Вера Паляшчук на Ганцаўшчыне была дастаткова вядомым чалавекам. Гэта яна амаль што сорак гадоў таму стварыла на базе Востраўскай сярэдняй школы літаратурнае аб’яднанне «Верасок», пеставала яго і прывяла да ганаровага звання «ўзорны калектыў». Гэта яна пісала паэзію, у якой была шматграннасць і непаўторная прыгажосць, чалавечая мараль і чысціня. У яе была няпростая жыццёвая дарога, са сваімі поспехамі і расчараваннямі, радасцю і невыносным горам, высокім творчым узлётам і прызнаннем.
Пачатак
Нарадзілася Верачка ў снежні 1944 года ў вёсцы Востраў. Бацька – Уладзімір Канстанцінавіч Халецкі – быў лесніком, маці – Зінаіда Іванаўна – паляводам у калгасе. Па тым часе матуля лічылася чалавекам адукаваным, бо за плячамі мела некалькі класаў польскай школы. Руплівымі гаспадарамі былі Халецкія ў Востраве. Сваімі сіламі пабудавалі дом, трымалі немалую гаспадарку, гадавалі дзетак. Вера ў сям’і была першынцам. Крыху пазней хата Халецкіх напоўнілася яшчэ двума звонкімі дзіцячымі галасамі – нарадзіліся брат і сястра.
Пасляваеннае жыццё і дарослых, і дзяцей было цяжкім. Яшчэ зусім малой Веры даводзілася не толькі глядзець за сястрой і братам, але і пасвіць авечак, дапамагаць бацькам у полі… Прыгадваючы сваё дзяцінства, Вера Уладзіміраўна любіла паўтараць фразу: «За работай свету белага не бачылі».
Вучылася Вера добра. У школе ёй лёгка даваліся дакладныя дысцыпліны, любіла яна ўрокі геаграфіі і гісторыі. Але ж заўсёды перавагу аддавала літаратуры. Вечарам, калі справы па гаспадарцы былі завершаны, а ўрокі на наступны дзень вывучаны, Вера пры жаўтавата-шэрым святле газавай лямпы чытала. Іншы раз за кнігай яна сустракала ўсход сонца. І толькі маці, якая заўсёды падымалася рана, магла цяжка ўздыхнуць, калі бачыла Веру з кнігаю ў руках. Яна шкадавала сваю дзяўчынку, бо ведала, што наперадзе яе чакае зусім не бесклапотны дзень.
Якой яшчэ Вера была ў дзяцінстве? Як і ўсе яе равесніцы, лёгкай і ўзнёслай, летуценнай і рамантычнай. Яна шчыра верыла ў дабрыню, справядлівасць і думала, што светлае і абавязкова шчаслівае жыццё яе чакае наперадзе.
Настаўнік
Пасля заканчэння школы без асаблівых цяжкасцей Вера Халецкая паступіла ў Пінскае педвучылішча, а потым у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Настаўніцай яна сябе бачыла з дзяцінства. Дый бацькі адобрылі выбар дачушкі, бо настаўнік па тым часе меў найвялікшы аўтарытэт і карыстаўся павагай сярод людзей вясковых.
Першым працоўным месцам Веры Уладзіміраўны была Раздзялавіцкая сярэдняя школа. Далёка ад роднага Вострава яна не адчувала сябе адзінокай. Побач былі верныя сяброўкі, а галоўнае, Веру напаткала кранальнае каханне – і яна на ўсё жыццё прыкіпела да статнага маладога чалавека з прыгожым і такім незвычайным прозвішчам у тутэйшых мясцінах – Паляшчук. Мікалай працаваў фельчарам, насіў на галаве густую капну чорных валасоў і быў адкрытым, шчырым у паводзінах з дзяўчынай. Усе самыя лепшыя якасці маладога чалавека «падкупілі» дзяўчыну, і яна згадзілася на шлюб.
Праз некаторы час маладая сям’я вярнулася ў Востраў. Пабудавала дом і зажыла, як жывуць звычайныя вясковыя людзі. Вера Уладзіміраўна настаўнічала ў Востраўскай школе, а Мікалай Ільіч працаваў фельчарам. Праз некаторы час ён атрымаў педагагічную адукацыю і перайшоў на работу ў школу. Хапіла ж у жанчыны настойлівасці і жаночай мудрасці, каб «перацягнуць» у сваю прафесію роднага і дарагога чалавека!
У 1976 годзе Вера Уладзіміраўна атрымала яшчэ адзін дыплом аб вышэйшай адукацыі. Яна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці «настаўнік беларускай мовы і літаратуры».
Жанчына была бязмежна адданая рабоце, вучням. Вера Уладзіміраўна заўсёды імкнулася ператварыць звычайны ўрок у цікавую гульню ці размову, разумець і падтрымліваць дзяцей.
«Спачатку было дзіўным, калі яна на ўроках мовы і літаратуры (незалежна ад тэмы) пачынала раптам чытаць вершы, углядалася ў нашы вочы, потым пераводзіла позірк недзе за акно, а мы сядзелі як зачараваныя, – успамінала выхаванка Веры Паляшчук Жанна Ярашэвіч, зараз настаўнік беларускай мовы і літаратуры Хатыніцкай сярэдняй школы. – З ёю было цікава на ўроках, на школьных вечарах, нават у час уборкі бульбы ў калгасе. Гэта Вера Уладзіміраўна прыдумала на вялікім перапынку танцаваць. Уключала прайгравальнік і вучыла нас вальсаваць. Часта заводзіла пласцінку, мы слухалі чароўную музыку, а потым словам перадавалі свае пачуцці, думкі…».
З вучнямі, як і са сваімі дзецьмі, яна была далікатным, мудрым і ў той жа час патрабавальна-строгім чалавекам. «У жыцці ва ўсім трэба быць прыкладам», – любіла паўтараць жанчына. І многія разумелі яе.
Гурток з прыгожай назвай «Верасок»
У 1978 годзе на базе Востраўскай школы Вера Паляшчук згуртавала вакол сябе літаратурныя таленты вёскі. У той час вёска была ў ліку перспектыўных, а ў школе вучылася шмат таленавітай і неардынарнай дзетвары. Таму гурток з прыгожай назвай «Верасок» стаў добрым месцам, дзе можна было шмат гаварыць аб паэзіі, пачытаць свае ўласныя вершы, навучыцца працаваць са словам. Вера Уладзіміраўна ў гэтай справе была сапраўды добрым настаўнікам, бо сама пісала вершы, шмат ведала аб беларускіх паэтах, літаратарах-земляках. Слава аб «Вераску» і яго кіраўніку хутка разляцелася па раёне, а затым і далёка за яго межамі. Таму невыпадковым стала тое, што ў 1996 годзе аб’яднанню было прысвоена ганаровае званне «ўзорны калектыў», а жаданне дзетвары з усяго раёна працаваць над словам дало ўсе падставы перанесці яго работу ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці.
Знайсці ў сваім сэрцайку самыя тонкія і трапяткія пачуцці, перадаць іх словам – гэтаму вучыла Вера Уладзіміраўна гурткоўцаў, з гэтым жыла і працавала сама. Творчая спадчына Веры Паляшчук – добрая нізка вершаў, сабраных пад вокладкай паэтычнага зборніка «Лёгкай долі ў жыцці не шукала…». Сярод мноства напісанага кожны чытач знойдзе сваё, што наймацней закране душу і сэрца. Нязменным кіраўніком літаратурнага аб’яднання «Верасок» Вера Уладзіміраўна была на працягу дваццаці васьмі гадоў.
У 1993 годзе Вера Паляшчук атрымала ганаровае званне «Выдатнік народнай адукацыі», а ў 1999 годзе стала «Заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь». Шматлікія граматы, пісьмы-падзякі – сведчанне шчырай, добрасумленнай працы гэтага чалавека. І яшчэ адна значная падзея была ў жыцці жанчыны. Напрыканцы 90-х давялося ёй пабываць на ўрачыстым прыёме ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіўся для заслужаных педагогаў краіны. Сустрэча з кіраўніком дзяржавы доўгі час сілкавала жанчыну, вяла да новых поспехаў і перамог.
Галоўны здабытак
Займаючыся любімай справай, галоўным здабыткам Вера Уладзіміраўна лічыла сям’ю. Яна радавалася поспехам дачушкі, якая пайшла следам маці – стала настаўніцай. Прыязна ўсміхалася жанчына, калі размова заходзіла пра яе сыночкаў, бязмежна любімых і дарагіх. А колькі было радасці ў душы Веры Уладзіміраўны, калі ў 1989 годзе нарадзілася першая ўнучка! Яна для Веры Уладзіміраўны і Мікалая Ільіча стала ўсім – святлом, радасцю, надзеяй. Памагатка – так унучку Марынку называлі дзед з бабуляй.
Вера Паляшчук была дбайнай гаспадыняй. Свае мазолістыя, спрацаваныя рукі яна іншы раз хавала ад людскіх вачэй. Саромелася. Нягледзячы на інтэлігентнасць, знешнюю і ўнутраную, яна заставалася простай вясковай жанчынай, якая даіла карову, карміла свіней, даглядала авечак… Калі ж не ставала часу, на дапамогу прыходзіў Мікалай Ільіч, надзейны і верны спадарожнік яе жыцця. Ён не цураўся работы па доме. Нават іншы раз станавіўся каля пліты, і стравы ў яго атрымліваліся такія, што пальчыкі абліжаш.
У 2001 годзе ў дом Палешчукоў пастукала бяда. Недаравальна рана патухла зорка жыцця малодшага сына Андрэя. З яго адыходам у вечнасць чорным палыном парасла жыццёвая сцежка Веры Уладзіміраўны. Праз чатыры гады жанчыну напаткала яшчэ адно гора: трагічна загінуў Мікалай Ільіч, з якім яна дзяліла радасці і нягоды, які быў простым зямным шчасцем жанчыны. Гэты адыход Вера Паляшчук перажывала з моцным душэўным болем, востра адчуваючы ўсю несправядлівасць вірлівага жыцця. Недзе праз год услед за сваім каханым у незваротнасць пайшла і Вера Уладзіміраўна. Студзеньскай марознай раніцай ціхі Востраў абляцела сумная вестка – не стала Веры Паляшчук…
Замест эпілога
На вясковых могілках, у вянку рознакаляровых кветак, вечным сном спачываюць Палешчукі: бацька, маці, сын. І толькі іх чыстыя, светлыя душы, нібыта птахі, кружаць над дахамі дамоў, дзе жывуць самыя родныя і дарагія людзі, аберагаючы, засцерагаючы ад няўдач, расчараванняў і бед. А як супакаенне, як зварот да жывых зноў і зноў гучаць жыццесцвярджальныя словы Веры Паляшчук:
Маёй сцяжынкай ёсць каму ісці,
Насенне, што я сею, прарастае.
Спачатку дзеці, а цяпер унучка
Маю няскончаную песню зноў спявае.
Галіна ПУПАЧ.
Фота з сямейнага архіва
Алены ЛЕНКАВЕЦ.