Мары збываюцца
Пастаўчанка Таццяна Палякова перамагла ў міжнародным конкурсе прыгажосці «Гранд міс», які ў гэтым месяцы праходзіў у італьянскім горадзе Пезара на беразе Адрыятычнага мора і сабраў 160 удзельніц з розных краін.
Прычым трапіла на яго зусім неспадзявана, хаця з дзяцінства марыла стаць мадэллю. Не збылося. Па шэрагу абставін, асноўная з якіх — недахоп фінансавых сродкаў. Выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей, займаецца прадпрымальніцтвам. На цяперашні час — уладальніца невялікага кветкавага магазіна ў Паставах. Муж і дарослы сын — ваеннаслужачыя. А сваю мару вырашыла ўвасобіць у дачушцы Ульяне, якой зараз дзесяць гадоў. Паўтара года вазіла дзяўчынку ў мадэльную школу Нагорнага ў Маладзечна. Але жаданых вынікаў не ўбачыла — не было ні фотаздымак, ні паказаў, ні кастынгаў. Разаслалі партфоліа ў іншыя агенцтвы і атрымалі запрашэнні з мінскай студыі эстэтычнага развіцця «Розариум» і дзіцячага мадэльнага агенцтва «Корона». Ульяна займаецца ў абодвух, кожную суботу ў яе па некалькі гадзін дэфіле, харэаграфіі, фотапластыкі, фотапазіравання, этыкету. У «Розариуме» займаюцца і дзяўчаты, жанчыны. Прычым не толькі стандартнай для мадэлі знешнасці, але і неардынарныя па росце, вазе, узросце.
Калі гаспадыня і педагог «Розариума» Ірына Садоўская вылучыла Ульяну для ўдзелу ў міжнародным конкурсе, яе мама ўспрыняла гэта з захапленнем. А вось калі сама атрымала аналагічную прапанову — гэта стала поўнай нечаканасцю.»У вас ёсць даныя для гэтага, — пераконвала Садоўская. — Інтэнсіўна пазаймаемся — і на подыум. Усё атрымаецца».
Атрымалася нават больш за тое, на што Таццяна разлічвала. «Я рашылася на ўдзел у конкурсе толькі таму, што ў ва мне ўсё яшчэ жыве тая дзіцячая мара, — прызналася. — Хацелася прайсціся па подыуме, адчуць, як на цябе накіраваны сафіты, тэлекамеры, фотааб’ектывы, як ацэньвае журы. А тут такая заманлівая прапанова! Да конкурсу заставалася менш за тры месяцы, таму займалася вельмі настойліва. Трэба было многае паспець ды яшчэ набыць уборы для трох выхадаў на подыум: у майцы і джынсах класічнага стылю; нацыянальным беларускім уборы; вячэрняй сукенцы».
Беларускі касцюм быў у яе шыкоўны — дызайнерскі, стылізаваны пад сучаснасць, вячэрняя сукенка — асляпляльнай прыгажосці, што аднагалосна адзначылі ўсе члены журы. Само дэфіле — бездакорным.
І вось ашаламляльная перамога — журы, у склад якога ўваходзіла дзевяць прадстаўнікоў розных краін, прызнала Таццяну Палякову найлепшай ва ўзроставай катэгорыі ад 20 да 40 гадоў. Яна атрымала тытул «Гранд міс Італія-2018», дыплом і два сертыфікаты: на ўдзел у аналагічных конкурсах у Грэцыі і Францыі, якія адбудуцца адпаведна ў жніўні і ў кастрычніку бягучага года.
— Грэцыю, магчыма, прапушчу, — казала Таццяна, — а ў Парыж паеду абавязкова. — Буду вучыць англійскую мову і ставіць голас, бо давядзецца прадстаўляць сябе на подыуме, а таксама спяваць або танцаваць. У Італіі я адчула такую эйфарыю! А ў цэлым заняткі ў мадэльнай школе змянілі не толькі мой фізічны стан, але і ўнутраны свет. У дзяцінстве і юнацтве мела шмат комплексаў, некаторыя заставаліся да гэтага часу. Цяпер іх няма. Ведаю, што я прыгожая, жаноцкая, сексуальная, паспяховая, і мне ўсё роўна, калі ў некага іншае меркаванне. Вялікія надзеі ўскладваем на Ульяну. У дзіцячым конкурсе ў Італіі журы прысудзіла ёй тытул «Міс вытанчанасць». Яна і сапраўды ў нас вытанчаная, нібыта прынцэса, і ў той жа час вялікая працаўніца, бо заняткі ў мадэльнай школе вельмі цяжкія. Тата, а ён ваеннаслужачы, аднойчы папрысутнічаў і заявіў : » У параўнанні з імі страявая падрыхтоўка адпачывае». Верым, што дачушка абавязкова стане мадэллю, бо мае і жаданне, і настойлівасць, і выдатных педагогаў».
Як паказвае жыццё, мары збываюцца…
Фаіна Касаткіна