявацца не трэба, не дапаможа. Трэба працаваць і не адчайвацца, калі нешта не атрымліваецца, не ленавацца.
Елісей:
— Вучыцца трэба. Не ісці на раённую алімпіяду, калі не рыхтаваўся. Гэта вялікая адказнасць.
— Якое значэнне для вас мае алімпіядны рух?
Вераніка:
— Гэта даволі значная частка майго жыцця. Часам я думаю, чым бы я запоўніла свой вольны час, калі б не дадатковыя заняткі па біялогіі. Так, гэта складана, але чым складаней, тым цікавей.
Елісей:
— Для мяне ўдзел у алімпіядным руху — гэта ў першую чаргу магчымасць паглыбіць свае веды.
— Дзякуй, рабяты, за гутарку. А мы будзем сачыць за вашымі поспехамі.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.