Зоотехник по специальности, мастер на все руки. Леонид Лисовский из дерева сделает шедевр
З Леанідам Аляксандравічам Лісоўскім знаёмы вельмі многія. Я таксама, і працяглы час. Аднак і не здагадвалася, што былы начальнік райсельгасхарча, заатэхнік па спецыяльнасці, настолькі падкаваны тэхнічна, а да таго ж проста майстар на ўсе рукі, якому не хапае часу, каб ажыццяўляць шматлікія задумы.
А пачыналася ўсё з дзіцячага захаплення разьбой па дрэве. Адна з тых работ, мініяцюрная, са шматлікімі дэталямі, і зараз вісіць на сцяне непадалёк ад самага вялікага паляўнічага трафея. Чучалу дзіка з 10-сантыметровымі ікламі ўжо трыццаць тры гады, а тое паляванне засталося ў памяці дзякуючы шчаслівай даце нараджэння дачкі. Яшчэ адзін лыч кабана служыць у лазні ў якасці бра. І чучалы не пацьмянелі і не палыселі з цягам часу.
І калі тут усё натуральнае: і поўсць, і клыкі, то мядзведзік, што абшчапіў грушу, цалкам штучны: тулава – з металічнага каркаса, поўсць – з ільнотрасты, пафарбаванай адварам чагі ў натуральны буры колер, а варсінкі, укладзеныя адна да адной, атрымаліся быццам залітыя лакам. Унучка ўбачыла – хавацца пабегла, прыняла за жывога. А каб выраб такім падаўся, Леанід Аляксандравіч траціць гадзіны, скрупулёзна выточваючы кожную дэталь. Як і ў ваўка, што прылёг адпачыць на журнальным століку. Майстар спецыяльна набыў бор-машынку, каб па дрэве выточваць самыя дробныя дэталі. Аднак гэта ўжо чарговае захапленне маладога пенсіянера – выраб мэблі з дрэва, а дакладней, з капаў: “У іх вельмі прыгожая структура, на партрэты не падыдзе, а вось пейзажы самі ўтвараюцца. З маленькіх я свяцільнікі рабіў, дошкі, а гэты распілаваў і… убачыў малюнак. Выпукласць выкарыстаў для выявы ваўка, пустату заліў эпаксіднай смалой – і атрымалася два возеры, з якіх выцякае рачулка.
А яшчэ паставіў на ножкі-карані, усё запаліраваў. І вось ён – эксклюзіў з такой багатай тэкстурай, які не купіш ні за якія грошы.
Аднак гэта пакуль толькі захапленні, якія ён не думае паставіць на паток. А вось пробную партыю пліткі адліў не толькі для ўласных патрэб, а з прыцэлам зрабіць бізнесам.
Прадпрымальнік робіць першыя крокі, хоць і даволі смела. Бо абраў справу, якая патрабуе пачатковага капіталу. Набыў 450 формаў чатырох відаў, з Наваполацка заказвае спецыяльны прасеяны пясок, цэмент толькі вышэйшай пробы, фарбавальнікі і пластыфікатары. А вось стэлажы і самы галоўны атрыбут – вібра-станок для ўдзешаўлення майстраваў сам, набыўшы неабходныя аксесуары.
Прадукт ужо праверыў уласнымі абцасамі, да таго ж плітка выдатна вытрымала вялікія перапады тэмператур, таму цяпер можа смела прымаць заказы. І як навічок, кошт прапануе на парадак таннейшы, чым у магазіне або канкурэнтаў.
За суткі робіць 5-7 замесаў, у адным 24 пліткі. Працуе павольна (кажа, будуць заказы, тэмп можна і павялічыць), не забываючыся на іншыя свае карысныя захапленні. Ну, напрыклад, халодная коўка з элементамі электразваркі. Са старога станка мужчына змайстраваў агрэгат, які гне метал, патрэбную завітую форму, толькі дробныя фігурныя рэчы куплёныя. І атрымаўся вельмі прыгожы, вытанчаны навес пад полікарбанат над уваходам. Для сябе… Але хто ведае, мабыць, менавіта гэта стане справай яго жыцця. Галоўнае, што паспрабаваць, па словах Леаніда Аляксандравіча, – не праблема. Рэгістрацыя ў якасці прадпрымальніка ці рамесніка займае некалькі гадзін: падача заявы і пастаноўка на ўлік у падатковую інспекцыю. Ну а будзе гэта мікра-бізнес ці кампанія з наёмнымі работнікамі – пакажа час. Усё вялікае пачыналася з малога. А ў пенсіянераў ёсць значны козыр: магчымасць займацца любімай справай і не баяцца прагарэць – падстрахоўка ж ужо зароблена.
Вольга КАРАЛЕНКА.