В парке агрогородка Ореховно появились новые качели и карусели
Навапалачанін Кірыл Карпенка і яго ўшацкі сябар Ілья Рубін на дзіцячую пляцоўку Арэхаўна прыбягаюць штодня. Вось і 20 чэрвеня былі на горцы з раніцы і не ўяўлялі, што стануць сведкамі няхай не макра, аднак усё ж падзеі для аграгарадка. У сквер у цэнтры населенага пункта ўстанаўлівалі арэлі і каруселі. І хлопцы нават папрасілі дарослых на час падмяніць іх: узялі ў рукі рыдлёўкі, каб разам капаць ямы для цэментавання новага абсталявання.
Прайшло некалькі хвілін… і работнікі мясцовага ўчастка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачалі выпрабаванні… Мікалай Восіпавіч Прашкевіч робіць на каруселі пробны круг, спяшаюцца заняць вольныя стулы Насця Танана з сяброўкай. Нічога не гайдаецца, добра замацавана камянямі, якія былі загадзя прывезены, можна цэментаваць і прыступаць да мантажу арэляў.
Першую горку тут устанавілі гадоў сем таму. Яе яўна не хапала для дзятвы самага вялікага аграгарадка раёна, асабліва летам. Вось і пачала старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка збіраць сродкі самаабкладання для закупкі дадатковых гульнявых форм. 400 рублёў за два гады здалі жыхары Арэхаўна, а паколькі толькі гэтыя дзве металічныя канструкцыі каштуюць тысячу, то давялося далучаць сабранае ў іншых населеных пунктах, а таксама аснашчаць дзіцячую пляцоўку дадатковымі бясплатнымі элементамі. Дамовілася з прадпрымальнікам Сяргеем Мягелем, які робіць драўляныя канструкцыі для пясочніцы. Пастаянна падвозіцца пясок.
– Трэба агароджу зрабіць, каб дзеці на праезную частку не выскачылі, а таксама дрэва сухое спілаваць. Адзінае ж месца для дзяцей у нашым аграгарадку, – гаворыць начальнік арэхаўскага ўчастка ЖКГ Віктар Міхайлавіч Шыркевіч, які прымае непасрэдны ўдзел у абсталяванні пляцоўкі.
– І хацелася б, каб мясцовыя жыхары, бацькі, якія прыводзяць сюды дзяцей, таксама сачылі за парадкам, – дадае Людміла Яўгенаўна. – Усё ж робіцца для іх.