Юбілейны год Аляксандра Доўгача
Аляксандр Фядосьевіч Доўгач – урач-хірург з вялікім вопытам работы. Яго агульны стаж налічвае 37 гадоў. У Чэрвеньскай раённай бальніцы працуе з 1997 года, з 1999 – загадчык хірургічнага аддзялення.
Акрамя абавязкаў загадчыка, якія таксама патрабуюць пэўнага часу, даводзіцца шмат аперыраваць: планавыя аперацыі (на сасудах, страўніку, аператыўнае лячэнне халецысціту, практалагічных захворванняў і іншае), а таксама экстранныя, напэўна, самыя складаныя, таму што ад дакладных і прафесійных дзеянняў урача залежыць жыццё пацыента. Гэта аперацыі пры чэрапна-мазгавых траўмах, траўмах грудной клеткі і жывата, пасля нажавых і агнястрэльных раненняў, анкалогіі. Такі шырокі спектр хірургічнай дапамогі аказваецца далёка не ва ўсіх раённых бальніцах. А гэта вельмі важна, таму што час, за які можна аказаць дапамогу і які быў патрачаны на транспартыроўку хворага ў абласную бальніцу, быў бы ўпушчаны, а чалавеку гэта магло б каштаваць жыцця. За такі працяглы час работы розных аперацый на ліку Аляксандра Фядосьевіча было больш за 20 тысяч.
Добрая падтрымка загадчыку аддзялення яго калектыў –ўрачы-хірургі Анатоль Панцялеевіч Ісачкін, Зіновій Пятровіч Дзянько, Уладзімір Іванавіч Рандзіцкі, малады спецыяліст, хірург Сяргей Андрэевіч Іванюк, а таксама сярэдні і малодшы медыцынскі персанал.
Каб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, Аляксандр Фядосьевіч штодня наведвае спартыўную залу. Летам любіць адпачыць на прыродзе ля вады, пахадзіць на лодцы. Ды і па гаспадарцы шмат чаго ўмее зрабіць, і на падворку. А яшчэ — доктар добра грае на баяне і акардэоне, прычым засвоіў іх самастойна! У студэнцкія гады заўсёды быў душой кампаніі.
Ужо трэці год Аляксандр Фядосьевіч – дзядуля. У ЗША падрастае ўнучка Аксіння-Фей (Аксіння – прабабуля беларуская, Фей – амерыканская). Дачка Аляксандра Фядосьевіча мае тры вышэйшыя адукацыі: скончыла Беларускі ўніверсітэт, факультэт міжнародных адносін, завочна Маскоўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці фізічнае выхаванне, а ў ЗША – спачатку медыцынскі каледж, а потым і ўніверсітэт. Муж яе дыетолаг, абодва захапляюцца спортам. Дзяўчынку бацькі з першага года жыцця прывучылі да плавання ў басейне. Яны — аматары паўдзельнічаць у розных спаборніцтвах і маленькую дачушку заўсёды бяруць з сабой.
Медыкаў раней у сям’і Доўгачаў не было. Калі перад Аляксандрам пасля заканчэння школы паўстаў выбар – куды пайсці вучыцца далей, на дапамогу прыйшоў бацька. Ён параіў стаць доктарам. Сын паслухаў яго і ніводнага разу не пашкадаваў.
— Самае вялікае задавальненне ад работы адчуваеш тады, — гаворыць доктар, — калі бачыш у вачах пацыента, які яшчэ і слова вымавіць не можа пасля аперацыі, — шчырую ўдзячнасць…
Неўзабаве Аляксандр Фядосьевіч адзначыць 60-гадовы юбілей. Пажадаем яму яшчэ доўгага шляху ў прафесіі…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара