30 чэрвеня эканамісты адзначаюць сваё прафесійнае свята

Источник материала:  
29.06.2018 — Разное
30 чэрвеня эканамісты адзначаюць сваё прафесійнае свята

С. Я. Раманоўская, А. М. Ціхановіч, І. Ф. Бука, Т. І. Мечаль, В. П. Чарняўская, Н. М. Шпак

Не памылюся, калі скажу, што эканаміст з’яўляецца неад’емным звяном любой гаспадаркі, арганізацыі ці прадпрыемства. Бо менавіта ён задае вектар дзейнасці ўсіх работнікаў, правільна расстаўляе прыярытэты і мэты, каб атрымаць максімальны прыбытак з найменшымі стратамі. 30 чэрвеня людзі гэтай прафесіі адзначаюць сваё прафесійнае свята.

У іх ліку і намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта па пытаннях эканомікі Ірэна Францаўна Бука, для якой Дзень эканаміста, безумоўна, адметная дата ў календары. Уся прафесійная дзейнасць намесніка старшыні райвыканкама звязана з эканомікай раёна.

Родам Ірэна Францаўна з Шаркаўшчынскага раёна. У 1995 годзе  закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне вытворчасцю”. На працягу 13 гадоў была галоўным эканамістам Шаркаўшчынскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, непрацяглы перыяд працавала ў аддзеле статыстыкі. 7 гадоў з’яўлялася галоўным спецыялістам аддзела эканомікі райвыканкама, а з 2007 года ўзначальвала гэты аддзел. У мінулым годзе была прызначана на пасаду намесніка старшыні райвыканкама.

Пра сваю работу  і калектыў, разам з якім працуе, Ірэна Францаўна расказала наступнае:

— Эканоміка, як і палітыка, мае першараднае значэнне ў жыцці кожнага калектыву. Не будзе кампетэнтнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, не будзе і самой арганізацыі ці прадпрыемства. Вось і аддзел эканомікі райвыканкама ў сваёй паўсядзённай дзейнасці вырашае шэраг эканамічных задач, неабходных і значных для развіцця нашага рэгіёну. Узначальвае аддзел Таццяна Іванаўна Мечаль — малады і перспектыўны кіраўнік з дастатковым вопытам работы ў сферы эканомікі. Разам з Таццянай Іванаўнай у названым аддзеле працуюць галоўны спецыяліст Валянціна Пятроўна Чарняўская і эканаміст Наталля Мікалаеўна Шпак. Дзейнасць гэтых жанчын заўсёды звязана з разлікамі, лічбамі, складаннем статыстычных справаздач, распрацоўкай планавых заданняў, аналізам эканамічнага стану прадпрыемстваў раёна. У складзе невялікага калектыву аддзела эканомікі — выдатныя спецыялісты, якія з асаблівай увагай адносяцца да ўсяго, што звязана з эканомікай раёна. У разліках яны заўсёды дакладныя і кампетэнтныя. Таццяна Іванаўна Мечаль да прыходу ў аддзел эканомікі райвыканкама даволі працяглы перыяд была эканамістам у райспажыўтаварыстве і ПМК-68. Валянціна Пятроўна Чарняўская з’яўляецца не толькі кваліфікаваным эканамістам, але і выдатным бухгалтарам. Наталля Мікалаеўна Шпак — таксама незамянімы ў аддзеле спецыяліст з вялікім вопытам работы, якая ведае ўсе нюансы сваёй прафесіі.

З дзейнасцю эканаміста неразрыўна звязала сваё жыццё і Алена  Міхайлаўна Ціхановіч, якая на працягу апошніх 10 гадоў узначальвае сектар эканомікі упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Свой працоўны шлях яна пачынала эканамістам у ААТ “Княж”. З гэтага сельскагаспадарчага прадпрыемства была пераведзена ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні на пасаду галоўнага спецыяліста. Агульны стаж работы жанчыны ў сферы эканомікі сельскагаспадарчай вытворчасці — амаль тры дзясяткі гадоў.

Не менш адказны ўчастак работы і ў галоўнага спецыяліста па фінансаванні ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святланы Яўгенаўны Раманоўскай — на працягу апошніх 14 гадоў жанчына паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яе абавязкамі, асноўны з якіх — фінансаванне бюджэту ў сяльгаспрадпрыемствах раёна. Да гэтага часу працавала начальнікам фінансавай часці Шаркаўшчынскага РАУС.

А ўвогуле, на кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі і ўстанове раёна працуюць эканамісты, якія добрасумленна і якасна выконваюць сваю работу. У ліку лепшых — галоўныя эканамісты Валянціна Іосіфаўна Цыркіна (ААТ “Жвіранка”), Надзея Яўгенаўна Ляснеўская (ААТ “Буеўшчына”), Рэгіна Браніславаўна Невярковіч (ААТ “Агратэхсэрвіс”), Ірына Геронцьеўна Язёнак (ААТ “Ельня-Агра”), Вольга Тадэвушаўна Вялічка (ААТ “Даватарскі”), эканаміст Алена Чаславаўна Пучкова (ААТ “Даватарскі”), вядучы эканаміст Яніна Браніславаўна Пяткевіч (Шаркаўшчынскі філіял АУП па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпал”) і многія іншыя прадстаўнікі гэтай няпростай прафесіі.

Сёння сардэчна віншую ўсіх эканамістаў раёна з іх прафесійным святам і жадаю паспяховай і плённай працы дзеля дабрабыту іх калектываў, а таксама моцнага здароўя, шчасця і паболей радасных дзён у асабістым жыцці!

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика