На Камянеччыне аднагадовая дзяўчынка выпіла атруту супраць каларадскіх жукоў

Фота: БЕЛТА
У Камянецкім раёне Брэстчыны ў лякарню за атручэннем трапіла аднагадовае дзіця. Падрабязнасці інцыдэнту агенцтву БЕЛТА паведаміў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк.
Няшчасны выпадак здарыўся ў аграгарадку Пелішча 13 чэрвеня каля 16.20. Аднагадовая дзяўчынка зайшла ў гаспадарчую пабудову, узяла з тумбачкі пластыкавую бутэльку і выпіла з яе. У тары была вадкасць, якую бацька выкарыстоўваў супраць каларадскіх жукоў.
Дзіця шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне лякарні з дыягназам "атручэнне". Падчас здарэння дзяўчынка была пад наглядам бабулі.
Паведамляецца, што сям'я дзяўчынкі характарызуецца пазітыўна. У сям'і ёсць яшчэ пяць дзяцей.
Камянецкі райаддзел Следчага камітэта праводзіць праверку. Склад рэчыва, выпітага дзіцем, вызначыць хімічная экспертыза.