Суботні вечар з задавальненнем
Канцэртам народнага фальклорнага калектыву “Зарачаначка” Чалюшчавіцкага сельскага Дома народнай творчасці быў адметны суботні вечар для жыхароў Петрыкава на мінулым тыдні. Эстрадную праграму прадставілі самадзейныя артысты на суд гледачоў, якіх у амфітэатры сабралося нямала. Музычныя нумары былі на любы густ – і для самых маладых, і для тых, “каму за”. Амаль дзве гадзіны змяняліся на сцэне вакальныя квартэты, дуэты і сольныя выступленні ў выкананні Людмілы Тарасавай, Тамары Козінец, Тамары Цісавец, Алены Кароткай, Ніны Цітоў, Надзеі Мальцавай, Алы Заяц, Андрэя Тарасава і Таццяны Піскун.
Дырэктар Чалюшчавіцкага Дома творчасці Тамара Піліпенка расказала, што калектыў штогод прыязджае сюды для ўдзелу ў такіх вечарах адпачынку. Заўсёды з эстраднай праграмай. Але ёсць у іх дастаткова вялікі народны рэпертуар. З ім часцей за ўсё “Зарачаначка” выязджае ў сельскія населеныя пункты. Толькі ў апошні час былі з канцэртамі ў Другой Слабодцы і Залессі. Штомесяц даюць канцэрты на мехдвары і фермах на сваім сельгаспрадпрыемстве. Цяпер калектыў рыхтуецца да прастольнага свята аграгарадка – Святых Пятра і Паўла, дзе акрамя канцэрта ўдзельнікам мерапрыемства будзе прапанаваны мясцовы абрад гэтага свята. Самадзейныя артысты будуць радыя вітаць на ім усіх аматараў фальклору.
Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на працягу лета кожную суботу плануецца правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў у гарадскім парку. У тым ліку – канцэртныя праграмы самадзейных артыстаў. 30 чэрвеня музычна-забаўляльную праграму “Вясёлы балаган” прадставіць Бабуніцкі цэнтр культуры і адпачынку. Канцэртную праграму прывязе гледачам Ляскавіцкі ЦКіА 14 ліпеня. 21 ліпеня будуць выступаць самадзейныя артысты Курыціцкага СДК, 28 ліпеня – Пціцкага СДНТ, 4 жніўня – Галубіцкага СДК, 11 жніўня – Навасёлкаўскага СДК, 18 жніўня – Конкавіцкага СДНТ. Заключным канцэртам летняй праграмы стане выступленне калектываў Петрыкаўскага РДК. У чарговасці выступленняў могуць быць змены.
У тым ліку кожны суботні вечар наведвальнікаў гарадскога парку будуць чакаць акцыі, праводзімыя РАНС, БРСМ, ЦРБ і райЦГіЭ. Кінадыскатэкі будзе прапанаваць кінатэатр “Беларусь”, выставы – гісторыка-краязнаўчы музей. З 19 да 21 гадзіны плануецца праца маладзёжнай пляцоўкі. Непаўналетнія, якія знаходзяцца на розных формах уліку, змогуць у гэты час бясплатна наведваць выставы музея і мерапрыемствы кінатэатра.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.