Шмат маляўнічых куточкаў на карэліцкай зямлі. Для тых, хто нарадзіўся і вырас тут, — гэта блізкія сэрцу мясціны. Успаміны хваляююць па-асабліваму, і да іх чалавек вяртаецца зноў і зноў. Каб сэрцам дакрануцца да роднага і блізкага — наталіцца водарам свежага паветра, палюбавацца блакітам неба, адчуць на сабе промні яркага сонейка, прыязджаем на маленькую радзіму.
Невыпадкова ў адзін з чэрвеньскіх дзён на Карэліччыну завітаў наш славуты зямляк — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшыня прыёмнай камісіі ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч. Прыехаў разам з вядомымі і маладымі літаратарамі, каб не толькі сустрэцца з кравідамі роднага краю, раздзяліць гэту радасць з сябрамі па пяру, а менавіта тут звярнуцца да Яго Вялікасці Слова.
«Малая радзіма пісьменніка» — тэма семінара, які праводзіўся ў этнавёсцы Белыя Лугі Карэліцкага раёна. «Маці калісьці спявала песню і прала кужаль. Каб не парваць матчыну песню і адчуваць повязь часу, прывёз вас сюды», — сказаў напачатку творчай сустрэчы яе кіраўнік. І сапраўды: творцы знаёміліся з прадметамі беларускага побыту далёкіх часоў, адчувалі атмасферу і подых вёскі. Яны наталяліся навакольнымі краявідамі — дыхалі на поўныя грудзі і адпачывалі ад гарадской мітусні.
Наш славуты зямляк, дацэнт Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Аляксандравіч Навумовіч правёў змястоўную гутарку па тэме этнічнай гісторыі Беларусі —»філаматы» і «філарэты», якая выклікала зацікаўленасць у творцаў.
Бадай, самым захапляльным момантам правядзення творчага семінара стаў паэтычны турнір маладых літаратраў. Паэты чыталі вершы і расказвалі пра сябе — і слухаць іх хацелася. За кожным вершам і кожным радком — душа аўтара, яго эмоцыі і перажыванні. І, вядома, жыццё, у кожнага сваё. Як і слова, якое ўскалыхвала па-свойму. Хочацца спадзявацца, што іх творы ўбачаць свет і прыйдуцца даспадобы чытачам.
Слова трымала таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жахарка г. п. Карэлічы Святлана Андрэеўна Кошур. Наша зямлячка павітала творцаў на карэліцкай зямлі, якая апета пісьменнікамі і паэтамі, і пазнаёміла з адной са сваіх кніг «Залатая падкова Свіцязі». «Каб творчы ўзлёт не прытупляўся, а ўздымаўся да вяршынь неба», — пажадала яна гасцям.
Хочацца спадзявацца, што маладыя і вядомыя літаратары не толькі змаглі наталіцца краявідамі карэліцкай зямлі, але атрымалі шмат карыснага ў пазнавальным плане, многія адкрылі для сябе новую тэму. Нездарма Карэліччына з’яўляецца маленькая радзімай для многіх славутых творцаў: Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Вольгі Іпатавай, Міколы Бусько, Анатолія Смалянкі і іншых. Верыцца, гэты залаты спіс будзе прадоўжаны…
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Аксаны ЯНУШ.