З футболам — праз усё жыццё

Источник материала:  
14.06.2018 — Разное

Ён не вельмі любіць узгадваць сваё пасляваеннае дзяцінства. Дзяцінства, у якім не было падарункаў на Новы год і дзень нараджэння, а добрае мяса ці каўбаса на стале ўспрымаліся як сапраўднае свята.
Але менавіта тады выхаванец другога чэрвеньскага дзіцячага дома Анатоль Усенка, як і многія яго равеснікі, захварэў футболам. І захаваў вернасць яму на ўсё жыццё.
За шэсць дзесяцігоддзяў, якія прайшлі з часу першых заняткаў у трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ Леаніда Міхайлавіча Корзуна, Анатоль Іванавіч шмат чаго дасягнуў. За яго плячыма – інстытут фізічнай культуры ў Мінску і Вышэйшая школа трэнераў у Маскве, трэнерская праца ў камандах “Беларусь” (Мар’іна Горка), “Палессе” (Мазыр), “Хімік” (Светлагорск), “Змена” (Мінск). Пры яго непасрэдным удзеле адбыўся трыумф мінскага “Дынама” ў чэмпіянаце СССР, мазырскай “Славіі” – у чэмпіянаце і Кубку Рэспублікі Беларусь. Міні-футбольная зборная нашай краіны сярод інвалідаў па зроку, якую ён трэніраваў, пяць разоў выйгравала чэмпіянаты свету, чатыры разы “брала” золата чэмпіянату Еўропы, і яшчэ па аднаму разу – серабро і бронзу гэтых спаборніцтваў.
Анатоль Усенка – Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, кавалер Ордэна Пашаны, уладальнік тэлевізійнай узнагароды “Гонар нацыі”, Ганаровы грамадзянін Чэрвеньскага раёна.
Шаноўны ветэран беларускага футбола адзначае свой 70-гадовы юбілей. Віншуем!

З футболам — праз усё жыццё

З Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам падчас уручэння ордэна Пашаны

– Анатоль Іванавіч, Вы – на парозе сямідзесяцігадовага юбілею. Якія пачуцці гэта выклікае?
– Дакладна магу сказаць, што на семдзесят гадоў сябе не адчуваю. Яшчэ ёсць жаданне і энергія працаваць, прыносіць карысць грамадству. Хаця, канешне, жыццёвы шлях не быў няпростым, асабліва ў яго пачатку. Выхаванне ў дзіцячым доме наклала адбітак на характар. Там нас вучылі працаваць, але не вучылі любіць людзей. Гэтаму давялося вучыцца пазней, ужо самастойна. Хаця цалкам адагрэцца, на жаль, не ўдалося. І мая панурасць, падчас жорсткасць – гэта адтуль, з цяжкага дзяцінства.

З футболам — праз усё жыццё

– Можаце вылучыць самую адметную падзею ў жыцці?
– Такіх падзей было шмат, і дзяліць іх па важнасці складана… Паехаў пасля дзіцячага дома вучыцца і гуляць у футбол у Мазыр – падзея. Ажаніўся – падзея. Нарадзіліся дзеці – падзея. Спрычыніўся да перамогі мінскага “Дынама” у чэмпіянаце СССР, здолеў зрабіць зборную краіны сярод інвалідаў па зроку шматразовым чэмпіёнам свету і Еўропы па міні-футболу, стаў Заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь, атрымаў ордэн з рук кіраўніка дзяржавы – усё гэта незабыўныя падзеі. А міні-футбольны турнір ў Чэрвені з удзелам мясцовых школьнікаў і каманд з Пухавіцкага раёна, у якім апантана змагаліся за перамогу вясковыя дзеці з Раванічаў? Гэта таксама адметная падзея!

– Вы ўзгадалі пра турнір… Сапраўды, на Чэрвеньшчыне Анатоль Усенка добра вядомы, як арганізатар шматлікіх масавых мерапрыемстваў, якія спрыяюць папулярызацыі футбола, і як трэнер, які шмат чаго дасягнуў. А вось ваша асабістае жыццё застаецца ў цені. Распавядзіце, калі ласка, пра сям’ю.
– Безумоўна, без падтрымкі сям’і столькі ўсяго зрабіць я наўрад ці не здолеў бы. Мая жонка, Валянціна Уладзіміраўна, усё жыццё адпрацавала ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Сёлета споўніцца сорак пяць гадоў, як мы разам. У нас дзве дачкі – Наталля і Анастасія, два ўнукі і ўнучка. Кірылу шаснаццаць гадоў, ён гуляе па свайму ўзросту за футбольны клуб “Мінск”. Сямнаццацігадовы Раман – фанат футбола. Мабыць, яшчэ большы чым я быў у дзяцінстве. Ён – апантаны прыхільнік мінскага “Дынама”. Дванаццацігадовая ўнучка Лідзія займаецца танцамі, спявае.
Я вельмі ўдзячны жонцы за тое, што яна ўзяла на сябе выхаванне дзяцей, усе клопаты па хатняй гаспадарцы. Бо ў мяне на гэта практычна не было часу: вучоба, гульні, трэніроўкі… І ўсё гэта пры невялікіх заробках… Можна сказаць, што Валянціна дзеля мяне ахвяравала сабой, бо як таленавітая настаўніца магла зрабіць сабе кар’еру.

З футболам — праз усё жыццё

З галоўным трэнерам мінскага “Дынама” Эдуардам Малафеевым і начальнікам каманды Леанідам Гараем

– Чым займаецеся сёння?
– Тым, чым і ўсё жыццё – футболам. Трэнірую каманду інвалідаў па слыху і зроку пры футбольным клубе “Мінск”. У ёй гуляюць тыя, хто марыў пра гэта ўсё жыццё, але з-за фізічных асаблівасцяў іх ніхто нікуды не браў.
Мне часта задаюць пытанне: навошта табе ўсё гэта трэба? А я сам не ведаю як на гэтае пытанне адказаць. Я не магу ўсё узяць і кінуць. Гэта, як наркотык. Калі два дні не сустракаюся з хлопцамі і не рухаюся, мне становіцца не па сабе. А больш за ўсё цешыць, калі бачу як яны шчаслівымі прыходзяць на трэніроўкі і шчаслівымі сыходзяць.
Дарэчы, арганізаваць гэтую каманду было не так проста. Трэба было знайсці базу для трэніровак. Але я заўсёды трымаю ў думках выказванне Эдуарда Васільевіча Малафеева: “Галоўнае – узяцца за ручку, а дзверы мы адчынім”. Доўгі час ніхто не адчыняў. Аднак я не той чалавек, каб адразу здацца. Урэшце, знайшліся шчырыя, сумленныя людзі, якія нас прытулілі на дабрачыннай аснове. І мы ўсёй камандай удзячныя за падтрымку генеральнаму дырэктару ФК “Мінск” Ігару Міхайлавічу Шлойду, а таксама начальніку ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Сяргею Фурманаву.

З футболам — праз усё жыццё

З нацыянальнай зборнай Беларусі сярод інвалідаў па зроку; з юнымі футбалістамі пасля майстар-класу бразільскіх ігракоў міні-футбольнага клуба “Сталіца” ў спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР

–Вашы жыццёвыя набыткі ўражваюць. А пра што яшчэ марыце?
– Шмат пра што! Напрыклад, вельмі хацеў бы, каб два родныя для мяне гарады – Чэрвень і Мар’іна Горка – цесна сябравалі ў спорце, ладзілі шмат сумесных спаборніцтваў. Я хачу, каб у нашых гарадах было як мага больш энтузіястаў спорту, і каб яны мелі падтрымку ад мясцовай улады ў сваіх памкненнях і пачынаннях.
Хачу, каб Чэрвень, нарэшце, займеў годны яго футбольным традыцыям стадыён, і каб на гэты стадыён прыходзіла шмат людзей.
Яшчэ адна даўняя мая мара – стварыць на стадыёне ў Чэрвені “Алею спорту”, дзе былі б прадстаўлены партрэты і біяграфіі выбітных спартсменаў-чэрвеньцаў. І, каб на іх прыкладзе выхоўвалася моладзь. Вялікіх матэрыяльных выдаткаў на гэта не патрабуецца. А карысць, паверце, будзе відвочнай.

– Анатоль Іванавіч, у Вас ёсць жыццёвы дэвіз?
– Ёсць. Гэта словы з вядомай песні: “Когда ты счастлив сам, счастьем поделись с другим”.

– Цудоўна! Шчасця і Вам у жыцці яшчэ на доўгія гады пасля юбілею!
– Дзякуй!

Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара і асабістага архіву Анатоля Усенкі.

На здымках: з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам падчас уручэння ордэна Пашаны; З галоўным трэнерам мінскага “Дынама” Эдуардам Малафеевым і начальнікам каманды Леанідам Гараем; З нацыянальнай зборнай Беларусі сярод інвалідаў па зроку; з юнымі футбалістамі пасля майстар-класу бразільскіх ігракоў міні-футбольнага клуба “Сталіца” ў спартыўным комплексе “Ігумен” Чэрвеньскай СДЮШАР.

←Гуцериев-младший и искусственный интеллект: как сын миллиардера хочет вернуть интерес детей к книгам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика