Словам, поглядам, усмешкай
Лечыць сваіх пацыентаў урач агульнай практыкі амбулаторыі №2, размешчанай у мікрараёне шостага гарадка, Даната Валяр’янаўна Крыштафовіч
Калі сказала сваім маладым калегам, што галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Чакавы парэкамендаваў напісаць пра гэтага ўрача і я збіраюся ехаць да яе, адразу ж пасыпаліся водгукі: «Цудоўны доктар!», «Сын ужо вырас, а мы ўсё яшчэ звяртаемся да Валяр’янаўны па кансультацыі», «Дачушка пачынае плакаць, як толькі ўбачыць белы халат, але калі на выклік прыходзіць Крыштафовіч, то яна нібыта заварожвае малую».
Пацыентаў ва ўзросце да 18 гадоў на ўчастку ажно 900, з іх 60 — да года. Уяўляеце, які вялікі аб’ём работы? А быў жа перыяд, калі Даната Валяр’янаўна абслугоўвала яшчэ і мікрараён пятага гарадка.
— Канечне, стамлялася, — прызнаецца. — Але калі бачыш, як дзеткі папраўляюцца, наколькі ўдзячныя іх мамы і таты, то стомленасць адступае. У малых такая станоўчая энергетыка! Іх вочкі, усмешкі, лепятанне даюць сілы. Люблю і падлеткаў, з імі цікава размаўляць, нават свае сакрэты мне адкрываюць.
А ўсё таму, што сама Валяр’янаўна — добры, шчыры, адкрыты чалавек. «Калі робіш людзям дабро, то яно да цябе і вяртаецца, — перакананая доктар. — Я шчаслівая, што магу быць карыснай людзям».
У медыцыне яна ўжо 30 гадоў. Пасля заканчэння Мінскага медінстытута і інтэрнатуры дзесяць гадоў працавала ў Варапаеўскай раённай бальніцы, потым — у дзіцячай кансультацыі паліклінікі і ўжо чатырнаццаць (з дня яе адкрыцця) — у амбулаторыі №2 (раней яна называлася офісам урача агульнай практыкі). З настальгіяй узгадвае гады працы ў Варапаеве, да гэтага часу ўдзячная за настаўніцтва Але Жагула. Адзначае, што зараз камфортна працаваць поплеч з урачом Таццянай Васюковіч, медсёстрамі Марынай Кішко і Людмілай Пахоменка, што галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы надае шмат увагі стварэнню належных умоў для медыкаў і пацыентаў.
Даната Валяр’янаўна шчаслівая не толькі ў прафесіі, але і ў сям’і. «У мяне вельмі надзейны тыл, — гаварыла. — Клапатлівы, гаспадарлівы муж, цудоўныя сыны. Старэйшы, Сяргей, узначальвае калектыў філіяла «Аўтапрадпрыемства №17 г. Паставы», месяц назад ажаніўся, і я вельмі люблю сваю нявестку. Дзіма закончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, на гэтым тыдні абараняе дыплом. Нашы сыны сур’ёзна ставяцца да жыцця, умеюць усё рабіць у доме, і гэта радуе. Разам з намі жыве мая мама, якой ужо 86, мы ўсе вельмі даражым ёй».
Жанчына-сонейка — склалася ў мяне ўражанне пасля сустрэчы з Данатай Валяр’янаўнай. Яна сагравае дабром не толькі родных, але і сваіх маленькіх і большанькіх пацыентаў, калег і проста знаёмых. А гэта так важна ў прафесіі медыка.
Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава