Захапленне прынесла перамогу
Падведзены вынікі раённага фотаконкурсу Хойніцкага раённага аб'яднання прафсаюзаў «Малая радзіма вачыма дзяцей», прымеркаванага да Года малой радзімы.
Мэтай конкурсу было паказаць у фотаработах яркія моманты і падзеі з жыцця дзяцей, любімыя куткі Хойнікшчыны, дарагіх сэрцу людзей. У конкурсе прынялі ўдзел дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў.
Пераможцам творчага спаборніцтва стаў вучань Казялужскай СШ Уладзімір Супраноўскі. Юнак актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы, займаецца спортам. На базе навучальнай установы, у якой вучыцца пераможца, абсталявана фотастудыя і дзейнічае аб'яднанне па інтарэсах «Азы фатаграфіі», якое і наведвае Уладзімір. На занятках рабяты вучацца працаваць са святлом, ракурсам, экспазіцыяй, ствараюць цікавыя фотаработы, годныя да ўдзелу і перамогі ў конкурсе.
У Дзень абароны дзяцей старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Наталля Малаш наведала Казялужскую школу. Яна падзякавала адміністрацыі школы за стварэнне ўмоў для рэалізацыі творчага патэнцыялу вучняў, уручыла дыплом і каштоўны падарунак пераможцу раённага фотаконкурсу.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.