Летнімі днямі
ДЗЕЛЯ ПРЫГАЖОСЦІ САБОРА
Агульная святыня ўсіх стаўбчан – сабор Праведнай Ганны – заўсёды чакае нашай працы і ўвагі. Асабліва каштоўныя яны, калі ідуць ад моладзі.
Летась прыхаджанамі былі высаджаны вакол сабора туі. Дрэўцаў шмат, яны падрастаюць, але з-за таго, што знаходзяцца на схіле, іх амаль немагчыма паліваць. Валанцёры БРСМ, удзельнікі акцыі «Аднаўленне святыняў Міншчыны», узяліся абкапаць пасадкі, прыбраць вакол дрэўцаў дзірван і, зразумела, ажыццявіць іх паліў у сухое чэрвеньскае надвор’е.
Рабілі дружна, з прыўзнятым настроем. Разам з вучнямі СШ № 3 г. Стоўбцы Даніілам Казаком і Дзмітрыем Янушкевічам працавалі малады спецыяліст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Паліна Чапская, супрацоўнікі раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская і Марына Сапега.
Да акцыі БРСМ далучыўся і настаяцель сабора, благачынны Аляксандр Марцінчык. Пасля працы ён запрасіў моладзь у памяшканне нядзельнай школы на чаяпіцце.
АБ ПРАВЯДЗЕННІ КОНКУРСУ
Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта аб’яўляе аб правядзенні конкурсу на выкананне дзяржаўнага сацыяльнага заказу, які фінансуецца шляхам прадастаўлення недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям субсідый на аздараўленне і сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю маладых інвалідаў у колькасці 11 чалавек у Стаўбцоўскім раёне ў 2018 годзе.
Паведамленне аб правядзенні конкурсу размешчана на сайце info@stolbtsy.minsk-region.by 7 чэрвеня 2018 года. Прыём конкурсных прапаноў ажыццяўляецца ў запячатаных канвертах на папяровым носьбіце да 6 ліпеня 2018 года па адрасе: 222666, г. Стоўбцы, вуліца Сацыялістычная, 40, кабінет 9.
ВАКАНСІІ ДЛЯ МОЛАДЗІ
1-га чэрвеня пачаў сваю дзейнасць першы ў гэтым сезоне педагагічны атрад на базе аздараўленчага лагера «Нёман».
Акрамя таго, на летні перыяд раённы камітэт БРСМ прапануе маладым людзям і іншыя варыянты працаўладкавання. З’яўленне вакантных месцаў і гатоўнасць прадаставіць іх моладзі пацвердзілі ў цэнтральнай раённай бальніцы, ААТ «Каганец».
– З гарантыяй будуць працаўладкаваны маладыя людзі, якім споўнілася 18, але могуць звяртацца і тыя, каму ёсць 14 і хто жадае ў перыяд канікулаў папрацаваць. Няхай прыходзяць, запаўняюць анкеты, – запрашае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская (тэл. для даведак – 5-16-20, 5-02-14).
БЕЛЫЯ НОЧЫ
У работнікаў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» яшчэ стаяць перад вачыма ўнікальныя піцерскія саборы і захопліваюць дух прагулкі на катары па Няве пад покрывам белых начэй…
Напрыканцы мая, якраз на святую Тройцу, яны (дзве работніцы былі з дзецьмі) здзейснілі трохдзённую экскурсійную паездку ў Санкт-Пецярбург. Частку выдаткаў кампенсаваў прафсаюзны камітэт прадпрыемства.
– Паездка аказалася вельмі інфарматыўнай, насычанай, – падзялілася юрысконсульт, адказная за ідэалагічную работу Вераніка Казацкая. – Акрамя гістарычных славутасцяў, а іх паспелі паглядзець багата, у Санкт-Пецярбургу якраз ладзіўся Дзень горада і праходзіў Эканамічны форум з удзелам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Горад быў велічны і неверагодна гасцінны. Каб адчуць гэта, мы шмат хадзілі пешшу. Не было калі спаць, таму што пачаліся белыя ночы… У гэтай паездцы ўсё без выключэння спрыяла нам: цудоўнае надвор’е, сэрвіс у гасцініцы, арганізацыя харчавання… За камфорт і цікавага экскурсавода ў дарозе вялікі дзякуй Стаўбцоўскаму бюро падарожжаў і экскурсій.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ