В Бычках прошло мероприятие, посвящённое дню рождения В.Быкова

Источник материала:  
27.06.2018 — Разное

“Чалавек без пакут – трава”, – пісаў Васіль Быкаў у сваёй аповесці “Трэцяя ракета”. Васіль Уладзіміравіч ведаў, што казаў: у яго жыцці пакут хапала. Напэўна таму ніхто не змог больш трапна перадаць нялёгкі лёс чалавека ў часы ваеннага ліхалецця, хоць пра гэта пісалі многія. Аб тым, што проза Быкава – сусветны здабытак, сведчыць наступны факт: творы пісьменніка перакладзены больш чым на 50 моў свету. Ушачане ж могуць па праве ганарыцца тым, што менавіта наша зямля ўзгадавала  такога творцу.

19 чэрвеня ў Бычках па традыцыі прайшла святочная імпрэза з нагоды яго дня нараджэння пад назвай “Пісьменнік з вялікай літары”. У гэты дзень нашаму славутаму земляку споўнілася б 94 гады. Сярод гасцей мерапрыемства былі як проста аматары прозы Васіля Быкава, так і людзі, якія сустракаюцца з яго творчасцю ў прафесійнай дзейнасці – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з навучальных устаноў Ушацкага, Пастаўскага, Міёрскага раёнаў і горада Наваполацка.В Бычках прошло мероприятие, посвящённое дню рождения В.Быкова

Аб тым, што Васіль Быкаў адзін з любімых аўтараў выказваліся многія, а сярод самых кранальных твораў вылучалі “Знак бяды”, “Жураўліны крык”, “Абеліск”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Бліндаж”, “Альпійскую баладу”. Зрэшты, урыўкі з двух апошніх аповесцей гледачы змаглі ўбачыць у выкананні маладзёжнага тэатра раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Інсцэніроўка “Альпійскай балады” кранула! Артыстам удалося вельмі яскрава перадаць пачуцці і характары складаных персанажаў”, – дзяліліся эмоцыямі госці з Міёршчыны.

Не менш эмацыянальна прагучалі ўрыўкі з аповесцей “Жураўліны крык” і “Знак бяды” ў выкананні  бібліятэкараў Таццяны Гарбаценкі і Галіны Талстой. Дарэчы, менавіта пасля выхаду “Знака бяды” В.Быкаву была прысуджана Ленінская прэмія за выдатныя дасягненні ў галіне літаратуры. А “Жураўліны крык” крытыкі паставілі ў адну шарэнгу з такім творам ваеннай прозы, як “Жывыя і мёртвыя” К.Сіманава. Прагучалі на свяце і вершы-прысвячэнні Васілю Быкаву, напісаныя яго землякамі Рыгорам Барадуліным і Алегам Салтуком.

Візіт на Ушаччыну, канечне, запомніцца гасцям: удзельнікам свята былі прапанаваны экскурсія па сядзібе-музеі, выстава народных майстроў Дома рамёстваў, тэматычныя пляцоўкі, падрыхтаваныя цэнтральнай раённай бібліятэкай, музеем народнай славы і Кубліцкай школай.

Вельмі рады былі пабываць у Бычках настаўніца з Пастаў Тамара Мікалаеўна Захарэвіч і “Настаўнік года-2017” з Наваполацка Святлана Леанідаўна Румянцава. Свае ўражанні і веды, атрыманыя ў сядзібе-музеі, яны мяркуюць выкарыстаць падчас падрыхтоўкі з вучнямі навуковых работ па творчасці пісьменніка.

Успаміналі Васіля Уладзіміравіча і ў яго роднай Кубліцкай школе. Як справядліва адзначыла метадыст аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Р.І.Бабашка, менавіта гэтая навучальная ўстанова мае тое, чаго няма ў іншых. Сапраўды, у школе створаны спецыяльны куток, прысвечаны легендарнаму земляку і былому вучню. Разам з сабранай інфармацыяй аб дзяцінстве, жыцці і творчасці, навуковымі работамі вучняў тут беражліва захоўваюць кнігі з аўтографамі пісьменніка, лісты і паштоўкі Васіля Быкава родным, а таксама пісьмо літгурткоўцам Кубліцкай школы, напісанае ў 1972 годзе. Апошнія словы ўсе гэтыя гады былі своеасаблівым запаветам і для ўсіх наступных пакаленняў вучняў: “Жадаю радаваць сваіх бацькоў і настаўнікаў. Пройдзе час, і вы – дзе хто – знойдзеце сваё месца ў жыцці і сваё шчасце ў свеце. Толькі заўжды трэба быць сумленным перад сабой і перад людзьмі. І будзьце здаровы…” Школа зачыняецца, таму важна захаваць усе матэрыялы, як памяць аб вялікім пісьменніку.

Пабываць у Бычках імкнуцца многія беларусы не толькі ў дзень яго нараджэння. На працягу ўсяго года, асабліва летам, у гэты ціхі куток Ушаччыны едуць экскурсійныя аўтобусы з розных гарадоў. Дакрануўшыся да гісторыі, людзі пакідаюць толькі добрыя водгукі і адзначаюць, што бессмяротныя творы Васіля Быкава заўсёды будуць актуальнымі.

Вольга КАМАРКОВА.

←Депутаты утвердили отчет об исполнении бюджета за 2017 год

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика