Любімы горад праз аб’ектыў фотаапарата

Источник материала:  
29.06.2018 — Разное
Любімы горад праз аб’ектыў фотаапарата

фатографы Валерый Кавалёнак і Валянцін Гарадзецкі

Умець бачыць вакол сябе прыгожае, прывабнае, непаўторнае хараство ў пэўнай ступені ўласціва кожнаму з нас. Але найлепш гэта могуць зрабіць творчыя людзі — мастакі, паэты, пісьменнікі, фатографы. Прадстаўнікі апошняй з пералічаных прафесій фіксуюць сюжэт на фотакамеру. Менавіта яны могуць злавіць той момант, які знік назаўсёды, які немагчыма больш узнавіць. Наогул, фотаздымак можа прадстаўляць толькі сучаснае, бо як толькі сюжэт трапіў у кадр, ён становіцца часткай мінулага.

Мяркую, з маёй думкай пагадзіцца кожны шаркаўчанін: у нашым гарадскім пасёлку бясспрэчнымі фатографамі-прафесіяналамі з’яўляюцца Валянцін Яўсеевіч Гарадзецкі і Валерый Цеафілавіч Кавалёнак. Кожны з іх зрабіў, напэўна, не адзін мільён фотаздымкаў яшчэ з таго часу, калі не існавала лічбавай фотатэхнікі. У аб’ектыў іх фотаапаратаў траплялі самыя розныя падзеі, якія былі раней і якія адбываюцца ў Шаркаўшчыне цяпер. Звычайныя людзі заўсёды станавіліся героямі іх здымкаў. Наогул, па фотатэках Валянціна Яўсеевіча і Валерыя Цеафілавіча можна пісаць летапіс гарадскога пасёлка і ўсяго раёна.

Валянцін Яўсеевіч не з’яўляецца карэнным шаркаўчанінам, але ўжо многа год ён жыве і працуе ў гарадскім пасёлку над Дзісной. Прывабліваюць яго мясцовыя краявіды — прырода, архітэктурныя збудаванні, асабліва рэлігійныя. Кожны год Валянцін Яўсеевіч ладзіць фотавыставы ў Шаркаўшчыне, у навучальных установах раёна. Яго праца, несумненна, заслугоўвае павагі, бо кожны фотаздымак не проста якасна зроблены, але яшчэ мае глыбінны сэнс, які візуальна перадаецца гледачу.

Яшчэ ў дзесяцігадовым узросце Валерыю Цеафілавічу Кавалёнку падарылі яго першы фотаапарат “Вілія”. Вось з таго часу ён і пачаў захапляцца фота — спачатку як аматар, а потым і як прафесіянал. Мясцовасць, дзе ён нарадзіўся — вёска Васількова, каля балота Ельня — прываблівае вока сваім непаўторным прыродным хараством. Багатая флора і фауна стала на многія дзесяцігоддзі адной з асноўных тэм у здымках фатографа. Ён сур’ёзна захапіўся арніталогіяй. Птушкі для яго сталі аб’ектам фотапалявання і даследавання. На старонках дзясяткаў айчынных і замежных часопісаў на прыродную тэматыку размяшчаюцца фотаздымкі братоў нашых меншых, аўтарам якіх з’яўляецца Валерый Цеафілавіч. У пошуках новых уражанняў і здымкаў наш зямляк падарожнічае па ўсёй Беларусі, каб потым прадэманстраваць шаркаўчанам вынікі сваёй плённай працы — фатографа і арнітолага.

Канечне, гісторыю любога населенага пункта ў першую чаргу ствараюць яго жыхары сваёй карпатлівай працай. Спадзяёмся, што ў Валянціна Яўсеевіча і Валерыя Цеафілавіча наперадзе будзе яшчэ не адна фотавыстава, прысвечаная нашай Шаркаўшчыне, яе людзям, адметным падзеям з жыцця пасёлка над ціхаплыннымі водамі Дзісны.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика