Больница начинается…с приёмного покоя! Как справляются со своими многочисленными обязанности работники этой службы – в нашем материале
Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так бальніца – з прыёмнага пакоя. Гэта важнейшае падраздзяленне, і ад таго, наколькі правільна арганізавана яго работа, залежаць поспех наступнага лячэння, а часам і чалавечае жыццё…
Адсюль пачынаецца шпіталізацыя ў стацыянар. Перш чым адправіцца ў рэйс, праходзяць медагляд вадзіцелі практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Дастаткова частыя тутэйшыя “наведвальнікі” – нецвярозыя парушальнікі, якіх дастаўляюць на медыцынскі агляд праваахоўнікі. Сюды карэта хуткай дапамогі прывозіць хворых і пацярпелых у выніку розных надзвычайных здарэнняў. І калі ў экстранных выпадках транспарт толькі выязджае на выклік, у прыёмным пакоі ўжо выклікаюцца неабходныя спецыялісты, санавіяцыя, рыхтуюцца кабінеты для правядзення рознага віду даследаванняў, рэанімацыя. Зрэшты, транспарціроўкай “цяжкіх” і пажылых пацыентаў па бальніцы ў большасці сваёй ажыццяўляюць самі работніцы прыёмнага пакоя. На шчасце, зараз ва ўстанове аховы здароўя ёсць ліфт, раней жа даводзілася на насілках несці хворых на другі ці трэці паверхі.
– Мы і самі не ведаем, адкуль браліся сілы, – кажуць жанчыны. – Але ж калі час ідзе на хвіліны, думаеш толькі пра тое, як выратаваць чалавека.
У начны і вячэрні час выкананне многіх працэдур бяруць на сябе медсёстры ўзгаданага падраздзялення. Па назначэнні дзяжурнага ўрача яны і кардыяграму пацыенту зробяць, і забор крыві правядуць, і гіпс накладуць. Гэта ў сваім родзе ўніверсальныя спецыялісты, якім даводзіцца сутыкацца з “балячкамі” самага рознага профілю.
– Наш калектыў невялікі, усяго восем чалавек, – расказвае Н.М.Станкевіч, медыцынская сястра, што ў прыёмным пакоі выконвае абавязкі старшай. – Стаж работнікаў – ад года і за дваццаць пяць. У змену, што доўжыцца суткі, дзяжураць двое: медсястра і санітарка. За гэты час да нас трапляе да 30 хворых і каля паўсотні вадзіцеляў.
Праз іх праходзяць таксама ўсе аналізы, якія накіроўваюцца ў Віцебск для даследавання. Яны прымаюць званкі па “хуткай дапамозе”, а калі абедзве брыгады знаходзяцца на выкліку, каардынуюць іх рух. Скажам, паступае тэлефанаванне з Ільюшына – работнікі прыёмнага пакою бачаць па журнале, што “хуткая” паехала ў суседнія Жары, звязваюцца са спецыялістамі, накіроўваюць іх потым адразу ў аграгарадок. Такая схема дазваляе значна эканоміць час на пераездах, а значыць больш аператыўна дапамагчы людзям.
Тут не абысціся без камунікабельнасці, псіхалагічнай устойлівасці, цярплівасці. Шмат чаго чуюць у свой адрас медыцынскія сёстры і малодшы медперсанал: кампліменты, папрокі, удзячнасці, пагрозы, нават прапановы рукі і сэрца. Добрыя словы саграваюць, да грубасці ж навучыліся адносіцца спакойна.
– Да кожнага пацыента стараемся знайсці свой падыход, – заўважае Наталля Міхайлаўна. – З адным варта пажартаваць, з іншым – трымацца сур’ёзна. Галоўнае – любіць сваю справу і ў любой сітуацыі дзейнічаць хутка, зладжана.
Са словамі Н.М.Станкевіч пагаджаюцца яе калегі – медсёстры Ала Віктараўна Шахноўская, Таццяна Генадзьеўна Тарасевіч, Таццяна Дзям’янаўна Амбрасёнак і малодшы медперсанал Таццяна Мікалаеўна Аўсіевіч, Марына Ісакаўна Сісковіч, Ірына Васільеўна Лёля і Ларыса Пятроўна Казлова. Ім камфортна працаваць поруч. У калектыве адчуваецца пазітыўная сяброўская атмасфера. Гатовы падставіць адна адной плячо і на працы, і ў вырашэнні іншых праблем. Словам, у любых умовах застаюцца дружнай камандай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Н.Станкевіч, А.Шахноўская.