23 салдаты маладога папаўнення прынялі прысягу ў Бароўцы. Пяцёра з іх будуць праходзіць службу ў 231 артылерыйскай брыгадзе, чацвёра — на 3609 артылерыйскай базе, пяць — у 52 асобным пошукавым батальёне, пяцёра — у пажарнай камандзе 19-ай механізаванай брыгады і яшчэ чацвёра – у 191 групе артылерыі. Урачыстая цырымонія праходзіла ў асабліва святочнай абстаноўцы. Месцам для яе была выбрана пляцоўка перад Бароўскім Цэнтрам культуры і вольнага часу.
Да вайскоўцаў прыехала амаль сотня гасцей: бацькі, браты, сёстры, сябры і каханыя. Яны з заміраннем сэрца стараліся выгледзець, знайсці ў страі сваіх маладых салдатаў. А потым, калі салдат чытаў радкі ваеннай прысягі, стараліся падысці бліжэй, каб зрабіць фота на памяць.
“Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь…” — маладыя галасы гучалі над пляцоўкай. Адчувалася хваляванне, якое натуральна ўзнікае ў падобныя моманты.
Апошні салдат прыняў прысягу, для гасцей гучыць самая доўгачаканая каманда: “Можаце падысці і павіншаваць сваіх маладых воінаў”. Абдымкі, пацалункі, віншаванні — эмоцыі віравалі.
— Ну, як ты, сынок?
— Сапраўдны салдат!
— А ты з аўтамата страляў? А з гарматы?
— Мы цябе спачатку ледзьве спазналі, вы ў форме ўсе аднолькавыя.
— Мой матацыкл нікому не аддавайце, прыеду — сам буду катацца.
Гэтыя і шмат іншых шчырых слоў чулася з усіх бакоў.
Пасля ўрачыстага праходжання салдаты накіраваліся да машын здаваць зброю і атрымліваць дакументы, а бацькоў запрасілі ў актавую залу Цэнтра культуры на сустрэчу з камандаваннем. Пра парадак і ўмовы будучай службы ім расказалі памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Леанід Касінскі, начальнік упраўлення супрацьпажарнай абароны і выратавальных работ Міністэрства абароны палкоўнік Андрэй Пруднікаў і камандзір 231 артылерыйскай быгады падпалкоўнік Аляксей Хахлоў. Ім распавялі пра распарадак дня вайскоўцаў, паказалі слайды, якія ілюструюць бытавыя ўмовы, парадак службы, баявой вучобы.
На развітанне палкоўнік Леанід Касінскі сказаў:
— Дзякую вам за вашых сыноў, за тое, што вы выхавалі іх патрыётамі нашай Радзімы, Рэспублікі Беларусь. Мы прынялі іх і цяпер будзем працаваць і прыкладзём усе сілы на тое, каб яны ўсе адслужылі добра, спакойна, авалодалі вайсковымі спецыяльнасцямі, выдатна праявілі сябе пад час вучэнняў, палігонных выхадаў і па завяршэнні службы вярнуліся дахаты жывымі, здаровымі і пасталелымі.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.
23 солдаты молодого пополнения приняли присягу в лепельской Баровке
26.06.2018
—
Разное